Грамадства1515

«Калі абаронца ўбачыў маю справу, сказаў: «Капец». Памілаваная ўкраінка расказала пра беларускі СІЗА, калонію і нечаканае вызваленне

Ганна была сярод 31 грамадзяніна Украіны, якіх у мінулыя выхадныя вызвалілі ў Беларусі. Увосень 2024‑га суд прысудзіў дзяўчыну да трох гадоў калоніі. Выйсці на волю яна павінна была ў чэрвені 2026-га, але ў пятніцу, 21 лістапада, звыклы ёй рэжымны графік стаў мяняцца. На пытанні, што адбываецца, супрацоўнікі пенітэнцыярнай установы не адказвалі, а сілавікі казалі, што вязуць на расстрэл. Пра тое, як яна апынулася на радзіме і што перажыла за паўтара дня да гэтага, Ганна расказала «Люстэрку».

Вызваленыя грамадзяне Украіны на аўтобусе вярнуліся на радзіму, лістапад 2025-га. Фота: тэлеграм-канал @Koord_shtab

«Мне адказалі: «Ва Украіне вайна, ты там нікому не патрэбная»

Ганне 24 гады, да затрымання яна жыла ў Роўне і вучылася ва ўніверсітэце. На канікулах прыязджала ў Польшчу. З гэтай краіны ў жніўні 2024‑га і адправілася ў Беларусь: хацела пабачыцца з сябрамі і хлопцам.

Гэта быў яе другі візіт у нашу краіну. Падчас першага — вясной 2022‑га — «усё было нармальна». Цяпер жа пасля размовы, на якую звычайна на мяжы выклікаюць усіх украінцаў, і праверкі тэлефона, у свой аўтобус яна не вярнулася.

«Не магу сказаць, чаму мяне затрымалі і па якім артыкуле судзілі», — у пачатку інтэрв'ю папярэджвае дзяўчына.

З мяжы Ганну павезлі на допыт да следчага, а затым па стандартным маршруце: ІЧУ — СІЗА (іх было два — У Брэсце і Баранавічах) — калонія.

— Пасля затрымання ці адчувалі вы да сябе як да іншаземкі асаблівае стаўленне сілавікоў?

— Я з Заходняй Украіны, размаўляю на ўкраінскай і, калі прыехала [у Беларусь], таксама на ёй размаўляла. Па дарозе ў ІЧУ суправаджальнік сказаў: «Ты толькі не ўздумай у камеры так гаварыць, бо будуць праблемы». Якія? Ён не ўдакладняў.

Памятаю, гэта мяне напалохала. Зайшла ў камеру, вырашыла, буду маўчаць, а потым дзяўчынкі сталі расказваць пра сябе. Амаль усе яны сядзелі за палітыку, разумелі ўкраінскую, сказалі, што я магу размаўляць на сваёй мове. Падтрымалі мяне.

І там, і ў СІЗА я размаўляла па-ўкраінску. Толькі ў калоніі перайшла на рускую. Зрабіць гэта мне параілі іншыя зняволеныя, папярэдзілі, каб да мяне не было дадатковых пытанняў. У калоніі да мяне ставіліся нармальна.

У ІЧУ і СІЗА я сядзела толькі з палітычнымі. [Калі параўноўваць з імі], да мяне было іншае стаўленне, больш лаяльнае. Але калі [супрацоўнікі] даведваліся, адкуль я, адразу ж уся лаяльнасць знікала. Хоць розныя людзі і прадстаўнікі адміністрацыі па-рознаму рэагавалі на гэта. Хтосьці спачуваў: «У мяне [таксама] сваякі ва Украіне», [пытаўся], як я сюды трапіла. А хтосьці [называў] нацысткай і таму падобнае.

— Ці давалі вам магчымасць звязацца з кімсьці з амбасады Украіны ў Беларусі?

— Не, [хоць] я вельмі хацела, патрабавала [прадстаўніка] амбасады. Мне сказалі, што нікога ў Беларусі няма (Ганну ўводзілі ў зман, дыпмісія Украіны працягвае працаваць у Беларусі. — Заўв. «Люстэрка»).

Адваката далі толькі на наступны дзень, калі ўжо ўзялі паказанні, і я на стрэсе і паніцы [усё падпісала]. Калі абаронца ўбачыў справу, сказаў: «Капец». Паводле яго, гэтага (гаворка пра пакаранне. — Заўв. «Люстэрка») можна было б пазбегнуць, але памяняць паказанні не далі. А іх я давала пад ціскам. Мяне запэўнівалі: «Гавары так і так, мы цябе адпусцім. Падпішы тут — і паедзеш дадому». Адразу папярэдзілі, што ў Беларусь [не заеду], проста дадуць штраф.

