Меркаванні

Шрайбман упэўнены, што Беларусь на парозе пералому

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман расказаў у эфіры «Еўрарадыё», як можа выглядаць жыццё ў Беларусі ў бліжэйшыя 5‑7 гадоў, калі не адбудзецца рэзкіх палітычных узрушэнняў.

Ілюстрацыйны здымак. Крыніца: AP Photo / Pavel Bednyakov

Адказваючы на пытанне пра магчымасць пазітыўных змен у краіне ў сярэднетэрміновай перспектыве без кардынальнай змены ўлады, палітычны аналітык Арцём Шрайбман прапанаваў паглядзець на сітуацыю праз прызму гістарычнага вопыту, нагадаўшы пра сітуацыю 2014—2015 гадоў. Тады, на фоне мінскіх перамоў па Украіне і адмовы Мінска ад размяшчэння расійскай авіябазы, пачалася дыпламатычная разрадка, якую грамадства ў моманце не ўсведамляла поўнасцю.

«Гэта быў пераломны перыяд. Мы тады ў моманце, можа быць, гэтага не поўнасцю адчувалі. Толькі, напэўна, калі санкцыі ў пачатку 2016 года адмянілі (а ў сярэдзіне 2015‑га прыпынілі), стала зразумела, нешта адбываецца. (…) 

Рэтраспектыўна гэта стала пераломным перыядам. У мяне ёсць адчуванне, што мы цяпер пражываем, уваходзім у перыяд, які пры добрым збегу абставін у будучыні, праз 10 гадоў (…) мы будзем называць таксама пачаткам новага пераломнага перыяду», — упэўнены Шрайбман.

Аналітык адзначае, што ўводныя даныя мяняюцца. Вайна ва Украіне, на яго думку, рухаецца да стадыі ўрэгулявання з-за знясілення бакоў, а ўнутры Беларусі «нармалізавалася практыка рэдкіх, недастатковых, блытаных, але памілаванняў палітзняволеных». «Гэтага не было да сярэдзіны 2024-га. Цяпер гэта галоўны працэс у беларускай палітыцы».

Акрамя таго, мяняецца стаўленне Захаду. Аналітык падкрэслівае, што ЗША стварылі прэцэдэнт «прагматычных міні-разменаў» з Лукашэнкам, якім ужо карыстаюцца іншыя гульцы — Ватыкан, Польшча, Літва.

«Гэта значыць ствараецца нейкая новая норма. (…) Гэта меншы зашквар, чым раней, безумоўна. Але самае галоўнае, што гістарычна мы выйшлі з нейкага лакальнага застою (…) і пайшла хоць нейкі палітычны рух. (…) Мне здаецца, рэтраспектыўна, у 2030 годзе мы зможам, (…) калі будзе рэалізаваны добры сцэнарый, (…), на сённяшні момант глядзець як на кропку пералому».

Як можа выглядаць добры сцэнарый

Пазітыўны сцэнарый, паводле Шрайбмана, магчымы, калі цікавасць Захаду да ўзаемадзеяння не згасне, а пашырыцца на іншых гульцоў (ЕС, Вялікабрытанія і нават Украіна). Гэта сфарміруе трэк дээскалацыі, які закране і ўнутраную палітыку, бо цяперашні ўзровень рэпрэсій несумяшчальны з нармалізацыяй.

«Дээскалацыя стане галоўным працэсам, вакол якога ідзе ўся палітыка. (…) Дээскалацыя, адпаведна, па логіцы свайго працэсу будзе павінна ўключаць і ўнутраную палітыку. З захаваннем такога ж ліку палітзняволеных дээскалацыя не здарыцца.

Іх прыйдзецца альбо якасна, шматразова зніжаць, альбо выключаць гэту з'яву як такую, пераходзіць да іншых формаў рэпрэсій. Гэта значыць замест крымінальных рэпрэсій спадзявацца толькі на адміністрацыйныя, на запалохванне, гэта значыць нейкае змякчэнне рэпрэсіўнай палітыкі».

Эксперт мяркуе, што Мінск можа пайсці на такі крок, «калі ў Лукашэнкі будзе дастаткова стымулаў, каб гэтую дээскалацыю працягваць». У якасці аднаго з такіх стымулаў ён называе эканоміку:

«А стымулы, у прынцыпе, могуць з'яўляцца, таму што расійская эканоміка ўжо не тое ж самае, што было 2‑3 гады таму».

Арцём Шрайбман. Скрын відэа: EuroradioLive / YouTube

Аднак, як падкрэслівае эксперт, поспех сцэнарыя залежыць ад увагі Захаду.

«Казахстанская мадэль» і вяртанне грамадзянскай актыўнасці

Калі працэс працягнецца, Беларусь можа ўбачыць адмову ад некаторых рэпрэсіўных практык. Пры гэтым Шрайбман перасцерагае ад завышаных чаканняў:

«Я не веру ў поўнае згортванне рэпрэсій пры Лукашэнку, я не веру ў вяртанне ў 2019 год ці ў 2017 год, які быў (…) кропкай найніжэйшых рэпрэсій у рэспубліцы».

Замест гэтага эксперт бачыць магчымасць пераходу да мадэлі кантролю, падобнай да той, што існуе ў Казахстане — аўтарытарнай, але без масавых пасадак:

«Але мы можам вярнуцца ў кропку адсутнасці або практычна адсутнасці прызнаных палітзняволеных. Калі ўлада абыходзіцца іншымі мерамі для таго, каб кантраляваць грамадства. Напрыклад, не трэба такая колькасць крымінальных спраў уладам Казахстана, каб падтрымліваць палітычную лаяльнасць і спакой унутры краіны. Хоць казахстанскае грамадства таксама мадэрновае, развітае, лічбавізаванае, адукаванае. Але тым не менш, казахстанская ўлада можа яго трымаць у палітычным спакойным стане без сотняў палітзняволеных».

На думку аналітыка, беларуская ўлада можа прыйсці да высновы, што здольная кіраваць меншымі рэпрэсіямі, атрымліваючы наўзамен выгады на Захадзе — размарожванне кантактаў ці нават зняцце часткі санкцый.

Такое змякчэнне клімату прывядзе да аднаўлення грамадзянскай актыўнасці. Яна пачнецца з нізавых ініцыятыў — краязнаўчых, моўных, урбаністычных, а таксама з ажыўлення бізнэс-супольнасцяў.

«Гэта можа ўсё разрастацца. Гэтак жа, як яно ў меншай ступені, але па падобных патэрнах, разрасталася ў 2015-м, 2016-м, 2017-м. Затым гэта можа паступова перайсці ў сферы, якія сёння з'яўляюцца табу, — экалагічны актывізм,(…) гендарныя арганізацыі».

Шрайбман падкрэслівае, што гэты сцэнарый ён не можа назваць «самым імаверным», але ён магчымы, бо сумяшчальны з выжываннем рэжыму Лукашэнкі, з «больш-менш кантраляваным транзітам улады», і не выклікае крытыкі з боку Расіі.

У працэс могуць уключыцца і нейтральныя міжнародныя гульцы, такія як Міжнародны валютны фонд ці Сусветны банк, якія здольныя падтрымаць нармалізацыю грашыма.

«Таму, у цэлым, у гэтым сцэнары няма нічога немагчымага нават пры сённяшніх палітычных уводных. Гэта значыць пры лукашэнкаўскім рэжыме, пры захаванні сілавога апарату, пры захаванні рэпрэсій, пры захаванні арыентацыі на Расію, дапамогі расійскаму ВПК і гэтак далей.

Але ў той ці іншай ступені гэта замяшчальна, калі складваюцца іншыя пераменныя ў добры бок. Гэта перамір'е ва Украіне нейкае. (…) Гэта вось захаванне фокусу да Беларусі. (…) Ці будзе гэты шлях лёгкім і лінейным? Дакладна не. Але гэта сцэнарый, які на 5‑7 гадоў я б не выключаў дакладна».

Імавернасць такога шляху развіцця Арцём Шрайбман ацаніў у 30—40%.

Каментары

Цяпер чытаюць

Апублікавана шакуючая праслухоўка перамоў спецпрадстаўніка Трампа і памочнікаў Пуціна. Што там?40

Апублікавана шакуючая праслухоўка перамоў спецпрадстаўніка Трампа і памочнікаў Пуціна. Што там?

Усе навіны →
Усе навіны

На Случчыне кіроўцу параніў металічны прадмет, які вылецеў з-пад колаў машыны2

Аляксандр Мілінкевіч у рэанімацыі, яго стан вельмі цяжкі13

Сярод беларускіх каталікоў пашырае ўплыў «Альфа». Чаму не ўсім гэта даспадобы?12

Аказваецца, з прэзідыума Усебеларускага сходу выключылі аднаго чалавека. За што яго так?3

Падчас начной атакі на Таганрог ўкраінцы знішчылі два ўнікальныя расійскія самалёты7

На карупцыі злавілі дырэктара Інстытута машынабудавання Акадэміі навук разам з намеснікам і бухгалтарам7

Прах балерыны Плісецкай і кампазітара Шчадрына развеялі над Акой5

Беларуска хацела ўзяць ката ў польскім прытулку, але ў яе запатрабавалі пастаянны від на жыхарства7

Прэзідэнт Польшчы, разважаючы пра сучасную цэнзуру, згадаў беларусаў і іх «вялікага чалавека»26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Апублікавана шакуючая праслухоўка перамоў спецпрадстаўніка Трампа і памочнікаў Пуціна. Што там?40

Апублікавана шакуючая праслухоўка перамоў спецпрадстаўніка Трампа і памочнікаў Пуціна. Што там?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць