«Ва ўсіх сярод знаёмых ёсць загінулыя». Удзельнікі акцый пратэсту ў Іране расказалі, як усё было
Некалькі маладых іранцаў, з якімі, нягледзячы на амаль поўнае адключэнне інтэрнэту, змаглі звязацца журналісты Бі-бі-сі, расказалі пра перажытае. Іх імёны былі змененыя з меркаванняў бяспекі.

«У маіх сяброў усё тое самае, што і ў мяне. Ва ўсіх нас сярод знаёмых ёсць загінулыя падчас пратэстаў», — расказвае 29‑гадовая жыхарка Тэгерана пра задушэнне пратэстаў у пачатку студзеня.
Парыса кажа, што ніколі раней яна не бачыла такога жорсткага абыходжання з удзельнікамі дэманстрацый.
«Падчас папярэдніх маштабных пратэстаў сярод маіх знаёмых не было ніводнага загінулага». Парыса асабіста ведае прынамсі 13 чалавек, якія былі забітыя з пачатку пратэстаў 28 снежня.
Падставай для пратэстаў, якія спачатку ўспыхнулі ў Тэгеране, а потым ахапілі ўсю краіну, стала пагаршэнне эканамічнай сітуацыі. Пазней мітынгі перараслі ў антыўрадавыя выступленні, якія сталі аднымі з самых кровапралітных за ўсю гісторыю Ісламскай Рэспублікі. Адна з праваабарончых груп паведаміла, што колькасць пацверджаных смерцяў перавысіла 6 тысяч.
Паводле слоў Парысы, адна з яе знаёмых — 26‑гадовая жыхарка Тэгерана — загінула, трапіўшы пад «град куляў на вуліцы», калі 8—9 студзеня ўлады адказалі на ўзмацненне пратэстаў забойчай сілай. Сама яна ў тыя дні ўдзельнічала ў пратэснай акцыі ў паўночнай частцы Тэгерана. Мітынг, паводле яе слоў, быў абсалютна мірным.
«Ніхто не ўжываў гвалт і ніхто не спрабаваў супрацьдзейнічаць сілам бяспекі. Але ў пятніцу [9 студзеня] вечарам яны ўсё адно адкрылі агонь па натоўпе», — сказала яна. «На вуліцах і ў кварталах, дзе адбываліся сутыкненні, стаяў пах пораху».
Колькі загінулых насамрэч?
24‑гадовы Мехдзі, жыхар Тэгерана, ацэньвае маштабы пратэстаў і гвалту на іх гэтак жа сама, як Парыса.
«Я ніколі не бачыў нічога нават аддалена падобнага на такі ўзровень удзелу ў пратэстным руху і адначасова — такой колькасці забойстваў і такога гвалту з боку сіл бяспекі», — сказаў ён.
«Нягледзячы на забойствы ў чацвер [8 студзеня] і рызыку новых забойстваў у пятніцу [9 студзеня], людзі ўсё роўна выйшлі на вуліцы, таму што многія з іх больш не маглі гэта цярпець. Ім не было чаго губляць», — дадаў ён.
Мехдзі расказаў, што з блізкай адлегласці бачыў, як сілы бяспекі мноства разоў забівалі пратэстоўцаў.
«Маладога чалавека забілі проста ў мяне на вачах, стрэліўшы ў яго дзвюма баявымі кулямі», — сказаў ён.
«Матацыклісты стрэлілі маладому чалавеку ў твар з драбавіка. Ён упаў на месцы і больш не падняўся».
Паводле даных праваабарончай арганізацыі HRANA, з пачатку пратэстаў пацверджана смерць прынамсі 6159 чалавек. З іх — 5804 удзельнікі пратэсту, 92 дзіцяці і 214 чалавек, звязаных з іранскімі ўладамі. Скайлар Томпсан з HRANA паведаміла Бі-бі-сі, што пацверджаная колькасць загінулых, хутчэй за ўсё, яшчэ вырасце. Іншая праваабарончая арганізацыя, IHR, папярэдзіла, што канчатковая колькасць ахвяр можа перавысіць 25 тысяч.
