Навука і тэхналогіі11

У старажытных хрыбетных жывёл было чатыры вокі

Кітайскія вучоныя сцвярджаюць: самыя старажытныя з вядомых хрыбетных, што жылі каля 518 мільёнаў гадоў таму, маглі мець не два, а чатыры вокі. Як даследчыкі прыйшлі да такой высновы і куды падзелася адна пара вачэй, расказвае New Atlas.

Мастацкая рэканструкцыя мілакуньмінгіда з чатырма вачыма. Фота: Xiangtong Lei & Sihang Zhang / Nature

Міжнародная група навукоўцаў вывучала выкапні жывёл ранняга кембрыю — знойдзеныя ў раёне Куньміна на поўдні Кітая. Гэты перыяд працягваўся прыкладна з 539 да 509 мільёнаў гадоў таму і адзначыўся імклівым ростам разнастайнасці жывых арганізмаў. Даследчыкі прыйшлі да высновы, што продкі ўсіх сучасных хрыбетных, у тым ліку і чалавека, маглі глядзець на свет з дапамогай чатырох вачэй.

Рэгіён Куньміна вядомы выключнай захаванасцю акамянеласцяў гэтага геалагічнага перыяду. Менавіта там даследчыкі выявілі ўзоры двух відаў мілакуньмінгідаў (myllokunmingiids) — адных з самых старажытных з вядомых хрыбетных, што жылі каля 518 мільёнаў гадоў таму.

На пярэдняй частцы цела абодвух відаў былі выразна бачныя чатыры цёмныя плямы: дзве большыя па баках галавы і яшчэ дзве — меншыя — зверху паміж імі. Бакавыя структуры навукоўцы адразу інтэрпрэтавалі як вочы, а вось сярэдняя пара доўгі час лічылася насавымі капсуламі.

Аднак гэтая версія выклікала сумневы: вядома, што раннія хрыбетныя мелі толькі адну ноздру, а не дзве. Каб высветліць прыроду гэтых структур, даследчыкі выкарысталі электронны мікраскоп.

У выніку яны выявілі ў тканках меланасомы — мікраскапічныя структуры, якія ўтрымліваюць меланін. Менавіта меланін вызначае колер вачэй і паглынае святло, дазваляючы фармаваць выяву.

Як адзначаюць аўтары, да гэтай знаходкі выкапнёвы меланін не быў вядомы ў пародах, старэйшых за каменнавугальны перыяд (каля 300 мільёнаў гадоў). Новыя ж узоры адсоўваюць гэтую мяжу амаль на 200 мільёнаў гадоў у мінулае.

Акрамя таго, у выкапнях выявілі адбіткі крышталіка вока. Гэта дазваляе меркаваць, што ўсе чатыры органы былі паўнавартаснымі вачыма камернага тыпу, здольнымі факусаваць святло. Такім чынам, жывёла мела два буйныя вокі па баках галавы і яшчэ два меншыя зверху, што істотна пашырала яе поле зроку.

Паводле аўтараў даследавання, чатырохвокасць магла быць адаптацыяй да ўмоў кембрыйскага «эвалюцыйнага выбуху», калі рэзка ўзрасла разнастайнасць і колькасць драпежнікаў. Раннія хрыбетныя, верагодна, знаходзіліся ўнізе харчовага ланцуга, таму шырэйшы агляд наваколля павялічваў іх шанцы ўхіліцца ад небяспекі.

З цягам часу экалагічная ніша гэтых арганізмаў змянілася: ад фільтратарнага харчавання яны перайшлі да драпежніцтва.

У новых умовах другая пара вачэй паступова страціла сваю сэнсарную функцыю і, як мяркуецца, трансфармавалася ў нейраэндакрынны орган — эпіфіз, які размешчаны глыбока ў мозгу чалавека і выпрацоўвае мелатанін — гармон, які рэгулюе цыркадныя рытмы.

Палеабіёлагі адзначаюць, што новыя даныя дапамагаюць лепш зразумець раннія этапы эвалюцыі хрыбетных. Гіпотэзы, прапанаваныя ў даследаванні, апублікаваным у часопісе Nature, былі старанна правераныя, а інтэрпрэтацыя вынікаў выглядае абгрунтаванай.

Каментары1

  • Žvir
    20.02.2026
    U niekatorych syčasnych taksama josc 4 voki...

Цяпер чытаюць

Беларуска моцна схуднела на аземпіку і расказвае, чаму гэта цяжка22

Беларуска моцна схуднела на аземпіку і расказвае, чаму гэта цяжка

Усе навіны →
Усе навіны

Тэрыторыю непрададзенай гістарычнай сядзібы ў Сенненскім раёне ператварылі ў сметнік

Сталі вядомыя падрабязнасці аварыі з удзелам электробуса ў Мінску

На відэа з выпрабавання ракеты «Сармат» журналісты ўгледзелі дзіўную дэталь10

ЗША дамаўляюцца з Даніяй пра адкрыццё новых вайсковых баз у Грэнландыі

Дар'я Домрачава мае ў Беларусі нечаканы бізнэс15

У Мінску зносяць «Вёску навукоўцаў». На яе месцы вырасце прэстыжны ЖК11

«Кропкава будзем адмабілізоўваць часці для таго, каб рыхтаваць іх да вайны». Лукашэнка анансаваў змены ў войску24

Мікола Бугай: Мышыная валтузня — гэта не палітыка48

У Гродне жанчыну затрымалі за крадзеж туй з могілак1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска моцна схуднела на аземпіку і расказвае, чаму гэта цяжка22

Беларуска моцна схуднела на аземпіку і расказвае, чаму гэта цяжка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць