Усяго патроху77

«Захаваць беларускасць за межамі краіны». Кіраўніца Вольнага хору трымае ў Варшаве школу мастацтваў — пагутарылі з ёй

Пасля пераезду ў Польшчу кіраўніца Вольнага хору Галіна Казіміроўская стварыла з калегамі школу мастацтваў. Выйшла месца, дзе спяваюць Вольскага і «Навібэнд», а Маляваныч вучыць іграць у тэатры.

Фота: архіў школы

«Калі дзеці лепш разумеюць, хто яны такія і адкуль, яны больш адкрытыя да свету»

Галіна Казіміроўская апынулася ў Польшчы ў 2021-м. Акрамя яе, у Варшаву вымушана з’ехалі некаторыя спевакі з Вольнага хору. 

Шмат хто з іх выехаў з краіны разам з дзецьмі, Галіна таксама перабралася ў замежжа з сям’ёй. Харысты бралі з сабой дзяцей на першыя рэпетыцыі ў Польшчы, і з часам прыйшла думка зладзіць для малых заняткі ўласнымі сіламі.

Галіна ўспамінае:

«Нашы дзеці не былі знаёмыя паміж сабой, ім было вельмі адзінока, а ў нас атрымалася суполка, дзе можна было знайсці сяброў. То-бок у пачатку наша мэта была больш сацыяльная — дапамагчы дзецям адаптавацца.

Так мы пачалі заняткі хору. Прыязджала ўсё больш беларусаў, да нас пачалі далучацца дзеці знаёмых, потым знаёмыя знаёмых. У лютым 2022-га, калі мы пачалі збіраць дзяцей, іх у нас было 12, а калі разыходзіліся летам — каля 50».

Выкладчыкі таксама лёгка знайшліся. У эміграцыі, кажа Галіна, апынулася шмат дзеячаў культуры, і ім спатрэбілася месца, дзе можна было б захаваць сувязь са сваёй прафесіяй.

Так у школе пачалі працаваць, напрыклад, кампазітарка Вольга Падгайская, якая выкладае фартэпіяна і сальфеджыа, ці Васіль Дранько-Майсюк, да якога можна прыйсці на літаратурна-тэатральныя заняткі.

Цяпер у гэтай варшаўскай школе тры дзіцячыя хоры. Ёсць заняткі па вакале, фартэпіяна і сальфеджыа, некалькі груп па тэатральным майстэрстве, у тым ліку тэатр-студыя, якой кіруе акцёр Аляксандр Ждановіч. Школе далі імя Міколы Равенскага — беларускага кампазітара і аўтара музыкі для гімна «Магутны Божа».

Фота: архіў школы

Галіна расказвае, што ў школу прыходзяць шмат падлеткаў:

«Па-першае, гэта дзеці з беларускамоўных сем’яў, для якіх вельмі важная падтрымка беларускасці. Таксама гэта дзеці і з рускамоўных сем’яў, якія адчуваюць, асабліва падлеткі, патрэбу вывучаць сваю ідэнтычнасць. Маўляў, я прыехаў з Беларусі, размаўляю з роднымі і сябрамі па-руску, а хто такі я сам?

На нашых занятках, якія збольшага ладзяцца па-беларуску, дзеці знаходзяць адказ на сваё пытанне аб ідэнтычнасці. Калі дзеці лепш разумеюць, хто яны такія і адкуль, яны робяцца больш упэўненыя ў сабе, і такія дзеці больш адкрытыя да свету, да камунікацыі з іншым народам».

Шмат дзяцей, якія прыйшлі ў школьны хор, ніколі да гэтага не спявалі і не наведвалі б такія заняткі, калі б не эміграцыя, лічыць Галіна. Але хор аказаўся для іх не проста супольнасцю спевакоў — ён даў ім магчымасць рабіць нешта разам і знаходзіць сяброў.

Галіна разважае, што для яе было важна зрабіць менавіта беларускую школу. Акрамя роднай мовы, гэта рэалізуецца і праз творы, якія вывучаюць і выконваюць вучні. Напрыклад, гэта песні гуртоў J:Морс, Nochy і Naviband, Лявона Вольскага.

Фота: архіў школы

Але важна памятаць пра баланс, лічыць Казіміроўская:

«Гэта не азначае, што мы сядзім толькі на беларускім матэрыяле, нібыта беларускае гета. Калі ў нас заняткі па спевах, мы спакойна спяваем і Баха ды Гендаля, і беларускія песні».

«Для палякаў гэта проста праект пра культуру іншай краіны, і з чаго ім яго падтрымоўваць?»

У школе займаюцца не толькі дзеці. Дарослыя могуць запісацца туды на заняткі па вакале, фартэпіяна і сальфеджыа, а з гэтага года яшчэ і на акардэон.

Галіна расказвае, што ўсё жыццё працуе з дарослымі, якія вырашылі паспрабаваць сябе ў музыцы. Гэта гісторыя пра тое, калі людзям нечага не хапае ў жыцці і хочацца атрымаць нешта большае, чым проста побыт і праца.

«Мне здаецца, што мастацтва — гэта такі элемент, без якога шмат у каго не складваецца адчуванне паўнавартаснага жыцця. Шмат [дарослых] да нас ходзіць, проста каб атрымаць тэрапеўтычны эфект, паспрабаваць сябе ў нечым і адпачыць.

Некаторыя ў дзяцінстве хацелі ісці ў музычную школу, а бацькі іх не аддалі, вырашылі, што лепш ім займацца, напрыклад, матэматыкай і англійскай. У дарослым узросце такія людзі гэта часам даганяюць і дасягаюць добрага ўзроўню. Яны не толькі прыходзяць на заняткі, але і ўдзельнічаюць у канцэртах, якія мы ладзім», — адзначае Казіміроўская.

