Свет3333

Які план супраць гібрыдных атак з Беларусі абвясціў літоўскі ўрад

У адказ на запушчаныя з беларускага боку метэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі Літва закрыла на нявызначаны час памежныя пункты з Беларуссю. У панядзелак прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене склікала пасяджэнне Нацыянальнай камісіі па бяспецы. Пасля яе яна абвясціла, што будзе рабіць урад праз цяперашнюю сітуацыю на мяжы.

Скрын відэа

У панядзелак Інга Ругінене склікала пасяджэнне Нацыянальнай камісіі па бяспецы.

«Мы не толькі абмеркавалі тое, што адбылося на выходных, што спрацавала, якія сродкі не спрацавалі, але і падрыхтавалі дакладны алгарытм нашых будучых дзеянняў», — расказала яна ў сваёй заяве, піша LRT.

Паводле слоў Ругінене, кожнае міністэрства атрымала заданні і ўжо пачало або пачне дзейнічаць. Перш за ўсё, выдзеліла прэм'ер-міністр, паліцыя і памежнікі кансалідуюць свае сілы для барацьбы з кантрабандай.

«Падрыхтаваны ўвесь план дзеянняў, як змагацца супраць кантрабанды, і ўжо, як вядома, на мінулым тыдні былі затрыманыя асобы — далей гэтыя дзеянні будуць толькі інтэнсіфікавацца», — праінфармавала прэм'ер-міністр.

Паводле яе слоў, у кіраванне сітуацыяй далучаецца Міністэрства замежных спраў. Найперш, яно разам з Міністэрствам па справах ЕС узгодніць пакет дадатковых санкцый супраць Беларусі.

«Гэта будзе зроблена хутка. Таксама актыўна дасягаюцца дамоўленасці і вядуцца камунікацыі з нашымі саюзнікамі і з нашымі суседкамі — Польшчай і Латвіяй. Любое нашае дзеянне ўзгоднена з імі, мы не асобная дзяржава, мы — частка НАТА і ЕС. Усё, што мы робім, узгадняем з імі», — сказала Ругінене.

Прэм'ер-міністр таксама паведаміла, што Літва кансультуецца з саюзнікамі, не адкідаецца магчымасць гаварыць пра актывацыю 4‑га артыкула НАТА.

«Гэтыя дзеянні знаходзяцца ў нашым парадку дня», — сказала Ругінене.

4‑ы артыкул НАТА азначае кансультацыі Альянсу, падчас якіх разглядаецца, ці ўзнікае пагроза для дзяржавы, якая актывавала артыкул, і як на гэта рэагаваць.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, ужо цяпер урад падрыхтаваў рашэнне на неабмежаваны час закрыць мяжу з Беларуссю.

Праўда, будуць дзейнічаць пэўныя выключэнні.

«Гэта значыць, дыпламаты, дыпламатычная пошта змогуць перамяшчацца, таксама нашыя і грамадзяне ЕС змогуць з Беларусі трапіць да нас, але ўвесь астатні рух будзе закрыты. Так мы пасылаем сігнал Беларусі і кажам, што да ніякіх гібрыдных атак тут не будуць талерантнымі, мы распачнём самыя жорсткія меры для спынення такіх атак», — заявіла Ругінене.

Паводле яе слоў, з панядзелка армія пачне прымаць «усе меры», неабходныя для спынення шароў, якія ўлятаюць, і ўжываць кінетычныя сродкі для збівання шароў.

«Так мы пасылаем сігнал, што мы гатовыя прыняць нават самыя жорсткія меры, калі парушаецца наша паветраная прастора», — сказала Ругінене.

Праўда, яна не канкрэтызавала, якімі сродкамі будуць збівацца шары, што ўляцелі ў Літву.

«Гэта адчувальная інфармацыя, але армія ўжо падрыхтавала план дзеянняў і будзе працаваць дакладна паводле алгарытму. (…) Алгарытм распрацаваны ў арміі, шары будуць збівацца», — дадала Ругінене.

За кантрабанду будуць караць пазбаўленнем волі

Прэм'ер-міністр заявіла, што ў сераду на пасяджэнні ўрада будзе прадстаўлены новы праект паправак да Крымінальнага кодэкса, якім збіраюцца ўзаконіць «самы высокі і жорсткі» прысуд за кантрабанду — пазбаўленне волі.

«Раней мы гаварылі пра грашовыя штрафы і іх павелічэнне, а сёння ўжо абмеркавалі, што гэта магло б быць і пазбаўленне волі», — сказала прэм'ер-міністр.

Прэм'ер-міністр сказала, што Літва разглядае шары, якія ўлятаюць у Літву, як гібрыдную атаку, а беларускі рэжым у гэтым працэсе ўдзельнічае сваёй бяздзейнасцю.

«Як вы ведаеце, бяздзейнасць — гэта таксама дзеянне. Калі Беларусь нічога з гэтым не робіць і не змагаецца, мы таксама адпаведна ацэньваем гэтыя дзеянні. (…) Мы бачым удзел [беларускага рэжыму] праз бяздзеянне. Вось так. Мы, безумоўна, расцэньваем гэта як гібрыдную атаку», — сказала Ругінене.

