Каліноўка Анастасія «Север» Махамет стане намесніцай прадстаўніцы АПК па сацыяльнай палітыцы
Яна будзе займацца кірункам працы з добраахвотнікамі і іх сем'ямі.

Намесніцай прадстаўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольгі Зазулінскай прызначаная ветэран вайны ва Украіне і медык Анастасія «Север» Махамет.
Яна будзе займацца кірункам працы з добраахвотнікамі і іх сем'ямі.
Кандыдатуру намесніцы ўзгадніла кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская.
«Кірунак працы з добраахвотнікамі вельмі важны для нашага прадстаўніцтва і ўсяго Аб'яднанага Пераходнага Кабінета. І я вельмі рада, што ім зоймецца Анастасія, якая мае адпаведны досвед і ўцягнутасць у тэму», — адзначыла Вольга Зазулінская.
Анастасія «Север» Махамет паходзіць з Івацэвічаў, мае медычную адукацыю і досвед працы медыкам. Удзельніца мірных пратэстаў 2020—2021 гг. З'яўляецца адной з заснавальніц незалежнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. У канцы 2021 года была вымушана пакінуць краіну, не скончыўшы інтэрнатуру.
Пасля пачатку поўнамаштабней агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны ў 2022 годзе далучылася да палка імя Кастуся Каліноўскага, займала пасаду камандзіра медыцынскай роты, забяспечвала арганізацыю медыцынскай дапамогі і эвакуацыю параненых у зоне баявых дзеянняў. У 2025 годзе закончыла вайсковую службу па стане здароўя, мае статус ветэрана, баявыя ўзнагароды.
Завочна асуджаная ў Беларусі па палітычных матывах да 18 гадоў пазбаўлення волі.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары