«Калі былыя сілавікі трапляюць за краты, яны ўспамінаюць правы чалавека»: Максім Вінярскі пра сваё зняволенне і салідарнасць беларусаў
Даўняга апанента ўладаў Беларусі Максіма Вінярскага асудзілі на 5 гадоў за нібыта «падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках». 11 верасня актывіста разам з іншымі вязнямі адпусцілі з-за кратаў і вывезлі да літоўскай мяжы. Радыё Свабода распытала былога вязня пра настроі асуджаных, правы чалавека за кратамі і падтрымку грамадства.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі і да 2020 года актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці Беларусі і цярпеў ад пераследу: былі штрафы, адміністрацыйны арышт.
У студзені 2021 года Максіма затрымалі паводле падазрэння ў «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» і прысудзілі 5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 11 верасня 2025 года ў выніку перамоваў прадстаўнікоў ЗША з уладамі Беларусі Максіма і яшчэ 51 вязня адпусцілі з-за кратаў і вывезлі да літоўскай мяжы. На волі актывіст, як і некаторыя іншыя зняволеныя, аказаўся без пашпарта, які яму не аддалі.
З словаў Максіма, нават у незаконным зняволенні чалавек можа адчуваць сябе вольным. Найперш актывіст дзякуе ўсім на волі, хто аказваў падтрымку зняволеным, а таксама незалежным СМІ.
«Там нашмат больш палітвязняў, чым афіцыйна прызнаная іх колькасць. Не ўсе падавалі інфармацыю, каб іх прызналі палітвязнямі, пра некага невядома, нехта хавае гэта, каб не было праблем у сваякоў. Хтосьці наогул не ведае, што ягоная дзейнасць падпадае пад палітычны складнік. Мяне не адпускае пачуццё адказнасці за ўсіх астатніх і за краіну. Ніхто не можа пазбавіць мяне Радзімы, калі я з гэтым не згодны», — кажа актывіст.
Паводле Максіма Вінярскага, 2020 год у Беларусі стаў магчымым у выніку бесперапыннай працы вялікай колькасці людзей.
«Доўгія гады ў Беларусі былі тыя, хто працаваў дзеля гэтага моманту цалкам свядома. Напрыклад, у 2019 годзе мы пайшлі збіраць подпісы, каб удзельнічаць у парламенцкіх выбарах. Але не таму, што мы вырашылі пагуляць у выбары. Мы разумелі, што патрэбна сістэмная праца з людзьмі, каб яны потым далучаліся да палітычных падзей, якія будуць вырашаць лёс краіны», — гаворыць суразмоўца.
«Шмат супрацоўнікаў калоніі разумеюць, што адбываецца ў краіне»
Супрацоўнікі калоній ведаюць, якое рэальнае стаўленне людзей да ўладаў, кажа Максім Вінярскі. Некаторыя нават падзяляюць погляды большасці беларусаў, а некаторыя баяцца, дадае ён.
«Калі ты ідзеш супраць свайго народа, нясеш гвалт, рэпрэсіі, то рана ці позна і цябе гэта можа закрануць. Нядаўна ў калонію трапіў супрацоўнік, датычны да справы Tut.by. Ён туды трапіў за карупцыйнае злачынства, але ўлада пазбавілася сведкі», — расказвае Вінярскі.
Самым складаным за кратамі ён называе адсутнасць свабоднай камунікацыі з воляй. Іншыя побытавыя абмежаванні не такія цяжкія, лічыць суразмоўца.
«Мне, можа быць, было трошкі лягчэй, бо раней было шмат адміністрацыйных арыштаў. Для чалавека, які жыў крыху іншым жыццём, можа быць складаней. Але большасць адаптуецца даволі лёгка», — гаворыць актывіст.
Вызваленых людзей улада выціскае з Беларусі, у тым ліку праз свой страх, дадае актывіст.
«Улады спрабуюць пазбавіцца магчымых лідараў і актыўных людзей. Гэта памылковая тактыка, якая не мае сэнсу. Чалавек, для якога Радзіма перадусім, не спыніцца. Чалавек будзе шукаць сродкі ўплыву. Толькі ты сам вырашаеш, як табе жыць, забраць Радзіму ў чалавека немагчыма», — кажа Максім Вінярскі.
«Турэмнікаў трасе ад таго, колькі людзей працягваюць пісаць палітвязням»
Колькасць лістоў ад неабыякавых людзей да палітвязняў — важны паказчык, гаворыць Максім Вінярскі. Нават калі гэтыя лісты не даходзяць да адрасата, людзі сістэмы бачаць узровень падтрымкі.
«Лісты бачаць тыя супрацоўнікі, якія іх прыносяць, цэнзар, аператыўныя супрацоўнікі, тыя, хто знішчае лісты. Турэмнікаў трасе ад таго, колькі людзей працягваюць пісаць палітвязням», — адзначае актывіст.
Што да ўплыву на беларускае грамадства ідэалогіі, для якой улады пашыраюць прастору, то, на думку Максіма Вінярскага, пад прымусам гэта не дасць выніку.
«З-пад палкі ў нешта верыць не будзеш. Можна прымусіць асуджанага выйсці працаваць — і тое, не кожнага. Немагчыма прымусіць ненатуральны лад рэчаў прымаць за натуральны. Справа кожнага — не хлусіць самаму сабе, глядзець у люстэрка і бачыць там чалавека. Кожны мае права і далей уплываць на сітуацыю ў Беларусі. Тым, хто быў да нас, было значна цяжэй. За спробы заснаваць беларускую дзяржаву людзей вешалі, расстрэльвалі. Ці ўяўляў Каліноўскі, што праз столькі гадоў пасля ягонай смерці на ягонае перапахаванне збяруцца тысячы беларусаў?» — прыводзіць прыклад суразмоўца.
-
«Паставілі перад фактам: альбо плацім, альбо застаемся». Група турыстаў з-за закрытай мяжы мела праблемы з вяртаннем дамоў
-
«Нас там не лічаць за людзей». Былы палітвязень Павел Нікіценка расказаў пра амаль адбытае зняволенне і нечаканае вызваленне
-
«Калаўра мы не пакрыўдзілі»: стала вядома пра новае месца працы былога старшыні Нацбанка
Каментары
Але мне чамусьсці лянота пісаць палітзняволеным лісты, ведаючы, што тыя ўсё роўна не дойдуць.
Было лянота збіраць подпісы і ўдзельнічаць у грамадскім актывізме да 2020-га. Я спрабаваў у 2006-ым і пазнейшыя гады, але надакучыла капец як...
Проста надакучыла, бо што мне асабіста з таго ўсяго??? Я ж не Каліноўскі і не Ціханоўская, а проста чалавек. Я не рэсурс.
Таму я нічога не раблю, хоць і вельмі хачу пераменаў. Гляджу на іншых хто робіць і спачуваю.