«Хацелася, каб жыццё паставіла мяне на месца». Беларус праехаў больш за 250 кіламетраў па Аўстрыі на роліках
Багдан жыве ў польскай Познані, але прыгодаў шукае далёка за яе межамі. У жніўні ён надумаў зрабіць тое, на што мала хто адважыцца: падчас адпачынку праехаць на роліках каля 250 кіламетраў — ад аўстрыйскага Лінца да Вены. Спачатку гэта гучала як жарт, але ўжо праз некалькі дзён ён апынуўся на аўстрыйскіх веласцежках з невялікім заплечнікам, без грошай, але з рашучасцю прайсці дыстанцыю да канца. Сваёй гісторыяй хлопец падзяліўся з выданнем Most.

Чаму менавіта ролікі
Багдан працуе ў дзіцячым тэатры і лета склалася так, што месяц канцэртаў амаль не было. Таму хлопец вырашыў вярнуцца да свайго хобі — катання на роліках.
Апошні раз ён катаўся яшчэ студэнтам. Гэта было паўтара года таму ў Стамбуле, дзе Багдан быў па праграме абмену. Каб аднавіць навыкі, ён купіў новыя колы, запісаўся на кароткі курс у Познані і пачаў трэніроўкі. Паралельна шмат ездзіў на ровары, каб падрыхтаваць ногі да нагрузак.
Рашэнне праехаць менавіта 250 кіламетраў прыйшло пасля сустрэчы з сябрам, які толькі што вярнуўся з вандроўкі: яны з кампаніяй праехалі на роварах з Лінца ў Браціславу праз Вену.
«Я гляджу і думаю: калі яны могуць праехаць 250 кіламетраў на ровары, дык чаму я не магу на роліках?» — смяецца Багдан.
Заплечнік на 10 кілаграмаў і ніякіх грошай
Да паездкі Багдан абмежаваўся мінімумам: лёгкія боты, тэлефон, дакументы і невялікі заплечнік вагой 10,5 кілаграма без уліку ежы і вады.
Напярэдадні старту зламалася частка роліка, давялося тэрмінова рамантаваць. Потым аказалася, што трэба падрамантаваць і абутак. А ў момант выезду высветлілася, што Багдан не ўзяў з сабой ні банкаўскай карткі, ні наяўных.
«Я прывык плаціць тэлефонам, а пра кэш наогул не падумаў», — прызнаецца ён.
Ужо ў цягніку хлопец вырашыў: калі нешта пойдзе не так, то проста даедзе аўтаспынам туды, куды трэба.
«Крамы закрываюцца вельмі рана і ўсюды патрабуюць кэш»
Багдан стартаваў апоўдні з аўстрыйскага горада Лінц на Дунаі. Спачатку дарога ўздоўж ракі здавалася ідэальнай: роўны асфальт, паказальнікі, бяспека. Але ўжо праз некалькі дзясяткаў кіламетраў пачалося сапраўднае выпрабаванне: калені нылі ад адной і той жа позы, стомленасць хутка назапашвалася.
«Самая вялікая дыстанцыя, якую я калісьці праязджаў, была 20 кіламетраў. А тут я зразумеў: усё, пачалася сапраўдная прыгода», — згадвае ён.
За першы дзень атрымалася праехаць 68 кіламетраў. Увечары Багдан даехаў да невялікага горада Грайн і хацеў спыніцца ў кемпінгу: яму трэба было схадзіць у душ і зарадзіць тэлефон, а начлег на лаўцы яго цалкам задавальняў. Але без намёта і наяўных яго туды не пусцілі. У выніку прыйшлося арандаваць апартаменты праз Booking — папулярны сэрвіс для пошуку і браніравання жылля — за 60 еўра.
«Я тады ўпершыню адчуў, што Аўстрыя зусім іншая: крамы закрываюцца вельмі рана і ўсюды патрабуюць кэш. Я нават пайшоў у кебабную, але і там адмовілі без наяўных. Урэшце давялося вячэраць у італьянскім рэстаране за 13 еўра», — расказвае ён.


«Я не магу проста ўцячы, трэба неяк аддаць гэтыя грошы»
На другі дзень Багдан планаваў праехаць як мага больш, бо да Вены заставалася больш за палову шляху. Калені ўжо балелі, але ён вырашыў трымаць тэмп і рухацца наперад.
Каля 120‑га кіламетра яго чакала камічная і адначасова стрэсавая сітуацыя: трэба было пераплыць на другі бок Дунаю на пароме. Кошт — 2,40 еўра. Багдан спрабаваў патлумачыць, што ўсе грошы ў яго на рахунку і што плаціць ён прывык тэлефонам. Капітан адказаў: «На другім беразе ёсць банкаматы, заплаціш, калі паром вернецца».
Але ў банкамат не было сэнсу ісці: карткі ў Багдана не было, толькі тэлефон. Ён стаяў на другім беразе, не ведаючы, як быць: не хацелася падманваць чалавека, які яго падвёз. Нават патэлефанаваў маці, каб параіцца.
«Я думаў: бляха, што рабіць? Я не магу проста ўцячы, трэба неяк аддаць гэтыя грошы», — згадвае ён.
У гэты момант ён сустрэў пару. Пасля некалькіх фраз высветлілася, што яны з Украіны, самі толькі пераехалі і яшчэ нават не мелі рахункаў у аўстрыйскіх банках. Але хлопец пашукаў па кішэнях і дробяззю сабраў патрэбную суму.
«Я аддаў капітану 2,40 і падумаў: усё, мая карма чыстая», — кажа Багдан.
«Ты ж нават не бачыла мяне»
Спачатку Багдан планаваў зняць хостэл, але на Booking усё каштавала ад 100 еўра. Таннейшы варыянт быў у суседнім горадзе — за 60 еўра, але трэба было ехаць яшчэ далей. Ён вырашыў, што лепш праехаць туды цяпер, каб на наступны дзень заставалася менш кіламетраў, і паралельна паспрабаваць знайсці начлег праз Couchsurfing — міжнародную платформу, дзе людзі бясплатна прымаюць у сябе падарожнікаў.
Багдан разумеў, што заяўкі ён адправіў занадта позна — адмовы ішлі адна за адной. Толькі пад канец вечара дзяўчына з суседняга горада прапанавала патэлефанаваць. Паслухала яго гісторыю і нечакана сказала, што Багдан можа застацца ў яе, хоць яе самой не будзе дома — ключы перадасць праз сябра.
«Я быў у шоку і кажу: «Ты ж нават не бачыла мяне». А яна адказала, што па размове чуваць: я нармальны, і яна не супраць», — расказвае Багдан.
Даехаўшы да яе горада, ён меў за спінай ужо каля 188 кіламетраў.


252 кіламетры на роліках і яшчэ 22 пешшу
На трэці дзень да мэты заставалася каля 60 кіламетраў. