Усяго патроху

Навукоўцы выявілі, што ў ільвоў ёсць два тыпы рыку

Магутны рык ільва — адзін з самых вядомых гукаў у прыродзе, сімвал сілы і ўлады. Новае даследаванне навукоўцаў паказала, што кароль звяроў мае ў сваім арсенале не адзін, а два розныя тыпы рыку. Гэта адкрыццё не толькі змяняе нашы ўяўленні пра камунікацыю гэтых драпежнікаў, але стварае новыя магчымасці для аховы гэтых велічных жывёлін.

Фота: Getty Images

Брытанскія навукоўцы з Універсітэта Эксэтэра зрабілі нечаканае адкрыццё: знакаміты рык ільвоў бывае двух відаў. Акрамя звыклага магутнага рыку, які мы ўсе ведаем, існуе і так званы прамежкавы рык.

Як паведамляе The Telegraph, для таго, каб выявіць гэтыя адрозненні, даследчыкі звярнуліся да сучасных тэхналогій.

Яны выкарысталі штучны інтэлект для аналізу тысяч гукавых файлаў. Маштабны збор даных ахапіў два рэгіёны Афрыкі: у Нацыянальным парку Ньерэрэ (Танзанія) схаваныя мікрафоны за два месяцы зафіксавалі 1414 ільвіных «вакалізацый», а ў запаведніку ў даліне Буб’е (Зімбабвэ) больш за 1700 запісаў было атрымана з GPS-ашыйнікаў на пяці самцах.

Камп'ютарны аналіз паказаў, што паміж звыклым бурчаннем і магутным поўнагалосым рыкам хаваецца яшчэ адзін гук, які дастаткова адрозніваецца, каб лічыць яго асобным тыпам. Машыннае навучанне здолела правільна распазнаць гэтыя два віды рыку з дакладнасцю 95%.

Па словах аўтара даследавання, аспіранта Эксэтэрскага ўніверсітэта Джонатана Гроўката (Jonathan Growcott), рык — гэта вельмі важная частка паводзін ільвоў. Ён не толькі служыць сігналам для іншых членаў сямейнай зграі гэтых жывёл (прайду) пра сваё месцазнаходжанне, але і дапамагае пазначаць тэрытарыяльныя межы для чужынцаў, а таксама можа перадаваць інфармацыю, якая тычыцца памеру прайду, узросту ці нават індывідуальных асаблівасцей канкрэтнага льва.

Самцы львоў могуць рыкаць прыкладна праз год пасля нараджэння, а самкі львоў — праз некалькі месяцаў. На гэтым відэа можна ўбачыць, як ільвяня робіць першыя спробы прадэманстраваць свой гучны рык.

Навуковец прызнае, што пакуль не да канца зразумела, чым менавіта пераходны рык адрозніваецца па сэнсе ад поўнагалосага. Але вядома, што кожны леў мае ўнікальны рык, па якім яго можна пазнаць.

Менавіта таму даследчыкі спадзяюцца, што ў будучыні запіс і аналіз рыку стане дакладным інструментам падліку львоў у дзікай прыродзе і ацэнкі шчыльнасці папуляцыі.

Сёння ў Афрыцы засталося каля 25 тысяч дзікіх львоў — прыкладна ўдвая менш, чым на пачатку ХХІ стагоддзя. Таму патрэбныя новыя, больш аб’ектыўныя метады маніторынгу папуляцый.

Фота: Getty Images

Як тлумачыць Гроўкат, раней вызначэнне тыпу рыку было суб'ектыўным, бо залежала толькі ад меркавання чалавека-эксперта, які мог памыліцца. Новы падыход з выкарыстаннем штучнага інтэлекту абяцае больш дакладны і аб'ектыўны маніторынг. А гэта крытычна важна для аховы віду.

Навукоўцы лічаць, што надышоў час для змены парадыгмы ў назіранні за дзікай прыродай і больш шырокага выкарыстання пасіўных акустычных метадаў. Развіццё біяакустыкі стане ключавым для эфектыўнага захавання не толькі львоў, але і іншых відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай.

Вынікі даследавання апублікаваныя ў навуковым часопісе Ecology and Evolution.

Каментары

Цяпер чытаюць

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»9

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»

Усе навіны →
Усе навіны

У Любані без вады засталіся дамы, школы, дзіцячыя сады і бальніца1

Tesla выпусціла на вуліцы робатаксі без руля і педаляў. Ці наважацца людзі ў іх сесці?

«Уплываць на тых, хто там, мы можам і тут». Дзмітрый Семчанка — пра свой дэбют на «Белсаце» з новым праектам9

Баркоўскі: Часам узнікае жаданне папрасіць Еўракамісію скараціць датацыі на незалежныя медыя41

Лявон Вольскі выпусціў новую песню «Пакідаем на потым»2

Беларускі брэнд замовіў вышыўку на адзенні — ім прыслалі партыю з недарэчнай памылкай у цытаце Якуба Коласа19

У Непале праз дзевяць дзён пасля паводкі выратавалі двух рабочых ВІДЭА

Урад Мелоні пабіў рэкорд знаходжання ва ўладзе ў пасляваеннай Італіі2

У Гродне кіраўніца школьнай апякунскай рады забрала сабе больш за 3600 рублёў унёскаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»9

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць