Дарадца Ціханоўскай паабяцаў дзейнічаць загадзя ў выпадку забароны расіянам турыстычных віз у ЕС
Дыскусія пра тое, ці варта цалкам закрыць Еўропу для грамадзян Расіі, зноў набірае абароты. Прадстаўнікі нямецкага Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) на чале з канцлерам Германіі Фрыдрыхам Мерцам выступілі за поўную забарону турыстычных віз для грамадзян Расіі. Адначасова група з адзінаццаці еўрапейскіх краін заклікала Брусель зрабіць агульнаеўрапейскія правілы выдачы шэнгенскіх віз яшчэ больш строгімі.

У беларусаў узнікае пытанне, якое ўжо неаднаразова гучала пасля пачатку поўнамаштабнай вайны: ці не могуць новыя меры рана ці позна закрануць і нас?
Еўропа рыхтуе новы этап абмежаванняў
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны Еўрасаюз ужо значна ўскладніў атрыманне шэнгенскіх віз для расіян. У 2022 годзе было цалкам прыпынена дзеянне пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж ЕС і Расіяй. Гэта зрабіла працэдуру доўгай, дарагой і складанейшай.
У лістападзе 2025 года Еўракамісія пайшла яшчэ далей: расіяне фактычна страцілі магчымасць атрымліваць шматразовыя шэнгенскія візы. Цяпер у большасці выпадкаў ім трэба падавацца на новую візу перад кожнай паездкай.
У пачатку чэрвеня Швецыя, Літва, Латвія, Эстонія, Польшча, Данія, Фінляндыя, Чэхія, Нідэрланды, а таксама Ісландыя і Нарвегія выступілі за новыя абмежаванні для расійскіх турыстаў. Іх аргумент — пытанні бяспекі і неабходнасць пазбавіць расіян магчымасці спакойна ездзіць у Еўропу, пакуль працягваецца вайна ва Украіне.
У Бруселі ўжо пацвердзілі, што рыхтуюць новыя прапановы па ўзмацненні візавага рэжыму для грамадзян Расіі. Праўда, пакуль гаворка ідзе пра мэтавыя абмежаванні, а не пра поўную забарону.
Ці могуць пад удар трапіць беларусы?
Пакуль што ніякіх рашэнняў адносна грамадзян Беларусі няма.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі адзначыў у каментары «Нашай Ніве», што апошнія гады Еўрасаюз паслядоўна прытрымліваецца прынцыпу аддзялення беларускага народа ад рэжыму Лукашэнкі і беларусаў ад расіян.

«Гэта адзін з найважнейшых вынікаў працы дэмакратычных сіл пасля лютага 2022 года — нам удалося данесці да еўрапейскіх партнёраў, што Беларусь і беларусы не роўныя рэжыму, які служыць Крамлю і ўцягвае нашу краіну ў чужую вайну», — адзначае ён.
Разам з тым Дзяніс Кучынскі прызнае: паводзіны беларускага рэжыму робяць такія дыскусіі ўсё больш складанымі.
«Падтрымка расійскай агрэсіі, гібрыдныя атакі супраць суседзяў, выкарыстанне міграцыі як зброі, засыланне агентаў у краіны ЕС і стварэнне пагроз для нацыянальнай бяспекі працягваюць ствараць дадатковыя рызыкі. Таму пытанне захавання асобнага падыходу да беларусаў патрабуе пастаяннай увагі і працы з нашымі еўрапейскімі партнёрамі», — кажа дарадца Ціханоўскай.
Паводле яго слоў, цяпер няма ніякіх рашэнняў аб распаўсюджванні магчымых новых абмежаванняў для расіян на грамадзян Беларусі.
«Мы будзем і надалей настойваць, што беларусаў нельга караць за дзеянні нелегітымнага рэжыму. Наадварот, магчымасць выязджаць у Еўропу, атрымліваць адукацыю, падтрымліваць сувязі з дэмакратычным светам — гэта інвестыцыя ў будучыню свабоднай Беларусі», — падкрэсліў Дзяніс Кучынскі.
Для многіх беларусаў шэнгенская віза дае магчымасць вучыцца, працаваць, падтрымліваць сувязь з роднымі, удзельнічаць у міжнародных праектах, атрымліваць абарону ад пераследу або проста не апынуцца адрэзанымі ад Еўропы. Таму любая новая дыскусія пра візавыя абмежаванні выклікае трывогу.
Дзяніс Кучынскі кажа, што ўжо ў найбліжэйшы час плануе абмеркаваць гэтае пытанне з нямецкімі палітыкамі: «Я буду мець кансультацыі з нямецкімі калегамі і абавязкова ўздыму гэтае пытанне ў сваіх размовах, у тым ліку з камандай канцлера і партыяй ХДС. Важна, каб Германія і надалей захоўвала адкрытасць для беларусаў».
Дарэчы, Германія застаецца адной з найважнейшых краін Шэнгенскай зоны для беларусаў. Паводле дадзеных нямецкай амбасады ў Мінску, у 2025 годзе беларусам было выдадзена каля 42 тысяч шэнгенскіх віз, што робіць Германію адным з галоўных візавых кірункаў для грамадзян Беларусі.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Малайцы !
Хай сябе берагуць, бо цяжкая перапрацоўка можа адбіцца на здароў'і.