«Мяне схапілі і «бусіфікавалі»». Як былы беларускі палітвязень апынуўся на вайне ва Украіне
«Я ішоў па вуліцы. Машына заязджала ў двор. Перада мной выходзяць хлопцы. Я адразу пачаў казаць, што маю дакументы, я палонны, зараз на рэабілітацыі, лячуся. Нічога не дапамагло». Палітзняволены ў Беларусі грамадзянін Украіны Аляксандар Катовіч расказаў Радыё Свабодзе, як яго мабілізавалі.

Украінца Аляксандра Катовіча, які прабыў больш за два гады ў беларускай турме за крытыку расійскай агрэсіі, схапілі ў Кіеве супрацоўнікі ваеннага камісарыята і мабілізавалі ў войска. Цяпер мужчына знаходзіцца ў шпіталі з псіхіятрычным дыягназам і спадзяецца атрымаць статус абмежавана прыдатнага да ваеннай службы, каб служыць у тыле. Бо цалкам ухіліцца ад вайны ён наўрад ці зможа.
«Бусіфікавалі»
Украінца Аляксандра Катовіча, паводле яго слоў, затрымалі супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра камплектавання і сацыяльнай падтрымкі (ТЦК — так цяпер ва Украіне называюцца ваенныя камісарыяты) 17 лютага. Ён сам кажа, што яго «схапілі» і «бусіфікавалі».
Ва Украіне з’явілася спецыяльнае слова «бусіфікаваць» (ад слова «бус» — мікрааўтобус), так называюць сітуацыю, калі мужчын прызыўнога ўзросту на вуліцы затрымліваюць супрацоўнікі ТЦК і садзяць у мікрааўтобус, каб потым адправіць на вайну. Мужчыны, якія не хочуць ваяваць, рознымі спосабамі спрабуюць ухіліцца ад службы: хтосьці ўцякае «ляснымі сцежкамі» за мяжу, бываюць і напады на супрацоўнікаў ТЦК.
«Я ішоў па вуліцы. Машына заязджала ў двор. Перада мной выходзяць хлопцы. Я адразу пачаў казаць, што маю дакументы, я палонны, зараз на рэабілітацыі, лячуся. Нічога не дапамагло. Мяне павезлі. Сказалі: «Давай мы зараз пад’едзем у аддзел паліцыі, там табе паліцэйскі выпіша папярэджанне за тое, што ты ў вышуку, і вы з адвакатам пойдзеце і ўсе пытанні вырашыце»», — расказвае ён.

Аляксандр кажа, што не паверыў і не хацеў ехаць. Але супрацоўнікі ТЦК прапанавалі яму ехаць добраахвотна, або яны яго запіхнуць у бус сілай. Ён у выніку пагадзіўся сесці сам. Мужчына кажа, што яго падманулі і павезлі не ў паліцыю, а ў ТЦК. У тым жа будынку на іншым паверсе знаходзілася ваенна-ўрачэбная камісія. Катовічу адразу загадалі яе праходзіць. Дадому ён ужо не вярнуўся.

«Далей былі рэкрутэры, адбіралі сабе байцоў. Я запісаўся ў падраздзяленне кібербяспекі. У ТЦК у той дзень ужо выкарысталі ліміт адпраўкі ваенных на навучанне, таму я застаўся ў ТЦК на ноч. Раніцай назвалі маё прозвішча. Я кажу: «Мяне ўжо забраніравалі (ў падраздзяленне кібербяспекі)». Але той хлопец паціснуў плячыма: «Я нічога не магу зрабіць. Едзь»», — расказвае суразмоўца.
У бліндажы
Аляксандр расказвае, што яго прывезлі ў іншы раён Кіева, дзе адбіралі мужчын у штурмавы полк, а ўрэшце завезлі ў вайсковую часць на паўднёвым усходзе Украіны. Яшчэ тыдзень пасля гэтага ён заставаўся ў тым жа адзенні, у якім яго забралі прадстаўнікі ТЦК. Пераапрануўся, калі ў часць прыйшло матэрыяльнае забеспячэнне.
«Лес. Прылятаюць дроны. Прылятаюць ракеты. Нячаста. Але калі прылятае, то ў бліндажы вельмі чуваць. Плёнка на бліндажы трымцела. Першыя дні было вельмі цяжка. Я быў у шоку: дзе я? Мы жывём у зямлі, ходзім у адным адзенні, адных чаравіках», — апісвае атмасферу Аляксандр.

Яны з іншымі мабілізаванымі жылі ў бліндажы, выкапаным у зямлі і абкладзеным бярвеннямі. Бліндаж знаходзіўся на балоце. Калі ў сакавіку пачаў раставаць снег, іх жыллё заліла вадой. Даводзілася чатыры-пяць разоў на дзень выносіць адтуль вёдрамі па 900—1000 літраў вады. Прыкладна праз тыдзень ім далі помпу.
«Ты ўстаеш, а ў цябе ўжо па шчыкалатку вада стаіць», — кажа ён. Падрыхтоўка да ваеннай службы заняла 54 дні. Паводле яго, палову часу яны выконвалі фізічную працу, а палову — вучыліся.
«Мы з шостай да восьмай раніцы насілі ваду. Пасля ішлі ў сталоўку, забіралі сняданак. З дзевяці да першай — навучанне: тактычная медыцына, тактыка, інжынерна-сапёрная справа, стральба, арыентаванне, сувязь, лекцыі пра зброю і беспілотнікі. Потым абед. З другой да шостай — зноў навучанне. А шостай вячэра. Ты ўжо знясілены, бо хадзіў у бронекамізэльцы ўвесь дзень, а яна важыць каля дваццаці кілаграмаў», — расказвае ён.
Шпіталь
Цяпер Аляксандр знаходзіцца ў шпіталі, праходзіць абследаванні і лячэнне. Частку дня займаюць медыцынскія працэдуры, яшчэ некалькі гадзін ён можа гуляць у горадзе.
«Я атрымліваю асалоду ад вясны і прагулак. Тут Дняпро побач. Сёння быў дождж, але я ўсё роўна пайшоў», — кажа ён.
Яшчэ да мабілізацыі ён звяртаўся да псіхіятра са скаргамі на наступствы зняволення ў Беларусі. Яму паставілі дыягназ посттраўматычнага расстройства, а ўжо ў войску — трывожна-дэпрэсіўны разлад.

Яна парэкамэндавала скіраваць Катовіча на стацыянарнае лячэнне ў шпіталь і на вайскова-лекарскую камісію, каб высветліць, наколькі Катовіч прыдатны да вайсковай службы. Сярод іншых рэкамэндацыяў доктаркі — не дапускаць Катовіча да зброі, дзяржаўнай таямніцы і кіравання транспартам; вызваліць ад фізічных нагрузак.
Псіхіятарка параіла Аляксандру ўнікаць стрэсавых сітуацый, працаваць з псіхатэрапэўтам, а таксама выпісала байцу лекі.
Сёлета ў красавіку Катовіч прыехаў у лякарню. Колькі ён там прабудзе, пакуль невядома. Мужчына спадзяецца, што яму дадуць статус абмежавана прыдатнага да вайсковай службы. Тады яго маглі б накіраваць не на перадавую, а ў тылавыя часткі, прыкладам, займацца лагістыкай. Але шанец 50/50, кажа суразмоўца.
«Звычайна ўсіх накіроўваюць у вайсковую частку і там вырашаюць. Я буду імкнуцца трапіць у тылавыя часткі, а не на «перадок», працягваць служыць у падраздзеле, можа, у маёй прафэсіі ў IT. Можна знайсьці для сябе някепскую працу з някепскім заробкам і працягваць дапамагаць краіне», — тлумачыць суразмоўца.
Варыянту, каб яго цалкам адпусьцілі ў цывільнае жыцьцё, паводле Катовіча, няма. Ён кажа, што калі б атрымаў статус цывільнага палоннага, то разам зь ягоным псыхіятрычным дыягназам гэта магло б быць падставай не служыць. Яшчэ адна падстава вярнуцца да цывільнага жыцця — раненне на вайне.
«Гэта амаль немагчыма. Не толькі для мяне. Там трэба мець вельмі вялікі паслужны спіс хваробаў: і хранічных, і не хранічных, каб паспрабаваць. Але гэта ўсё мае быць пацверджана вайсковымі лекарамі, а не з волі», — удакладняе ён.
Трыццаць мужчын, якія навучаліся разам з Аляксандрам, з ягоных словаў, ужо ваююць на пазіцыях.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары