З'явіўся поўны тэкст меркаванага амерыканска-іранскага мемарандума аб спыненні вайны ў Іране
У СМІ, перш за ўсё арабамоўныя, трапілі ўцечкі інфармацыі пра змест мемарандума аб спыненні вайны ў Іране. Тэкст пагаднення складаецца з 14‑ці пунктаў, Euronews прыводзіць яго цалкам.

Дакумент, які, як сцвярджаецца, уяўляе сабой тэкст рамкавага пагаднення паміж ЗША і Іранам, што падлягае падпісанню ў Швейцарыі ў пятніцу, і які першапачаткова быў апублікаваны ў арабамоўных СМІ, прыцягнуў у сераду вялікую ўвагу, нягледзячы на тое што пакуль не быў афіцыйна пацверджаны ні Вашынгтонам, ні Тэгеранам.
Праект з 14‑ці пунктаў, які распаўсюджваўся на сустрэчах G7 у Францыі і прадугледжвае, што Тэгеран абавязваецца не ствараць ядзерную зброю, а Вашынгтон абяцае выдзеліць 300 мільярдаў даляраў на аднаўленне Ірана, таксама наўрад ці стане канчатковай версіяй, якая будзе аформлена на цырымоніі ў Швейцарыі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, мяркуючы па ўсім, быў раздражнёны ўцечкамі і на палях саміту заявіў журналістам, што «ніхто не ведае, што гэта (здзелка) такое, але яна будзе вельмі моцнай». Ён таксама папярэдзіў, што калі Іран не будзе выконваць умовы, ЗША «вернуцца да бамбаванняў».
Ніжэй прыводзіцца поўны тэкст праекта пагаднення.
Тэкст праекта пагаднення
- Ісламская Рэспубліка Іран і Злучаныя Штаты Амерыкі разам са сваімі саюзнікамі ў цяперашняй вайне пры падпісанні гэтага Мемарандума аб узаемаразуменні абвяшчаюць пра неадкладнае і пастаяннае спыненне вайны на ўсіх франтах, уключаючы Ліван, і бяруць на сябе абавязацельства надалей не рабіць у дачыненні адзін да аднаго ніякіх варожых дзеянняў, а таксама ўстрымлівацца ад пагрозы сілай або прымянення сілы адзін супраць аднаго. Канчатковае пагадненне пацвердзіць палажэнні гэтага артыкула і астатніх артыкулаў.
- Ісламская Рэспубліка Іран і Злучаныя Штаты абавязваюцца паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць адзін аднаго і ўстрымлівацца ад умяшання ва ўнутраныя справы адзін аднаго.
- Ісламская Рэспубліка Іран і Злучаныя Штаты абавязваюцца весці перамовы і дасягнуць канчатковага пагаднення на працягу максімальнага тэрміну ў 60 дзён. Гэты тэрмін можа быць падоўжаны па ўзаемнай згодзе бакоў.
- Неадкладна пасля падпісання гэтага Мемарандума аб узаемаразуменні Злучаныя Штаты здымуць марскую блакаду і не дапусцяць ніякіх умяшанняў або перашкод, накіраваных супраць Ісламскай Рэспублікі Іран, а таксама ў максімальна магчымы тэрмін 30 дзён цалкам адновяць судаходства. Рух суднаў павінен быць прапарцыйны аб'ёму марскога трафіку Ісламскай Рэспублікі Іран да пачатку вайны. Злучаныя Штаты таксама бяруць на сябе абавязацельства вывесці свае сілы з прылеглых раёнаў на працягу 30 дзён пасля заключэння канчатковага пагаднення.
- Пасля падпісання гэтага Мемарандума аб узаемаразуменні Ісламская Рэспубліка Іран неадкладна прыме меры для забеспячэння аднаўлення на працягу 30 дзён руху гандлёвых суднаў з Персідскага заліва ў Аманскі заліў і назад у аб'ёмах, якія існавалі да вайны, з улікам неабходнасці ліквідацыі тэхнічных перашкод і абясшкоджвання мін, чым зоймецца Іран.
- Злучаныя Штаты сумесна са сваімі рэгіянальнымі партнёрамі абавязваюцца распрацаваць узгоднены абодвума бакамі комплексны план аднаўлення і эканамічнага развіцця Ісламской Рэспублікі Іран, які прадугледжвае фінансаванне ў памеры не менш за 300 мільярдаў даляраў. Механізм рэалізацыі гэтага плана як часткі канчатковаго пагаднення будзе выпрацаваны на працягу 60 дзён.
- Злучаныя Штаты абавязваюцца ў адпаведнасці з графікам, які будзе ўзгоднены ў межах канчатковага пагаднення, спыніць усе віды санкцый, што дзейнічаюць у дачыненні да Ісламскай Рэспублікі Іран, уключаючы рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН і Рады кіраўнікоў Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), а таксама ўсе аднабаковыя санкцыі ЗША, як першасныя, так і другасныя.
- Ісламская Рэспубліка Іран пацвярджае, што ніколі не будзе вытворцам ядзернай зброі. Ісламская Рэспубліка Іран і Злучаныя Штаты дамовіліся пра тое, што пытанне аб узбагачаным матэрыяле, а таксама ўсе іншыя ўзаемна ўзгодненыя пытанні, звязаныя з ядзернай дзейнасцю, уключаючы ядзерныя патрэбы Ірана, будуць належным чынам урэгуляваныя ў канчатковым пагадненні; канчатковае пагадненне замацуе палажэнні гэтага артыкула.
- Ісламская Рэспубліка Іран і Злучаныя Штаты пагадзіліся, што да заключэння канчатковага пагаднення будзе захоўвацца статус-кво: Іран захоўвае бягучыя параметры сваёй ядзернай праграмы, а Злучаныя Штаты не будуць уводзіць супраць Ірана новыя санкцыі і ўзмацняць сваю вайсковую прысутнасць у рэгіёне.
- Злучаныя Штаты бяруць на сябе абавязацельства, што адразу пасля падпісання гэтага Мемарандума аб узаемаразуменні і да даты адмены санкцый Міністэрства фінансаў ЗША будзе выдаваць дазволы (waivers) на экспарт іранскай нафты, нафтахімічнай прадукцыі і яе вытворных, а таксама на ўсе спадарожныя паслугі, уключаючы банкаўскія, страхавыя, транспартныя і таму падобныя.
- Злучаныя Штаты абавязваюцца, што па меры прасоўвання перамоў да заключэння канчатковага пагаднення, замарожаныя або абмежаваныя ў абароце сродкі і актывы Ісламскай Рэспублікі Іран будуць разблакаваныя і цалкам даступныя. Гэтыя сродкі, незалежна ад таго, знаходзяцца яны на асноўным рахунку ці пераведзеныя на іншыя рахункі, могуць выкарыстоўвацца для любых канчатковых выплатаў бенефіцыярам, вызначаных Цэнтральным банкам Ісламскай Рэспублікі Іран, і будуць цалкам даступныя для выкарыстання. Злучаныя Штаты абавязваюцца выдаваць для гэтага ўсе неабходныя дазволы і ліцэнзіі.
- Ісламская Рэспубліка Іран і Злучаныя Штаты дамовіліся пра стварэнне механізма рэалізацыі, закліканага забяспечыць паспяховае выкананне Канчатковага пагаднення і захаванне абавязацельстваў па ім у будучыні.
- Пасля падпісання гэтага Мемарандума аб узаемаразуменні і атрымання гарантый пачатку выканання артыкулаў 4, 5, 10 і 11 гэтага Мемарандума, а таксама працягу рэалізацыі прадугледжаных імі мер, Ісламская Рэспубліка Іран і Злучаныя Штаты пачнуць перамовы па Канчатковым пагадненні выключна ў частцы астатніх артыкулаў.
- Канчатковае пагадненне будзе зацверджана рэзалюцыяй Рады Бяспекі ААН, абавязковай да выканання.
Трамп заявіў пра падпісанне папярэдняга пагаднення з Іранам
«Караблі ўсяго свету, запускайце свае рухавікі. Няхай нафта цячэ!». Трамп заявіў, што ЗША і Іран заключылі ўгоду
Трамп: Армузскі праліў будзе цалкам адкрыты ў бліжэйшыя адзін-два дні
Якая будзе дамова ЗША з Іранам, пакуль няясна, але беларусам пляваць на дэталі. Важна, каб яна была
Каментары
Затое ў дурасці і некампетэнтнасці з'явілася імя.