Метэаралагічныя шары траплялі ў Літву і раней, напрыклад, летась у верасні такі шар з кантрабандай прызямліўся на тэрыторыі Віленскага аэрапорта. Па ацэнцы прэм'ер-міністра, сёння сітуацыя іншая з-за наяўнасці абсталявання, якое дазваляе раней і лепш заўважаць аб'екты, што ўлятаюць у Літву, таму аэрапорт закрываюць, калі шары яго яшчэ не дасягнулі.

«Летась мы былі сляпымі куранятамі і шмат чаго не бачылі. Дзякуй Богу, не адбылося катастрофы. Мы пэўных аб'ектаў, якія рухаюцца, не бачылі, з-за гэтага не было рашэнняў закрываць паветраную прастору. (…) Сёння мы маем нашмат лепшае абсталяванне, можам бачыць нашмат больш, з-за гэтага ацэньваем рызыкі, лічым, што павінны прымаць меры, каб абараніць сваіх грамадзян», — заявіла прэм'ер-міністр.

Ругінене таксама падкрэсліла, што сёння Літва можа назіраць кірунак руху метэаралагічных шароў.

«Яшчэ больш дакладна зможам іх каардынаваць, назіраць, арганізоўваць працу аэрапорта», — сказала Ругінене.

Яна адзначыла, што апошнім часам для метэаралагічных шароў спрыяльныя ўмовы надвор'я.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, сёння мы жывём у «абсалютна новай» рэальнасці: «На жаль, так ёсць, не магу парадаваць. Жывём у новай рэальнасці, і была адна атака, калі мігранты ішлі да нас праз мяжу. (…) Спынілі — цяпер з'явіўся новы сродак. Спынім новы сродак — ніхто не абаронены, што не з'явіцца яшчэ адзін».

Каментары33

  • Чыя гібрыдная правакацыя
    27.10.2025
    Прэм'ер-міністр сказала, што Літва разглядае шары, якія ўлятаюць у Літву, як гібрыдную атаку, а беларускі рэжым у гэтым працэсе ўдзельнічае сваёй бяздзейнасцю./

    Ізноў гэтае спадзяванне літоўцаў на Лукашэнку.
    Чыя гібрыдная атака? Лукашэнкіна? Дык прычым тут "бяздзейнасць"? Наадварот тады "дзейнасць".
    Ці атака Пуцінская? А Лукашэнка зачыняе на яе вочы. Тады так, правільна: "ўдзельнічае сваёй бяздзейнасцю".

    Але чаму тады літоўцы не кажуць адкрыта , што гэта РАСЕЙСКАЯ гібрыдная правакацыя?

    Бо менавіта Расея распрацоўвае план захопу Літвы і далучэння яе да Расеі.
  • Пытанне
    27.10.2025
    Па ацэнцы прэм'ер-міністра, сёння сітуацыя іншая з-за наяўнасці абсталявання, якое дазваляе раней і лепш заўважаць аб'екты, што ўлятаюць у Літву, таму аэрапорт закрываюць, калі шары да яго яшчэ не дасягнулі./

    Дык усё ж такі абсталяванне, якое дазваляе раней і лепш заўважаць аб'екты ёсць. Чаму тады не збіваюць аб'екты, якія заўважылі з дапамогай гэтага абсталявання?
  • Пытанне
    27.10.2025
    Ругінене таксама падкрэсліла, што сёння Літва можа назіраць кірунак руху метэаралагічных шароў./

    Проста назіраць і зачыняць аэрапорты?
    Гэта тое, што трэба Маскве. Дэстабілізацыя . Чаму б проста не збіваць гэтыя шары і не зачыняць аэрапорты?

Цяпер чытаюць

Жалезная заслона ў дзеянні: як зменшылася колькасць перасячэнняў мяжы Беларусі і Еўрасаюза за апошнія гады27

Жалезная заслона ў дзеянні: як зменшылася колькасць перасячэнняў мяжы Беларусі і Еўрасаюза за апошнія гады

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі грыбнік знайшоў у лесе незвычайныя баравікі1

За падпіску на каналы трэш-блогера Мэлстроя цяпер будуць караць12

Выходзіць кіно пра беларусак у палітыцы. Адна з галоўных гераінь — Святлана Ціханоўская14

Лукашэнка: Усе хочуць купіць адзенне ад «Гучы» і «Версачэ». Але навошта траціце грошы на такую драбязу22

У БДУІР выбіраюць студэнта года. Інтэрнаўты масава галасуюць за Паліну Шаболду14

Як выглядае дрон кантрабандыстаў, які ўчора бразнуўся па той бок польскай мяжы ФОТАФАКТ9

Мінск адмовіў Вільні ў вяртанні з Беларусі літоўскіх фур18

«Не атрымлівалі дывідэндаў». Падобна, што «Санта» адказала на абвінавачванні «Белпола»9

Да прэзідэнткі Мексікі на вуліцы прычапіўся мужчына і паклаў ёй рукі на грудзі ВІДЭА13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жалезная заслона ў дзеянні: як зменшылася колькасць перасячэнняў мяжы Беларусі і Еўрасаюза за апошнія гады27

Жалезная заслона ў дзеянні: як зменшылася колькасць перасячэнняў мяжы Беларусі і Еўрасаюза за апошнія гады

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць