«90 пародзістых коней высяляюць на вуліцу». Што адбываецца ў Ратамцы?
На тое, каб знайсці новае месца і вывезці больш за 90 заводскіх жывёл, людзям фактычна далі ўсяго два працоўныя дні. Але месцаў у стайнях Мінскага раёна няма.

У Threads б’юць трывогу і дзеляцца засцярогамі з-за паведамлення прыватным уладальнікам коней з боку «Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі», заўважыла «Салідарнасць».
З апублікаванага ў сетцы ліста вынікае, што ён быў падпісаны кіраўніцтвам Цэнтра ў пятніцу 26 чэрвеня. У ім паведамляецца:
«Інфармуе вас пра тое, што ў адпаведнасці з пунктам 6.8 дагавора аплатнага аказання паслуг па ўтрыманні каня тэрмін яго дзеяння заканчваецца 1 ліпеня 2026 года.
У цяперашні час у Цэнтры назіраецца высокі попыт на паслугі па ўтрыманні коней. Для аптымізацыі кіравання патокам заяўнікаў, павышэння празрыстасці працэсу заключэння дагавораў і паляпшэння якасці абслугоўвання далейшае заключэнне дагавораў будзе ажыццяўляцца па выніках электроннага аўкцыёну (конкурсу).
Дата, час і іншая інфармацыя пра правядзенне аўкцыёну (конкурсу) будуць апублікаваны на афіцыйным сайце Цэнтра — конныйспорт.бел.
У сувязі з выкладзеным просім прыняць неабходныя меры для вызвалення плошчаў да 1 ліпеня 2026 года ў адпаведнасці з умовамі дагавора».
У Threads некалькі карыстальнікаў падзяліліся інфармацыяй, што гаворка ідзе пра стайні ў Ратамцы.
Адна з карыстальніц сцвярджае, што тэрміновае вызваленне стайні закране 96 прыватных коней:
— Такі «маланкавы» пераезд для коней — гэта не проста нязручнасць. Гэта прамая рызыка траўмаў, захворванняў, страты спартыўнай формы і нават пагрозы жыццю. Мы не супраць дыялогу і не адмаўляемся ад абмеркавання новых умоў. Мы просім аднаго: разумных тэрмінаў і рашэнняў, якія не будуць небяспечнымі для жывёл і іх вершнікаў. Конь — не мэбля на складзе.
Другая карыстальніца адзначае:
— У Ратамцы надзвычайнае здарэнне. 90 пародзістых коней высяляюць на вуліцу. Літаральна. Кіраўніцтва Цэнтра ў пятніцу ўвечары выдала паведамленне: вызваліць стайні да 1 ліпеня. На вываз велізарнага пагалоўя людзям пакінулі роўна два працоўныя дні. Коні — не каробкі на складзе, іх нельга проста выставіць за плот…
Мой конь жыве ў Ратамцы дзесяць гадоў. Я не ўяўляю, як ён перажыве пераезд і расстанне са сваім любімым суседам. Я не ўяўляю, як я перажыву яго пераезд. Я жыву і працую ў Ратамцы, я прысвяціла ёй гады свайго жыцця. А цяпер такі выспятак пад зад…
Цяпер на пастой будзе электронны аўкцыён і пастаяльцы будуць выбірацца на конкурснай аснове па прынцыпе «хто больш заплаціць». Гэта пры тым, што аўкцыёны строга абмежаваны законам і могуць праводзіцца толькі на арэнду/продаж дзяржмаёмасці і дзяржзакупкі. У нас жа дагаворы на паслугі па ўтрыманні. Публічныя. Якія не так проста разарваць ці не прадоўжыць, калі пастаялец добрасумленна плаціць і выконвае ўмовы дагавора.
Яшчэ адна карыстальніца падкрэслівае:
— Гэта страшная сітуацыя, бо ісці нам няма куды, месцаў у стайнях Мінскага раёна няма… Горш не прыдумаеш.
На сайце «Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі», які ўваходзіць у структуру міністэрства спорту, указана, што «кошт утрымання прыватнага каня за 1 стойла за суткі — 16,80 рублёў, у тым ліку ПДВ 20%».
У цану ўваходзяць: паслугі брыгадзіра, начных каняводаў, паслугі карыстання адкрытымі спартыўнымі збудаваннямі, зімовым манежам, вываз арганікі, падсцілка і іншыя вытворчыя затраты. Кошт кармоў аплачваецца ўладальнікамі прыватных коней па фактычных затратах.
Каментарыяў кіраўніцтва Цэнтра ў сувязі са скаргамі прыватных уладальнікаў коней на тэрміновы пераезд пакуль няма.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары