Хлопец купіў за свой кошт навагоднюю ялінку і паставіў яе ў цэнтры пасёлка
У вёсцы Зарэчча пад Смалявічамі мясцовы жыхар Антон Ігнатовіч надумаў зладзіць свята для ўсіх. Для гэтага ён купіў вялікую ялінку ў лясгасе і паставіў яе каля мясцовай крамы. Разам з блізкімі ўпрыгожыў цацкамі і гірляндамі.

— Захацелася зрабіць свята. Дарослыя ходзяць у краму, дзеці — у садок, зірнуць — а тут ялінка. Ды і самім прыемна падысці да яе ў навагоднюю ноч. Вырашылі цяпер кожны год ставіць. Галоўнае, цацак пабольш купіць, — расказаў суразмоўца выданню smolevichi-24.by.
Жыхары вёскі са здзіўленнем і радасцю ўспрынялі ініцыятыву. Многія думалі, што ўстаноўка елкі — справа ЖКГ, і былі здзіўлены, даведаўшыся, што гэта справа рук вяскоўца.

Мясцовая жыхарка Кацярына Рахманько падзялілася ўражаннямі:
— Вельмі прыемна, што ялінка вярнулася. У дзяцінстве ў нас таксама ставілі, але потым традыцыя знікла. А цяпер зноў ёсць свята — і дрэва прыгожае, пушыстае, з цацкамі і гірляндамі. Настрой адразу палепшыўся. У асноўным усе святочныя мерапрыемствы праходзяць у Акцябрскім, але цяпер і ў нас прысутнічае атмасфера чараўніцтва.
— Гірляндай упрыгожвалі ў мінулую нядзелю. Калі загараюцца агні на ялінцы, становіцца па-сапраўднаму святочна. Нават без снегу адчуваецца Новы год, — кажа яшчэ адна мясцовая жыхарка Наталля Ізуіт. — Можа, у ноч з 31 снежня на 1 студзеня хто-небудзь прыедзе сюды на аўтамабілі, уключыць музыку, тады і людзі, я думаю, збяруцца каля елкі.

Як распавяла старшыня Пліскага сельвыканкама Наталля Саковіч, устаноўка жывой ялінкі ў цэнтры Зарэчча стала сапраўдным падарункам для жыхароў:
— Гэта цудоўная ініцыятыва змагла падарыць свята 1263 жыхарам вёскі — менавіта столькі чалавек было зарэгістравана тут на пачатку года. Хочацца падзякаваць Антону Аляксандравічу за гэтую цудоўную ідэю, а таксама прадпрыемству «Ланторыя», якое забяспечыла пункт доступу да электраэнергіі, каб гірлянда магла гарэць, і ЖКГ — яна агарадзіла ялінку ў мэтах бяспекі.
Каментары