На мінулым тыдні іранскія ўлады заявілі, што падчас пратэстаў загінула больш за 3100 чалавек, але большасць з іх нібыта — супрацоўнікі службаў бяспекі або выпадковыя мінакі.
«На вуліцах былі дзеці, і іх забівалі»
Журналістам большасці міжнародных медыя забаронена асвятляць падзеі ўнутры Ірана. Аднак відэазапісы, на якіх зафіксавана, як сілы бяспекі страляюць баявымі патронамі па натоўпе, былі правераныя Бі-бі-сі.
Жыхарка Ірана, якая прымала ўдзел у пратэстах, расказала праграме BBC Newsnight, што бачыла «людзей, якія ляжалі на зямлі», і дзяцей, забітых падчас падаўлення выступленняў. Парнія, якая жыве ў Лондане, наведвала сям’ю ў Іране ў пачатку студзеня.
«Я бачыла людзей на зямлі. Я бачыла кроў, — кажа яна. — На вуліцах былі дзеці, і іх забівалі. Сямігадовых, васьмігадовых».
27‑гадовая Сахар расказала, што сярод яе знаёмых сем чалавек загінулі падчас задушэння пратэстаў. 8 студзеня сілы бяспекі змянілі тактыку і пачалі ўжываць вельмі жорсткія метады. У той вечар яе сябру, які высунуўся з акна, стрэлілі ў шыю. Яшчэ адзін яе сябар памёр ад страты крыві, бо баяўся звяртацца ў бальніцу праз рызыку затрымання.
Траўмы вачэй
Трэці сябар Сахар загінуў пасля затрымання Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР). Родным сказалі проста: «Праязджайце і забярыце цела». 9 студзеня супрацоўнікі сіл бяспекі пачалі выкарыстоўваць лазеры, каб пазначаць цэлі ў натоўпе.
27‑гадовы Пархам расказаў, што сілы бяспекі часта стралялі з драбавікоў, цэлячыся ў твары і вочы. У афтальмалагічныя бальніцы пастаянна дастаўлялі новых пацыентаў. Супрацоўніца кавярні пры адной з бальніц за адну змену налічыла «70 чалавек з траўмамі вачэй». Многія звярталіся ў прыватныя клінікі, каб пазбегнуць арышту ў дзяржаўных установах.
Забітых спрабуюць выдаць за сілавікоў
Пратэстоўцы таксама кажуць, што ўлады часта адмаўляюцца перадаваць сваякам целы загінулых. Мехдзі расказаў, што сям’і забітага стрыечнага брата яго сябра паставілі ультыматум: альбо заплаціць каля 7 тысяч даляраў за выдачу цела, альбо пагадзіцца на тое, што яго імя ўнясуць у спіс загінулых апалчэнцаў «Басідж», якія «абаранялі парадак».
Праваабаронцы тлумачаць, што такім чынам улады караюць сем’і пратэстоўцаў і адначасова хаваюць рэальную колькасць ахвяр сярод удзельнікаў акцый.
Улады Ірана назвалі жахлівую лічбу забітых на пратэстах
Амерыканскі авіяносец «Аўраам Лінкальн» прыбыў на Блізкі Усход на фоне іранскага крызісу
Дактары распавялі пра расстрэлы пратэстоўцаў у Іране: сілавікі цэлілі ў вочы
Падчас пратэстаў у Іране загінула як мінімум 5000 чалавек
«Ніводнага званка ўнутр». Як выглядае інтэрнэт у Іране і як краіна ўжо тыдзень жыве без яго падчас пратэстаў
Пратэсты ў Іране, верагодна, ужо канчаткова задушылі
Каментары
Так што спаць ім не доўга спакойна
Колькі часу засталося ждаць? Народ ужо стаміўся!