Я, як чалавек са свабоднай краіны, прывыкла, што паліцыя дапамагае грамадзянам, таму была схільная верыць людзям з пагонамі. Потым адвакат паведаміў: «Сама сябе агаварыла».

[Пазней], калі трапіла ў калонію, хацела падаваць на экстрадыцыю. Яшчэ на каранціне пайшла ў спецаддзел. Мне адказалі, што гэта немагчыма, пакуль ідзе «СВА» (так прадстаўнік калоніі назваў вайну Расіі з Украінай. — Заўв. «Люстэрка»). [Нібыта] ніякіх консульстваў, пасольстваў няма, нічога не пішы, няма сэнсу. [Маўляў], ва Украіне вайна, ты там нікому не патрэбная. Цэлы год мне гэта прапагандавалі, таму, калі здарыўся абмен, мы (з іншымі вызваленымі ўкраінкамі. — Заўв. «Люстэрка») былі ў шоку. Мы рэальна паверылі, што пра нас забыліся і ніхто не ўратуе.

— Пасля затрымання ці дазволілі вам патэлефанаваць камусьці з родных?

— Толькі калі прыехаў адвакат. Ва Украіне ў мяне заставалася непаўнагадовая сястра, якую я даглядала. Мы жылі з ёй і татам. Тата памёр, і мы засталіся ўдзвюх.

«Разумелі, раз мы тры ўкраінкі, трэба радавацца, бо, магчыма, будзе экстрадыцыя, дэпартацыя»

— Ці прапаноўвалі вам у калоніі напісаць прашэнне аб памілаванні?

— Не.

Ганна (справа) пасля вяртання ва Украіну, лістапад 2025-га. Фота: тэлеграм-канал @Koord_shtab

— Як вы даведаліся, што вас вызваляюць?

— Ніхто нічога не паведамляў. У пятніцу (21 лістапада. — Заўв. «Люстэрка») быў звычайны дзень: а 6‑й раніцы пад'ём, сняданак, змена. Я адпрацавала, потым пайшла на паверку, пасля яе [адбылося] мерапрыемства.

Дзесьці а пятай вечара ў атрад (я тут была адзіная ўкраінка) заходзіць рэжымны супрацоўнік, выклікае мяне і такі: «Збірайся». Ён працаваў са мной да гэтага, я яго ведала, стала прасіць: «Скажыце хоць нешта. Калі ласка, я ж зараз памру ад хвалявання». Але ён нічога [не патлумачыў], нейкая суперсакрэтнасць. Проста збірай усе рэчы і ідзём. Куды? Навошта? [Гэта] перавод у іншы атрад, этап? У мітусні палову ўсяго забылася.

Разумела, што нешта будзе. З раніцы начальніца паведаміла: «Сказалі цябе разлічыць». Яшчэ ў мяне ў той дзень была крама, але я не змагла атаварыцца, бо мне закрылі рахунак…

Я была ў Беларусі і бачыла ўсё, што адбываецца, думала пра самае дрэннае — нейкі этап, новая справа. Думкі, што мяне могуць абмяняць, памілаваць, нават не ўзнікала.

— Куды вас павёў супрацоўнік калоніі?

— Мяне завялі ў каранціннае памяшканне, быў ператрус. Там сустрэлася з Лідзіяй Грук, мы сядзелі разам у СІЗА і адна адну ведалі. Пасля, нічога не тлумачачы, нас адвялі ў асобную секцыю ў каранцінным памяшканні. З намі была яшчэ адна дзяўчына з Украіны. [На нашы пытанні пра тое, што адбываецца, супрацоўнікі] аджартоўваліся, але пакармілі (усміхаецца). Не пакінулі паміраць з голаду.

[З дзяўчатамі] разумелі, раз мы тры ўкраінкі, магчыма, будзе экстрадыцыя, дэпартацыя ці нешта такое. У секцыі сядзелі доўга. З сабой нічога не было, таму нават не ведалі, колькі часу. Ніхто не казаў, што далей. Калі наўпрост пыталіся, ці адпусцяць нас, адказвалі: «Не». Мы цікавіліся: «Будзем тут спаць ці не?», таму што аднаго матраца не хапала. Нам не адказвалі.

А дзясятай вечара ў калоніі аб'явілі адбой, мы сядзім далей (смяецца). У нейкі момант пачалі стукаць [у дзверы], таму што не ведалі, класціся ці сядзець у чаканні чагосьці. Падышла асуджаная, якая ноччу «дняваліць». Яна кудысьці патэлефанавала і паведаміла: «Раскладайце матрацы».

Прынеслі трэці, і мы ляглі. А шостай раніцы пад'ём. Нам даюць хвіліну і кажуць: «Выходзьце». Ледзь паспелі ў прыбіральню схадзіць, і тое столькі крыку было. Зноў ператрус, нашы рэчы [паглядзелі] па другім коле. Канфіскавалі перапіску, фота, і зноў ніхто нічога не кажа. Забралі ўсе рэчы, якія выдавалі ў калоніі, — сукенкі, курткі, чаравікі. Абутак у нас ва ўсіх быў свой, куртка — толькі ў Ліды.

Мяне затрымалі летам, таму верхняга адзення свайго не аказалася. Я засталася ў кофце і ласінах. Было жудасна холадна (пазней, калі ехалі ў аўтобусе, бачыла, што мужчынам пакінулі целагрэйкі).

Нас вывелі на тэрыторыю калоніі, убачылі, што там стаіць мікрааўтобус. Затым сказалі: «Станавіцеся тварам да сценкі, нікуды не паварочвайцеся». Мы сталі па стоечцы смірна, на рукі надзелі кайданкі, на галовы — мяшкі. І ўсё, больш мы нічога не бачылі. Мяшкі аказаліся настолькі шчыльныя, што немагчыма было дыхаць. Прасілі хоць бы трошкі адкрыць нос.

— Вам патлумачылі, куды вас вязуць?

— Толькі жартавалі, што вязуць на расстрэл. Увесь час былі гэтыя жарты. І калі я адседзела ў калоніі ўжо год і да такога прывыкла, то Ліда, якая нядаўна туды трапіла… У яе здарылася істэрыка, яна плакала, баялася. Мне яе было вельмі шкада, сама разумела, мы ў чужой краіне, дзе адбываюцца жудасныя рэчы, і ніхто нас тут не абароніць. Зразумела, што яны могуць зрабіць усё што заўгодна і нікому за гэта нічога не будзе.

«Не верылася, да апошняга чакалі нейкі падвох»

Вызваленыя грамадзяне Украіны вяртаюцца на радзіму, лістапад 2025-га. Фота: тэлеграм-канал @Koord_shtab

— Доўга ехалі?

— Не ведаю, адчуванне часу згубілася. Па дарозе супрацоўнікі пыталіся, за што сядзім, як ставімся да вайны ва Украіне. Спрабавалі нейкія гутаркі весці, але нам было не да іх. Пры гэтым, калі я не хацела адказваць, магла гэтага не рабіць.

Яны ўсю дарогу жартавалі, што вязуць у лес [на расстрэл], і раптам мікрааўтобус спыніўся, і нас пад рукі па адной з яго выводзяць. Я чую пад нагамі шолах восеньскай лістоты… Гэта цяпер смешна ўспамінаць, а тады проста сэрца ў пяткі сышло, таму што рэальна вывезлі ў лес, знялі мяшок, сказалі: «Тварам да лесу».

Я ўжо ў думках развіталася з усім, а яны такія: «Хочаце ў прыбіральню, ідзіце». Каля нас [прысядзьце]. А гэта былі мужчыны. Калі ты ў такім страху, непаразуменні, плюс гэтыя жарты… Ну проста…

Потым мне зноў надзелі мяшок, кайданкі замянілі на сцяжку і пасадзілі ўжо ў іншы аўтобус. Колькі людзей там знаходзілася, не бачыла. Але чула галасы і мужчынскія, і жаночыя.

Перад беларускай мяжой спыніліся, нам знялі мяшкі і сцяжкі. У салоне сядзелі двое ў цывільным і ў масках. [На нейтральнай паласе] у аўтобус зайшоў чалавек і сказаў: «Добры дзень, вы вяртаецеся ва Украіну».

Усе сталі плакаць. Пад'ехаў украінскі аўтобус, нам дазволілі выходзіць і пераносіць туды свае рэчы.

— Што было на душы, калі прыехалі ва Украіну?

— Не верылася, да апошняга чакалі нейкі падвох […].

— А што з вашымі дакументамі?

— Пакуль не ведаю, дзе яны, на руках у мяне іх няма. Ці перадалі іх украінскаму боку, таксама не магу сказаць.

Яшчэ калі ехала ў Беларусь (гаворка пра 2024 год. — Заўв. «Люстэрка»), з сабой былі наяўныя ў валюце. Суму казаць не буду, але немалая. Яе арыштавалі, але па рашэнні суда арышт знялі. Казалі, усё павінны перавесці на рахунак, каб я ў калоніі магла хадзіць у краму, але гэтага не зрабілі. Грошы мне не вярнулі.

У адной з дзяўчынак, вызваленай са мной, таксама была валюта, калі яна ехала ў Беларусь. Даволі-такі шмат. І ёй таксама нічога не вярнулі.

— Разумееце, чаму менавіта вы апынуліся сярод вызваленых?

— Мне здаецца, мы нават не задаваліся гэтым пытаннем. Ты [проста] шчаслівы быць дома. А чаму? Гэта не тое, што хвалюе. Удзячныя богу і ўсім, што трапілі ў гэты аўтобус. Сэрца баліць за ўсіх, хто застаўся.

— Каму першаму патэлефанавалі, калі апынуліся на радзіме?

— Падчас затрымання ў Беларусі ва ўсіх (гаворка пра памілаваных. — Заўв. «Люстэрка») пазабіралі тэлефоны. Аддалі, па-мойму, траім, [у тым ліку] мне. Але маю польскую сімку не вярнулі.

На мяжы прадстаўнікі Каардынацыйнага штаба далі патэлефанаваць родным. Тым, хто не ведаў нумара, знайшлі.

Першай набрала сястру. Яна была ў шоку. Пачала плакаць. Не ведаю, ці змагу я адчуць большае шчасце, чым тое, што адчувала ў тую хвіліну. Мы з ёй былі вельмі блізкія. [Упершыню] пакінула яе на такі доўгі час. Таму пачуць яе голас і ўсвядоміць, што я вярнулася, — гэта найвышэйшае шчасце, якое можна адчуць.

— Ці можаце вы расказаць, дзе цяпер знаходзіцеся ва Украіне? Ці вярнуліся вы дадому і абняліся з сястрой?

— Цяпер знаходжуся на рэабілітацыі, сястра ўжо прыязджала мяне адведаць.

Каментары15

  • Gord
    26.11.2025
    [Рэд. выдалена]
  • Это война, жертвы неизбежны
    26.11.2025
    Боты вперед, А чтобы снять блокаду Ленинграда, спасти гражданских, тоже надо было закончить войну? Сдаться на милость Гитлеру? А ведь тут почти та же ситуация. Трамп плохой не потому, что помогает освободиться. А потому, что не помогает толком освободиться от агрессора всей Украине.
  • Время назад
    26.11.2025
    Боты вперед, Трумпф даже не знает, где это. Ему, что Бангладеш, что Бирма.. Это Буданов усатому скинул джпс координаты его актуальной хазы и пиктограмму самолётика и какахи. Вот, и решили быстро.

Цяпер чытаюць

На пратэстанцкі фестываль у «Чыжоўку-Арэну» едзе амерыканскі прапаведнік Франклін Грэм. Разам з ім чакаюць Коўла з жонкай12

На пратэстанцкі фестываль у «Чыжоўку-Арэну» едзе амерыканскі прапаведнік Франклін Грэм. Разам з ім чакаюць Коўла з жонкай

Усе навіны →
Усе навіны

Будучым перакладчыкам прапануюць вучыць англійскую і кітайскую мовы праз выступы Лукашэнкі — ёсць і адпаведныя падручнікі15

6 вайсковых машын, 20 машын суправаджэння. Прыезд Лукашэнкі ў рэзідэнцыю на Гомельшчыне трапіў на спадарожнікавы здымак16

«Пакуль заявак нуль». У віленскай школе Stembridge расказалі, як ідзе набор у садкоўскую групу з беларускай мовай навучання14

«Аблівалі фарбай помнікі, вырывалі крыжы». Падлеткі пашкодзілі больш за 50 магіл на Радаўніцу. Іх затрымаў спецназ4

Беларусь увайшла ў сусветны антытоп-5 па колькасці нараджэнняў19

Міністр замежных спраў Польшчы сустрэўся з Джонам Коўлам4

Салаўёў выбачыўся перад Вікторыяй Боняй, але адмовіўся выбачацца перад Мелоні5

Тэйлар Свіфт дамагаецца прававой абароны фразы «Прывітанне, гэта Тэйлар Свіфт»

Улады Беларусі прасілі Расію перадаць ім украінскія радовішчы на Данбасе. Тыя яшчэ нават не акупаваныя17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На пратэстанцкі фестываль у «Чыжоўку-Арэну» едзе амерыканскі прапаведнік Франклін Грэм. Разам з ім чакаюць Коўла з жонкай12

На пратэстанцкі фестываль у «Чыжоўку-Арэну» едзе амерыканскі прапаведнік Франклін Грэм. Разам з ім чакаюць Коўла з жонкай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць