У гэтую суботу ў Беларусі стартуе незвычайная дабрачынная акцыя — 24 гадзіны бесперапыннага бегу, дзе кожны кіламетр ператворыцца ў матэрыяльную дапамогу для дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі. І чым больш удзельнікаў далучыцца, тым больш грошай удасца сабраць. Бегчы цэлыя суткі ўсім не давядзецца.

Акцыю задумаў стаматолаг Павел Савіцкі з Мінска. Бегам ён займаецца ўжо даўно, на аматарскім узроўні. У гэтым годзе беларус вырашыў аб’яднаць ідэю здаровага ладу жыцця і дапамогі дзецям і прыдумаў сутачны дабрачынны забег, піша Onliner.by.
— Бег даўно стаў часткай майго жыцця, — расказвае пра сваю ініцыятыву Павел. — У мяне цяпер дзве мэты — дапамагчы дзецям з анкалагічнымі захворваннямі і натхніць людзей на рух. Так, я планую бегчы ўсе 24 гадзіны, гэта сур’ёзны выклік для арганізма. Я ведаю ўсяго пару асоб, якія праходзілі такую дыстанцыю. З трэнерам шчыльна займаюся з лета, трэніруюся я кожны дзень. Гэта не толькі бегавыя трэніроўкі, але і сілавыя. Высілкаў гэта каштуе вялікіх, бо даводзіцца ахвяраваць сном і часам дома. Але да такога графіку звыкаеш, уліваешся і ідзеш да сваёй мэты. Адзначу, што такое магчыма толькі пры падтрымцы тваіх родных і блізкіх.
Павел запрашае ўсіх ахвотных далучыцца да ягонай задумы:
— Людзі часам кажуць: «Ну што з мяне ўзяць: прабягу пару кіламетраў і ўсё». Але паверце, нават гэтыя пару кіламетраў могуць дапамагчы. І чым нас больш — тым больш дабра мы можам зрабіць».
Якія ўмовы забегу?
-
ва ўдзельнікаў ёсць 24 гадзіны, каб прабегчы любую дыстанцыю — хоць 1 км, хоць 10;
-
кожны кіламетр ацэньваецца на 1 беларускі рубель;
-
пасля завяршэння акцыі выніковая сума будзе пералічана фонду «Шанс». Грошы пойдуць на лячэнне дзяцей.
Забег можна правесці ў любой мясціне Беларусі. Не трэба прыязджаць у Мінск — дастаткова выйсці на вуліцу ў сваім горадзе і прабегчы столькі, колькі палічыце патрэбным. Сам Павел плануе бегчы ўсе 24 гадзіны без сну.
Пачатак — 13 снежня а 09:00. Фініш — 14 снежня а 09:00.
Падрабязнасці пра тое, як узяць удзел у акцыі, можна знайсці тут.
Каментары