Новы мем — чалавек-вентылятар. Часам нават чалавек-кандыцыянер
Апошнія месяцы сацсеткі захапіў новы мемны герой — ваздухан. Вось што значыць гэты прыкол і дзе ён дарэчны.

«Ваздухан» — гэтае новае слова выкарыстоўваюць для апісання балабола, ветрагона.
Ваздухан абяцае зрабіць, дапамагчы, навесці парадак, прычым «жастачайша», але знаходзяцца ўсё новыя апраўданні, чаму гэтага не ўдаецца, чаму яму «не даюць».
Асаблівую папулярнасць тэрмін атрымаў вясной 2026 года. Карыстальнікам спадабалася, што для добра знаёмага тыпажа з'явілася кароткая і трапная назва. Неўзабаве ў мемаў з'явіўся і візуальны сімвал — чалавек-вентылятар.
З цягам часу нейрасеткі пачалі ствараць усё больш абсурдныя выявы ваздуханоў. Спачатку яны проста дзьмулі ветрам, пасля пачалі ўзнімаць у паветра машыны, выклікаць ураганы і нават разбураць планеты. Так узнікла цэлая «іерархія» — ад ваздухана звычайнага вопытнага да ветрагона ўсіх тарнада ў сусвеце.
Балабол — гэта чалавек, які абяцае ператэлефанаваць заўтра, вярнуць грошы на наступным тыдні або пачаць новае жыццё з панядзелка. І менавіта таму мем аказаўся настолькі пазнавальным.
Псіхолагі тлумачаць, што такія людзі не заўсёды свядома падманваюць. Ім проста хочацца выглядаць больш паспяховымі або пазбегнуць нязручнага «не». Аднак для тых, хто ім паверыў, вынік ад гэтага не змяняецца.
Менавіта таму ваздуханы так раздражняюць іншых людзей. Мы штосьці плануем, на штосьці спадзяёмся, марнуем час, а потым абяцанні застаюцца толькі паветрам.
Мем пра ваздуханоў цяпер часта выкарыстоўваюць не толькі ў відэа, але і ў каментарах.
У TikTok ужо пачалі з'яўляцца і спецыяльныя маскі. Яны ў жартаўлівай форме прапануюць карыстальнікам праверыць, ці не ваздухан чалавек і, калі так, то на колькі працэнтаў.
Тыктокер prosto_fil01, вядомы вулічнымі апытаннямі, нядаўна спрабаваў высветліць у людзей на вуліцы, хто галоўны ваздухан Нямігі.
Калі мемы «6-7», «Mangos! Mangos! Mangos!» або Бамбардзіра-Кракадзіла абсурдныя, то мем пра ветрагонаў мае вельмі канкрэтны змест. Гэта сцёб з людзей, чые словы разыходзяцца са справамі.
Каментары
У нас ёсць свой Балабол. Вельмі прыгожае і зручнае слова.
Напрыклад - Лука - балабол. Зміцер Лукашук - балабол. Кавалеўскі - балабол. Кныровіч - балабол.
"Паветра" ёсць, "ваздуха" няма. Усе вядомыя сёння "ваздухі" ў славянскіх мовах прыйшлі туды з царкоўнаславянскай (асновай для рускай літаратурнай).
Навошта раз за разам замацоўваць сваю другаснасць? "Дзіяна Шурыгіна, якая стала вядомай на ўвесь рунэт".
Каб быць у трэндах, падбяры за старшым братам ягонае смецце, мемчыкі, брудную тупенькую лаянку.
Не хапіла "левакоў", "соевых", "душніць" і г.д.?