Фота: архіў школы

Бывае, што чалавек у дзяцінстве займаўся музыкай, але пазней пайшоў па іншым шляху і вырас, да прыкладу, у праграмісты. Але дзіцячае хобі нагадвае пра сябе і з цягам часу можа прывесці такога чалавека зноў на заняткі. Галіна кажа, што шмат хто з людзей, якія прыходзяць да яе ў хор, былі харыстамі раней і не могуць ад гэтага адмовіцца, бо харавая справа ў нечым падобная да добрай залежнасці.

Як і шматлікія беларускія праекты замежжа, школа Равенскага змагаецца за сваю ўстойлівасць. У пачатку знаходзіць фінансаванне было лягчэй, але з часам давялося ўвесці ў школе клубныя ўнёскі. Цяпер жа школа цалкам пераходзіць на аплатную працу — інакш, кажа Галіна, няма за што існаваць.

Кіраўніца школы дзеліцца, што вельмі не хоча ператвараць школу ў камерцыйную арганізацыю:

«Мы трымаем ніжнюю планку па варшаўскіх цэнах, каб школа проста існавала. На гэтым праекце немагчыма зарабіць, проста трэба, каб ён выжываў».

Калі дзіця ходзіць на заняткі ў хоры, гэта каштуе 80 злотых на месяц (каля 19 еўра), заняткі адбываюцца двойчы на тыдзень — адзін занятак двухгадзінны, другі — гадзінны. Падобныя цэны на тэатральным кірунку. Калі гэта сальфеджыа, дзе групы мусяць быць маленькія, кошт можа быць і 100 злотых (каля 23 еўра). Па індывідуальных занятках адзінага кошту няма, ён можа складаць недзе ад 70 да 90 злотых за занятак (прыкладна 16-21 еўра).

Фота: архіў школы

Казаць пра фінансавую ўстойлівасць школы цяпер складана — у мінулым годзе школа працавала ў мінус. Калі не ўвесці аплату, школу давядзецца зачыняць, кажа Галіна.

Спадзявацца на падтрымку ад польскай дзяржавы не даводзіцца (яе прасцей атрымаць праектам, скіраваным на інтэграцыю ў польскае грамадства, а не стварэнне свайго асяродку):

«Наша дзейнасць не зусім адпавядае інтарэсам Польшчы. Нам важна захаваць беларускасць школы, падтрымаць беларусаў — людзей, якія плацяць у Польшчы падаткі, укладаюцца ў гэтую краіну. Мне здаецца, да іх таксама павінна быць увага. 

Нам важна захоўваць тут, звонку краіны, беларускасць, бо ўнутры Беларусі будуецца рускі свет, і мы адчуваем адказнасць за захаванне твораў і імёнаў творцаў у эміграцыі. Дзейнасць школы робіцца прафесійнай, ставяцца спектаклі і запісваюцца дыскі — гэта прадукт, які мае культурную каштоўнасць».

Калі б была магчымасць закрыць частку выдаткаў школы праз падтрымку, Галіна б пакінула бясплатнымі заняткі па беларускай літаратуры і хор.

«Мне балюча, што некаторыя бацькі зараз могуць быць вымушаныя выбіраць, куды аддаць дзяцей. А ёсць сем’і, дзе двое, трое дзетак».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары7

  • Бюджэтная Дармаедзіца
    02.09.2025
    Прыгожа спявае
  • Акабчык Шукальнік
    02.09.2025
    Нават з перакладзенымі на трэціх асобаў выдаткамі ніхто не шукацьме
  • .
    02.09.2025
    Не трэба казаць за ўсіх - гэта калектывісцкая маніпуляцыя, падлукашэнкаўскі бот Акаб, які нібыта супраць калектываў.
    На беларускай, але супраць беларускай адукацыі.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка абяцае кітайцам пабудаваць другую АЭС для іх цяпліц, а зарабляць на кветках і гародніне будуць Баскаў з Цяцерыным12

Лукашэнка абяцае кітайцам пабудаваць другую АЭС для іх цяпліц, а зарабляць на кветках і гародніне будуць Баскаў з Цяцерыным

Усе навіны →
Усе навіны

Расія і Кітай дамовіліся аб будаўніцтве «Сілы Сібіры — 2». Гэта канчаткова пераарыентуе расійскі газ з Еўропы ў Азію11

З аўкцыёну прадаюць калекцыю карцін Віктара Бабарыкі. У тым ліку творы Любіча і Зака5

«Захаваць беларускасць за межамі краіны». Кіраўніца Вольнага хору трымае ў Варшаве школу мастацтваў — пагутарылі з ёй7

Кім Чэн Ын выбраўся ў Пекін на браніраваным цягніку1

Белы дом: Сёння Трамп выступіць з важнай заявай15

Рэальныя заробкі ў Беларусі растуць, нават у бюджэтнікаў. У якой сферы рост найбольшы?6

«Латушка, ты ўліп па поўнай». Павел Латушка расказаў пра новы ліст з пагрозамі16

Вы не паверыце, з дапамогай чаго ў ЗША адганяюць ваўкоў ад статкаў4

У дворыкі Гродна вярнулася музыка. Улады збіраліся ўрэгуляваць выступленні1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка абяцае кітайцам пабудаваць другую АЭС для іх цяпліц, а зарабляць на кветках і гародніне будуць Баскаў з Цяцерыным12

Лукашэнка абяцае кітайцам пабудаваць другую АЭС для іх цяпліц, а зарабляць на кветках і гародніне будуць Баскаў з Цяцерыным

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць