Лукашэнка: Якія б са мной перамовы ні вёў Захад, я цудоўна разумею, што не іх сукін сын
У інтэрв’ю вядучаму RT Рыку Санчэсу Лукашэнка закрануў тэму кантактаў з Захадам.

«Слухайце, вы заўсёды і нас, і Украіну, і іншыя постсавецкія рэспублікі правакавалі супраць Расіі. Вы заўсёды правакавалі. І Уладзімір Зяленскі гэта ведаў. Ведаў. І я таксама ведаў і ведаю цяпер. Слухайце, калі ў Расіі мяне хтосьці папракае, што я вяду перамовы з амерыканцамі, дык я магу ім задаць пытанне: «А вы што, не вядзеце з амерыканцамі дыялог? Вядзеце».
Але я вяду дыялог з амерыканцамі не супраць Расіі, не супраць Кітая. На першай сустрэчы я ім сказаў: «Хлопцы, Расія і Кітай — гэта даўнія нашы не проста партнёры, гэта нашы сябры. І калі вы ўводзілі супраць нас санкцыі, амерыканцы і еўрапейцы, Кітай і Расія адкрылі нам дзверы, і мы за кошт гэтага фактычна былі выратаваныя».
Чаму я павінен сёння супраць іх весці нейкі дыялог і нейкую палітыку? Тым больш мы юрыдычна з Расіяй падпісалі дамову аб саюзніцтве. Самы цесны дагавор. Спрабуем выбудаваць нейкую саюзную дзяржаву. Ідзём як па тонкім лёдзе, нешта спрабуем зрабіць. Што, амерыканцы і Захад гэтага не ведалі? Ведалі. І я свята выконваю гэтую дамову», — сказаў палітык.
Ён адзначыў, што шматвектарная палітыка не зыходзіць з эканомікі.
«Разумееце, мы вырабляем — больш за палову — матэрыяльных сродкаў, паслуг і прадаём на знешніх рынках. У нас адкрытая эканоміка, таму мы вымушаныя і свае інтарэсы бачыць на Захадзе, у Расіі, Кітаі і ў Афрыцы. Туды, куды ўсе ідуць — і Расія, і амерыканцы. Гэта наш інтарэс для таго, каб, як я нядаўна сказаў, жыць. Не выжываць, а жыць. Гэта наш інтарэс, ён зыходзіць з жыцця. За што нас папракаць? Няма за што», — сказаў Лукашэнка.
Палітык сцвярджае, што рэальная палітыка Захаду «даўно вядомая».
«Я, якія б са мной перамовы Захад ні вёў, я выдатна разумею, што я не іх «сукін сын». Яны з задавальненнем мяне перажуюць і выплюнуць. Я гэта выдатна разумею. Але і ў такой сітуацыі — не таму, што я Лукашэнка, а таму, што я прэзідэнт гэтай краіны, гэтага беларускага народа — я вымушаны і павінен зыходзіць з інтарэсаў народа, а не ўласных інтарэсаў», — дадаў Лукашэнка.
Азначэнне «сукін сын» прыпісваюць ці то прэзідэнту ЗША Франкліну Рузвельту, ці то дзяржсакратару Кардэлу Халу, якія нібыта так выказаліся пра кіраўніка Дамініканскай Рэспублікі Рафаэля Трухільа, які кіраваў краінай з 1931 па 1961 год, быў вельмі жорсткім і ўсталяваў культ асобы. «Ён, магчыма, і сукін сын, але ён наш сукін сын».
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары