Экс-супрацоўнік Акадэміі навук наехаў на ініцыятыву Maldzis: Непрафесіяналы дыскрэдытуюць сапраўдных навукоўцаў. Мацукевіч адказаў
Экс-супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Радзівон Колас прайшоўся па ініцыятыве Maldzis, якая вяртае Беларусі гістарычныя каштоўнасці. На думку навукоўца, стваральнікі праекта больш хайпуюць, чым робяць карысныя рэчы. Акрамя таго, яшчэ і «дыскрэдытуюць прафесійныя фонды і захавальнікаў».

Нагадаем, што за год існавання ініцыятыва Maldzis набыла трэці Статут ВКЛ, Радзівілаўскую карту ВКЛ і Карту ВКЛ Яна Няпрэцкага, «Жазло кіравання» Сімяона Полацкага, а таксама франкамоўнае выданне «Вялікае майстэрства артылерыі» Казіміра Семяновіча.
Нядаўна ініцыятыва таксама выкупіла ў прыватнага калекцыянера ў Польшчы першую беларускамоўную карту краіны аўтарства Аркадзя Смоліча — усё гэта дзякуючы беларускім мецэнатам.
Але ўсе гэтыя дзеянні Радзівон Колас знаходзіць больш шкоднымі, чым карыснымі і нават бачыць у іх «дыскрэдытацыю прафесіяналаў».
«Maldzis «стварае ілюзію, што набытыя артэфакты былі «страчаныя» і дзякуючы грамадскім намаганням «вернутыя». Грамадства, асабліва ў эміграцыі, прыходзіць да памылковай высновы, што прафесійныя захавальнікі (бібліятэкары, архіварыусы, навукоўцы) не змаглі захаваць нацыянальныя скарбы або нават не ведаюць, што ў іх захоўваецца. Гэта падрывае давер да інстытутаў і іх супрацоўнікаў», — аргументуе Колас.
Па яго ж меркаванні, ініцыятыва праз «непрафесіяналізм» стваральнікаў тыражуе папулізм і выкупае сумнеўныя артэфакты ці дублікаты замест сапраўды каштоўных рэчаў.
«Ініцыятыва выкарыстоўвае гучныя і эмацыйныя, але фактычна недакладныя заявы (напрыклад, пра «вяршыню беларускай думкі» адносна Казіміра Семяновіча, чый беларускі след і ўнікальнасць ідэй ставяцца пад сумнеў навукоўцамі).
Кожны раз, калі збіраюцца значныя сродкі на набыццё другаснага дубліката, гэта дыскрэдытуе ідэю эфектыўнага грамадскага фінансавання. Гэтыя грошы маглі б пайсці на рэальныя прыярытэты, вызначаныя прафесіяналамі: набыццё адзіных страчаных экзэмпляраў або рэстаўрацыю артэфактаў, якія ўжо знаходзяцца ў краіне», — лічыць навуковец, дадаючы, што «ўнікальныя вернутыя артэфакты» ўжо былі раней даступныя беларусам бясплатна, і кожны ахвотны можа азнаёміцца з імі ў музеях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
«Калі грамадства верыць у «гераічнае вяртанне» другасных копій і не ведае пра тысячы арыгіналаў у НББ і ЦНБ НАН, то гэта значыць, што навукоўцы і бібліятэкары, якія гадамі захоўваюць гэтыя фонды, становяцца нябачнымі або дыскрэдытуюцца як неэфектыўныя захавальнікі», — робіць выснову Радзівон Колас.
Павел Мацукевіч: «Мы нікому не замінаем быць лепшымі за нас»
Стваральнікі ініцыятывы Maldzis лічаць такія прэтэнзіі на іх адрас дзіўнымі.
«Мы нікому не замінаем быць лепшымі за нас. Нават стварылі Летнюю школу, каб дапамагаць іншым праз свой вопыт і практыкі. Дарэчы, Радзівон Колас таксама быў удзельнікам гэтай школы», — пракаментаваў «Нашай Ніве» адзін з дзеячаў Maldzis, былы кіраўнік амбасады Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч.
«Наша інфармацыйная праца накіраваная на тое, каб вяртаць каштоўнасці ў беларускі кантэкст, у свядомасць грамадства — каб людзі ведалі і цікавіліся. І гэтая праца рэалізуецца ў тым ліку праз фізічнае вяртанне артэфактаў, бо менавіта фізічнае набыццё стварае найлепшую інфармацыйную нагоду».
Суразмоўца падкрэслівае, што яны ніколі не рабілі таямніцы з таго, колькі асобнікаў таго ці іншага артэфакта ёсць у Беларусі ці ў свеце.
«Да таго ж у тых канкрэтных музеях Беларусі, у якія мы плануем перадаць набытыя артэфакты і якія звычайна звязаныя з імі гістарычна, іх няма. Гэта тычыцца ўсіх набытых намі артэфактаў і ўсіх музеяў, якія мы абралі. Напрыклад, у Навагрудку, першай сталіцы ВКЛ, няма Трэцяга Статута ВКЛ, хоць асобнікі менавіта такога ж выдання, што набыты намі, ёсць у буйных бібліятэках Беларусі.
Другі прыклад: арыгінальны старадрук Сімяона Полацкага «Жазло кіравання» ёсць у Нацыянальнай бібліятэцы, іншых буйных бібліятэках, карпаратыўнай калекцыі, створанай Бабарыкам, але вось у самім музеі Сімяона Полацкага ў Полацку, у які мы і плануем перадаць свой здабытак, арыгінальнага выдання няма. І гэта стане для горада вельмі каштоўным здабыткам».
Пры гэтым асобныя з набытых пры ўдзеле Maldzis артэфактаў сапраўды рэдкія.
«Як, напрыклад, карта Смоліча — вядома пра існаванне літаральна некалькіх экзэмпляраў у свеце. Можа, іх фактычна больш, але пакуль вядома пра адзінкавыя», — дадае Павел Мацукевіч.
Што тычыцца крытыкі надмернага ўсыпання кампліментамі Семяновіча, ідэі якога спадар Колас як і частка іншых навукоўцаў не знаходзіць арыгінальнымі, тут у ініцыятывы сваё бачанне.
«Мы не сустракалі крытычных матэрыялаў адносна спадчыны Семяновіча, але адмыслова і не шукалі іх, — разважае Павел Мацукевіч. — Набытае намі выданне Семяновіча не з'яўляецца першым, але мы пакуль і не бачылі ў продажы першых выданняў. Але нават у гэтага ёсць свае цікавыя ўнікальныя асаблівасці. Напрыклад, да яго Семяновіч напісаў прадмову — адрозную ад той, што да першага выдання. Гэтая прадмова — апошняя дакументальная сведка жыцця Семяновіча.
І цікава, што менавіта гэты артэфакт мы набылі па рэкамендацыі навукоўца, які даслаў нам спасылку на аўкцыён».
Наконт «няправільнасці выкарыстання сродкаў» — маўляў грошы, сабраныя пад патранажам Maldzis, маглі б «пайсці на рэальныя прыярытэты, вызначаныя прафесіяналамі», у ініцыятыве адказваюць лаканічна:
«У нашым выпадку грошы мецэнатаў удалося сабраць менавіта пад тое, што мы робім і менавіта на ўмовах вяртання ў Беларусь».
Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць
«Як Вольскі прыходзіў з ператрусам да Коласа, а Крапіва і Глебка даносілі на калег». Апублікаваныя жахлівыя ўспаміны Рыгора Бярозкіна пра рэпрэсіі 1920—1940-х
Што сабой уяўляюць тыя метэазонды, якія прылятаюць з Беларусі ў Літву? Расказвае Бесараб
Каментары
Хай ідуць спачатку заробяць штосці на сваё існаванне, а потым займаюцца мецэнатствам разумнікі-бяссрэбранікі!