Свет22

Ізраіль шакаваны сеткай іранскіх шпіёнаў, якія дзейнічалі ў краіне

За апошнія месяцы ў Ізраілі арыштавалі 45 іранскіх шпіёнаў — гэта пераважна яўрэі і ўраджэнцы Ізраіля. «І гэта яшчэ не канец — будуць новыя затрыманні», — кажа Аляксей Неміроўскі, кіраўнік падраздзялення контрразведкі.

Ізраільскія паліцыянты ў Старым горадзе Іерусаліма. Фота: Uriel Sinai /Getty Images

Як піша Le Monde, ужо некалькі тыдняў спецслужбы разам з паліцыяй па ўсёй тэрыторыі Ізраіля арыштоўваюць людзей, якія перадавалі звесткі Тэгерану. Усе падазраваныя — яўрэі, ураджэнцы краіны.

Паводле інфармацыі Службы бяспекі Ізраіля (Шын-Бет), гэтыя людзі — не выпадковыя. Іх дзейнасць была накіраваная і арганізаваная. Шмат хто ўжо прызнаўся ў шпіянажы, а для падазраваных нават адкрылі асобнае ізаляванае крыло ў турме Дамон, на поўнач ад Хайфы.

Ці дапамаглі гэтыя шпіёны накіроўваць іранскія ракеты падчас дванаццацідзённай вайны паміж дзвюма краінамі з 13 па 24 чэрвеня? Хоць поўны спіс аб’ектаў, якія падвергліся атакам, не быў апублікаваны, вядома, што сярод іх як мінімум шэсць вайсковых баз Ізраіля па ўсёй краіне, у тым ліку авіябаза Тэль-Ноф і база Глілот (штаб-кватэра Масада на поўнач ад Тэль-Авіва).

Таксама быў моцна пашкоджаны Інстытут Вейцмана ў Рэхавоце — адзін з галоўных цэнтраў фундаментальных даследаванняў. Гэтыя вынікі, на думку ізраільскіх службаў бяспекі, сведчаць пра тое, што разведвальныя даныя былі сабраныя задоўга да канфлікту.

Былы кіраўнік падраздзялення контрразведкі Шын-Бет Шалом Бэн Ханан нагадвае: яшчэ ў 2019 годзе быў арыштаваны былы міністр энергетыкі Ганен Сегеў, які працаваў на Іран з Нігерыі. Ён спрабаваў вывабліваць ізраільскіх палітыкаў за мяжу з мэтай выкрадання.

Моладзь, сеткі і крыптавалюта

Цяпер жа колькасць «агентаў» расце, і гэта ўжо не аднаразовыя выпадкі, а сістэмная вярбоўка ізраільскіх грамадзян. Новыя «агенты» часта маладыя і, у шэрагу выпадкаў, маюць паходжанне з краін былога СССР.

Іх вярбуюць праз сацыяльныя сеткі і спачатку абяцаюць сціплыя ўзнагароды ў крыптавалюце за нявінныя акцыі. Напрыклад, намаляваць графіці супраць «Бібі», як жартоўна завуць прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньяху.

Але, як тлумачыць Шалом Бэн Ханан, у прафесійнай тэрміналогіі гэта называецца «працэс дэградацыі»: першыя заданні выглядаюць бяскрыўдна, але калі чалавек адмаўляецца ісці далей, яго пачынаюць шантажаваць. У выніку, кажа ён, тыя, хто трапляе пад такую вярбоўку, звычайна добра разумеюць, на што ідуць.

Аляксей Неміроўскі, кіраўнік падраздзялення, якое займаецца найцяжэйшымі злачынствамі і пошукам шпіёнаў, заўважае: шмат хто з затрыманых сцвярджае, што не ведаў, на каго працуе.

Яны атрымлівалі невялікія сумы ад 100 да 1000 даляраў за простыя заданні — сфатаграфаваць вайсковы аб’ект або зрабіць антыўрадавае графіці. Але, як тлумачыць афіцэр, такія заданні хутка набылі іншы маштаб і выконваліся ўжо з поўным усведамленнем таго, што стаіць за імі.

У якасці прыкладу ён згадвае выпадак сямі ізраільцян азербайджанскага паходжання, арыштаваных у верасні 2024 года. Усяго праз месяц, у кастрычніку, Іран выпусціў ракеты па некалькіх ізраільскіх цэлях, сярод якіх ужо тады была вайсковая база Глілот.

«Мы затрымалі членаў групы ў момант, калі яны спрабавалі ліквідаваць высокапастаўленага афіцэра ізраільскай арміі, — расказвае Неміроўскі. — Цягам амаль двух гадоў яны правялі 600 разведвальных аперацый: здымалі кватэры побач з вайсковымі базамі, стварылі турыстычную кампанію, якая арганізоўвала паездкі на джыпах, што дазволіла набліжацца да аб’ектаў».

«Кожны меў дакладна вызначаную ролю, — працягвае ён, — адзін адказваў за фотаздымкі, разведку або праверку вынікаў удараў, другі — за збор грошай… Старэйшаму з іх 20 гадоў, малодшы — непаўналетні, а адзін нават праходзіў тэрміновую вайсковую службу!»

Паводле следства, група атрымала ад іранскіх спецслужбаў 300 000 даляраў.

Першыя прысуды і асобны корпус турмы

Пасля арышту ўдзельнікаў шпіёнскай групы змясцілі пад варту на поўначы Ізраіля. У сувязі з тым, што колькасць арыштаваных шпіёнаў расце, для іх быў адкрыты асобны корпус у турме Дамон, непадалёк ад Хайфы. Гэта было зроблена для таго, каб не змешваць новых зняволеных з «палесцінскімі тэрарыстамі». Паводле Неміроўскага, умовы ўтрымання ў гэтым корпусе «надзвычай строгія».

Арыштаваныя лічацца «здраднікамі» і ім пагражаюць цяжкія прысуды. У выпадку вайны заканадаўства нават прадугледжвае смяротнае пакаранне, хоць на практыцы яно замяняецца пажыццёвым зняволеннем.

Першым асуджаным стаў 72-гадовы Мардэхай Маман з Ашкелона, вядомы паліцыі як гандляр наркотыкамі. У красавіку яго прысудзілі да 10 гадоў турмы за шпіянаж. Ён двойчы незаконна наведваў Іран і нават спрабаваў выканаць замову на забойства палітыка.

Паводле камандзіра Неміроўскага, за апошнія некалькі месяцаў былі арыштаваныя ўжо 45 чалавек. «І гэта яшчэ не канец — будуць новыя затрыманні», — упэўнены ён.

Грошы — не адзін матыў

Маштаб удзелу ізраільцян у шпіёнскай дзейнасці на карысць Тэгерана стаў нечаканасцю, асабліва на фоне таго, як шмат іранцаў супрацоўнічалі з Ізраілем, накіроўваючы ўдары ці нават запускаючы дроны. У Ізраілі ж цяпер бачаць люстраное адбіццё гэтай практыкі.

Прычыны, што штурхаюць людзей на здраду, не заўсёды фінансавыя. Частку падазраваных аб’ядноўвае нянавісць да краіны, у якой ім цяжка інтэгравацца, і варожасць да ўрада Біньяміна Нетаньяху. Паводле сведчання аднаго з затрыманых, сам прэм’ер-міністр уваходзіў у спіс патэнцыйных цэляў Ісламскай Рэспублікі.

«Пасля атакі «Хамаса» 7 кастрычніка, — адзначае паліцэйскі, — шпіянаж супраць краіны, якая вядзе вайну, набыў іншае вымярэнне».

10 ліпеня Ізраіль чакаў новы шок: іранскія хакеры апублікавалі дакументы, у якіх утрымліваюцца імёны сотняў ізраільскіх афіцэраў, іх спецыялізацыя і месцы службы, а ў некаторых выпадках нават хатні адрас. Гэты выцек пацвярджае глыбіню пранікнення і ступень пагрозы.

Каментары2

  • политзек
    16.07.2025
    у проблемы есть единственное решение - уничтожение правящей своры религиозных дегенератов и силовых структур, на которых они опираются.. их не так много, самых отъявленных..
    в целом, все примерно тоже самое, что и у нас. только наш гауляйтер пока не полез в бункеры.
  • бабруйчанін
    16.07.2025
    политзек, У Ізраілі ? Нейкі антісімітізьмь ? Релігіозные артадоксы ультра кліка ваеных і Гаўляйтар ці не у Тэль Авіве але болей 20 год

Цяпер чытаюць

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»1

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»

Усе навіны →
Усе навіны

У манастыр Наталля Пяткевіч падабрала да хустачкі французскае паліто17

У Падмаскоўі загінуў кіраўнік кампаніі-пастаўшчыка кампазітных матэрыялаў для МС-21 і паранены будаўнік касмічнага цэнтра, адкрытага Пуціным3

Кібератака паралізавала працу аэрапортаў па ўсёй Еўропе2

У Траецкім прадмесці Мінска прадаецца кватэра плошчай 118 квадратаў1

Як склалася ў эміграцыі жыццё 22‑гадовай «тэрарысткі» Дануты Перадні, якую вызвалілі па памілаванні6

Саудаўская Аравія ў рамках абароннага саюза з Пакістанам можа атрымаць доступ да ядзернай зброі

Моніка Белучы і Цім Бёртан разарвалі адносіны1

Каскадзёры скакалі з самага высокага будынка Мінска2

Чмякаюць, сёрбаюць і ліжуць пальцы: хто з беларусаў падняўся на мукбангу10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»1

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць