Галоўную ялінку Добруша спілавалі ў двары мясцовай жыхаркі ФОТЫ
Раней навагодняе дрэва ў Добрушы прывозілі з лесу, а сёлета яго ўзялі з прыватнага падворка. Жыхарка вуліцы Савецкай Слава Дабрадзеева сама звярнулася ў дыспетчарскую «Добрушскага камунальніка» з прапановай паставіць у цэнтры горада елку, якая расла ў яе двары, піша «Добрушскі край».

— Гэтаму дрэву 22 гады, — расказала ветэран педагагічнай працы. — А з’явілася яно тут дзякуючы майму мужу Яўгенію Антонавічу. Ён знайшоў малюсенькі акуратны саджанец у лесе непадалёк і вырашыў, што часцінка свята павінна быць у кожным нашым дні.
За сваё вялікае жыццё елка была і тэнтам ад сонца ў спёку, і кватэрай для птушак, што цэлымі зграйкамі акупавалі яе галінкі, і самым што ні на ёсць навагоднім дэкорам з гірляндамі ды шклянымі цацкамі.
Па словах суразмоўніцы, яе муж нават будаваў з унукамі пад колкай кронай гарадкі са снегу. Весялосці было!




— Памяць застанецца са мной, але захацелася падарыць такія ж пазітыўныя, цёплыя эмоцыі і землякам, — усміхаецца Слава Дабрадзеева.
Да місіі года падключыліся адразу некалькі арганізацый. Асноўная сіла — каманда «Добрушскага камунальніка», ім у падмогу — вадзіцель ПМС на трале. У суправаджэнні — машына Дзяржаўтаінспекцыі.
Каментары