У Малайзіі ўзвялі «экагорад будучыні» за $100 мільярдаў. Але замест 700 тысяч жыхароў там жыве толькі 10 тысяч
Forest City ўзняўся на чатырох штучных астравах на самым поўдні Малайзіі. Праект прэзентаваўся як экалагічны цуд, райскі сад для 700 тысяч, а ў перспектыве і мільёна жыхароў. Сёння гэты футурыстычны мегаполіс плошчай 30 квадратных кіламетраў стаіць практычна пусты, нагадваючы дэкарацыі да фільма пра постапакаліпсіс.

Гісторыя Forest City пачалася ў 2016 годзе, калі найбуйнейшы кітайскі забудоўшчык Country Garden на хвалі будаўнічага буму ў Паднябеснай абвясціў пра старт мегапраекта коштам $100 мільярдаў.
У рамках глабальнай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» кампанія планавала стварыць ідэальнае асяроддзе для жыцця: горад без аўтамабіляў на паверхні, з вертыкальнымі садамі, разумнымі тэхналогіямі, уласнымі аквапаркамі, палямі для гольфа і міжнароднымі школамі.

Паводле першых планаў, Forest City мусіў стаць новым акном у Азію для сярэдняга класа з Кітая: блізка да Сінгапура, з марскім паветрам, паркамі і дарагімі кватэрамі на ўзбярэжжы. Для большасці мясцовых малайзійцаў цэны на жыллё ў гэтым элітным анклаве былі проста непад'ёмныя.

Чаму не атрымалася
Аднак праблемы пачаліся амаль адразу пасля закладкі першага каменя. Ужо праз год, у 2017-м, кітайскі ўрад радыкальна змяніў правілы вываду капіталу за мяжу, фактычна перакрыўшы паток грошай ад патэнцыйных пакупнікоў. Гэта стала першым ударам па эканоміцы праекта.
Неўзабаве да эканамічных праблем дадаліся палітычныя: пасля змены ўлады ў краіне ў 2018 годзе праект страціў частку палітычнай падтрымкі, а яго арыентацыя пераважна на замежных пакупнікоў пачала выглядаць усё больш праблемнай.
Фінальным акордам стала пандэмія COVID-19, якая спыніла турызм і будаўніцтва, а следам за ёй — маштабны крызіс на рынку нерухомасці Кітая, які паставіў забудоўшчыка на мяжу банкруцтва з даўгамі на сотні мільярдаў даляраў.
Горад-прывід
Сёння Forest City ўяўляе сабой сюррэалістычнае відовішча. Паводле афіцыйных звестак, пабудавана толькі каля 15% ад запланаванага аб'ёму, але нават гэтыя будынкі застаюцца незаселенымі. З сотняў тысяч чаканых жыхароў у горад перабраліся толькі каля 10 тысяч чалавек.

Атмасфера ў горадзе, паводле слоў рэдкіх наведвальнікаў і жыхароў, выклікае трывогу і нават страх. Велічныя жылыя вежы, разлічаныя на тысячы кватэр, стаяць цёмнымі маналітамі. З надыходам ночы святло запальваецца літаральна ў некалькіх вокнах на ўвесь хмарачос, што толькі ўзмацняе адчуванне адзіноты.

Людзі, якія спрабавалі жыць там, апісваюць журналістам гэта як досвед існавання ў горадзе-прывідзе: бясконцыя пустыя калідоры, цішыня, ад якой становіцца не па сабе, і поўная адсутнасць сацыяльнага жыцця. Многія арандатары, не вытрымаўшы псіхалагічнага ціску пустэчы, з'язджаюць праз некалькі месяцаў, нават калі гэта азначае страту ўнесеных дэпазітаў.
Інфраструктура горада функцыянуе ў рэжыме «зомбі». У вялізным гандлёвым цэнтры, пабудаваным для абслугоўвання натоўпаў, большасць памяшканняў альбо зачыненыя, альбо застаюцца будаўнічымі пляцоўкамі.

На пляжы, які павінен быў стаць курортнай жамчужынай, усталяваны таблічкі, што папярэджваюць пра кракадзілаў, што робіць купанне немагчымым.

Экалагічны парадокс
Зрэшты, праблемы Forest City ляжаць глыбей, чым проста адсутнасць людзей. Сама назва «Лясны горад» гучыць змрочнай іроніяй, бо дзеля будаўніцтва гэтага «экараю» была знішчана ўнікальная рэальная экасістэма.
Будаўніцтва пачалося ў ахоўнай зоне вышэйшага рангу, дзе знаходзіліся найбуйнейшыя ў Малайзіі лугі марской травы і каштоўныя мангравыя лясы. Забудоўшчык пачаў намываць пясок для штучных астравоў у студзені 2014 года, нават не атрымаўшы абавязковай экалагічнай ацэнкі. Гэта прывяло да незваротных наступстваў: адзіная экасістэма апынулася раздзеленай на часткі, вада стала мутнай, а мясцовыя рыбакі адразу загаварылі пра падзенне ўловаў і страту традыцыйных месцаў лоўлі.
Сітуацыя дайшла да міжнароднага скандалу. Сінгапур накіраваў Малайзіі дыпламатычную ноту, асцерагаючыся, што змяненне падводных плыняў выкліча эрозію і пашкодзіць інфраструктуру стратэгічнага моста Second Link, які злучае дзве дзяржавы. Пасля пратэстаў маштаб праекта давялося скараціць, але ўнікальнай прыродзе рэгіёна шкода ўжо была нанесена.
Больш за тое, спешка пры будаўніцтве стварыла пагрозу і для саміх будынкаў. Эксперты заўважылі, што штучная суша не паспела належным чынам стабілізавацца перад узвядзеннем цяжкіх хмарачосаў. У выніку ў сценах гатэляў, шоу-румаў і на дарогах пачалі з'яўляцца расколіны — зямля пад амбіцыйным мегаполісам павольна прасядае, што ставіць пад пытанне бяспеку ўсяго комплексу ў будучыні.

Пошукі выйсця
Тым не менш улады Малайзіі не гатовыя паставіць на Forest City крыж. Каб удыхнуць у праект новае жыццё, у 2024 годзе пачала дзейнічаць спецыяльная фінансавая зона. Да ўжо існуючага статусу бяспошліннага гандлю дадаліся шчодрыя падатковыя льготы для бізнэсу і спрошчаны візавы рэжым для замежнікаў. Разлік просты: ператварыць горад-прывід у ажыўлены фінансавы хаб паміж Малайзіяй і Сінгапурам, прывабіць офісы, сэрвісы і турыстаў — і так вярнуць у пустыя кварталы рух.

Паводле свежых аглядаў, гэтая стратэгія пачынае даваць першыя, хай і слабыя, сігналы надзеі.
Каментары