«Спачатку дапамагаў сябрам за шакаладкі». Былы супрацоўнік «Белсата» распачаў свой невялікі бізнэс у Варшаве
Зміцер Ягораў, прадстаўнік фонду «Байсол» і былы супрацоўнік «Белсата», расказаў, як ператварыў сваё небанальнае хобі рамантаваць сантэхніку ў працу.

Зміцер жыве ў Польшчы. Расказвае «Нашай Ніве», што некалькі гадоў думаў над тым, які бізнэс пачаць рабіць з прыцэлам на польскага спажыўца.
— Перабіраў розныя варыянты і ідэі, глядзеў франшызы, працаваў з эксэлеўскай табліцай, каб разумець як гэта аплачваецца ці не аплачваецца. Але кожны раз знаходзіліся розныя «але».
У пэўны момант пазл у галаве Змітра склаўся, ён вырашыў займацца тым, што дакладна ўмее. Ужо даўно мужчына меў небанальнае хобі — ён цікавіўся сантэхнікай.
Пачалося ўсё з таго, што шмат гадоў таму Зміцер усю сантэхніку ў кватэры паставіў сам — ад умывальніка да ванны. Потым пачаў выручаць сваіх суседзяў і знаёмых з кранамі, якія цякуць, забітымі трубамі і падобнымі рэчамі. Грошай не браў, але прымаў шакаладкі.
— Чаму я кажу, што гэта было хобі — бо для мяне гэта было цікава і захапляльна. Звычайна ж людзі звяртаюцца па дапамогу, калі нешта ламаецца. І ты мусіш знайсці прычыну, зразумець, што і дзе пайшло не так. Для мяне гэта як міні-галаваломка. Калі яе вырашаеш, усе вельмі шчаслівыя — гэта прыносіць шмат задавальнення.

Таму цяпер вырашыў пайсці ў такі бізнэс: попыт на рамонт ды ўстаноўку сантэхнікі будзе заўсёды.
Нядаўна Зміцер набыў неабходнае абсталяванне, наняў супрацоўніка-беларуса.
— Праблем з рэгістрацыяй фірмы не было — бо ў мяне ўжо была фірма, якая займалася кансалтынгам. А ўнесці змены ў дзейнасць — гэта фармальнасць, якая займае літаральна хвілін 20. Робіш усё праз інтэрнэт, чакаеш, пакуль усё пацвердзяць, і можаш працаваць у гэтым кірунку.
Кажа, што значна больш часу спатрэбілася, каб разабрацца ў іншых тэхнічных момантах — як працуе тэрмінал, каб людзі маглі разлічвацца карткай, якія інструменты лепш набыць, як наладзіць рэкламу ў гугле.
Калі лічыць, колькі спатрэбілася часу ад першага кроку да першай замовы, атрымліваецца прыблізна паўтара месяца.
— Складана адказаць, колькі грошай трэба на бізнэс у гэтай сферы. Напрыклад, сайт я рабіў сам — а можна было б замаўляць за 10‑-15 тысяч злотых ( 2300-‑3500 еўра. — НН). Набор інструментаў і машына, якая прабівае трубы, напэўна, каштавалі мне тысяч 8 злотых (каля 1900 еўра). Плюс я набыў невялікі аўтамабіль працаўніку.
Зміцер плануе, што замовы будзе выконваць яго супрацоўнік, а сам ён стане займацца арганізацыйнай працай.
Працуе фірма крыху больш за тыдзень, таму пра рэнтабельнасць яшчэ казаць рана.
— Пакуль я ў мінусе, але ж гэта натуральная рэч. Трэба напрацаваць базу кліентаў, зрабіцца бачнымі ў сацыяльных сетках, у пашукавіках. Спадзяюся, усё гэта з часам прыйдзе.
Наста Базар паступіла на праграму Каліноўскага і хоча стаць сацыялагіняй: «Вучоба пасля 40 гадоў — своеасаблівы эліксір маладосці»
У Беларусі істотны дэфіцыт работнікаў. Чаму ўлады не могуць вырашыць праблему?
У Польшчы ліквідавалі нелегальны ўкраінскі бізнэс, паслугамі якога скарысталіся 134 беларусы
«Пераапрануўся ў амапаўца і дырыжыраваў чорнай дубінкай». Адзін з заснавальнікаў «Вольнага хору» — пра акцыі ў гандлёвых цэнтрах у 2020‑м і працу ў філармоніі ў Літве
Каментары