Аўто

Tesla выпусціла на вуліцы робатаксі без руля і педаляў. Ці наважацца людзі ў іх сесці?

Спрабуючы дагнаць канкурэнтаў на рынку беспілотных таксі, Ілан Маск пайшоў на крок, на які пакуль наважваліся нямногія. Для Tesla гэта можа стаць адным з самых важных эксперыментаў апошніх гадоў.

Tesla Cybercab на вуліцах Осціна. 3 верасня 2026 года. Фота: AP Photo / Eric Gay

Апошнія гады для аўтамабільнага бізнэсу Ілана Маска былі няпростымі. Продажы Tesla летась скараціліся другі год запар, прыбытак кампаніі ўпаў, а першынство на сусветным рынку электрамабіляў перайшло да кітайскай BYD.

Таму будучыню Tesla Маск усё часцей звязвае не толькі з продажам электрамабіляў. Адной з галоўных ставак кампаніі сталі машыны, здольныя самастойна вазіць пасажыраў.

Сэрвіс беспілотных таксі Tesla працуе ў Осціне (штат Тэхас) з чэрвеня мінулага года, а пазней з'явіўся яшчэ ў пяці гарадах Тэхаса і Фларыды. Спачатку ў машынах знаходзіліся страхавыя кіроўцы, гатовыя перахапіць кіраванне ў выпадку праблем. Цяпер частка робатаксі ўжо ездзіць без іх.

Паводле звестак сайта RobotaxiTracker, такіх машын у Tesla больш за 200. Гэта, аднак, нашмат менш, чым у галоўнага канкурэнта — кампаніі Waymo, якая належыць той жа карпарацыі, што і Google. У яе больш за 4000 беспілотных таксі ў 14 гарадах.

Дагэтуль, аднак, нават робатаксі Tesla без страхавога кіроўцы заставаліся аўтамабілямі са звыклымі органамі кіравання — рулём і педалямі. Цяпер Маск вырашыў адмовіцца і ад іх.

Як піша Associated Press, у чацвер Tesla выпусціла на вуліцы Осціна дзясяткі Cybercab — беспілотных таксі, у якіх няма ні руля, ні педаляў. Калі нешта пойдзе не так, пасажыр фізічна не зможа перахапіць кіраванне.

«Ніякага руля, ніякіх педаляў», — так у акаўнце Tesla Robotaxi ў X анансавалі запуск новых аўто. Сам Маск апублікаваў выяву гіганцкага Cybercab над Осцінам, а пазней напісаў: «Бура Cybercabs».

Пакуль незразумела, як хутка Tesla збіраецца разгортваць новы сэрвіс. Але, як адзначае AP, Маску трэба спяшацца: па колькасці машын і паездак яго кампанія істотна адстае ад Waymo.

Адрозніваецца і тэхнічны падыход канкурэнтаў. Tesla робіць стаўку на камеры: менавіта з іх дапамогай аўтамабіль павінен распазнаваць дарогу, іншыя машыны і пешаходаў. Waymo і яшчэ адзін канкурэнт, Zoox ад Amazon, акрамя камер выкарыстоўваюць радары і лідары, якія вызначаюць адлегласць да навакольных аб'ектаў пры дапамозе лазераў.

Tesla цяпер трэба даказаць, што яе сістэма здольная бяспечна арыентавацца ў складаным гарадскім руху і без такога дадатковага абсталявання.

Але ці захочуць людзі садзіцца ў машыну без руля?

Нават калі тэхналогія будзе працаваць бездакорна, застаецца яшчэ адна праблема — давер пасажыраў.

Апытанне Pew Research Center, праведзенае ў лютым, паказала, што сем з дзесяці дарослых амерыканцаў адчувалі б сябе некамфортна ў беспілотным аўтамабілі. Толькі 7% заявілі, што адчувалі б сябе ў такой машыне вельмі або надзвычай камфортна, яшчэ 16% — у пэўнай ступені камфортна.

Аднак планы Маска значна шырэйшыя за некалькі дзясяткаў Cybercab у Осціне. У перспектыве ён хоча зрабіць беспілотнымі сотні тысяч ужо выпушчаных Tesla пры дапамозе абнаўлення праграмнага забеспячэння.

Паводле яго задумы, уладальнік зможа адпраўляць свой аўтамабіль працаваць таксі ў той час, калі сам ім не карыстаецца.

На шляху да гэтага ёсць яшчэ адна перашкода — рэгулятары. У большасці краін Еўрасаюза Tesla дагэтуль не атрымала дазволу нават на выкарыстанне сваёй сістэмы часткова аўтаномнага кіравання. А ў ЗША, дзе яна ўжо выкарыстоўваецца, рэгулятары праводзяць некалькі расследаванняў, звязаных з яе бяспекай.

Але інвестараў рызыкі пакуль не палохаюць. У дзень запуску Cybercab акцыі Tesla выраслі больш чым на 5%.

Каментары

Цяпер чытаюць

Віталь з-пад Вілейкі, які падпаліў хату з уласнымі дзецьмі, завербаваўся ў расійскае войска. І прапаў на першым жа баявым заданні5

Віталь з-пад Вілейкі, які падпаліў хату з уласнымі дзецьмі, завербаваўся ў расійскае войска. І прапаў на першым жа баявым заданні

Усе навіны →
Усе навіны

У Данецку ўзарвалі забойцу генерала ўкраінскай разведкі. Пра аперацыю маўчалі больш за месяц8

Мэр Мінска патлумачыў, чаму дрэвы на праспекце Незалежнасці замянілі на расліны ў кадках5

Дзяніс Кучынскі заявіў, што новы палітычны сезон можа быць вырашальным11

73‑гадовага афганца асудзілі па дзвюх палітычных крыміналках2

«Схуднеў на 10 кілаграмаў». Суўладальнік архітэктурнай студыі ZROBIM architects распавёў пра чатыры месяцы ў СІЗА2

Заплацілі 8000 даляраў за пуцёўку — і атрымалі кашмар. Як беларусы з'ездзілі ў Турцыю ў пяцізоркавы гатэль10

Беларуская сям'я 10 гадоў не магла знайсці схаваную заначку. Грошы ўвесь гэты час ляжалі ў печы8

Трамп кардынальна памяняў колер валасоў ФОТАФАКТ13

У Пермі беспілотнік трапіў у шматпавярховы дом4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Віталь з-пад Вілейкі, які падпаліў хату з уласнымі дзецьмі, завербаваўся ў расійскае войска. І прапаў на першым жа баявым заданні5

Віталь з-пад Вілейкі, які падпаліў хату з уласнымі дзецьмі, завербаваўся ў расійскае войска. І прапаў на першым жа баявым заданні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць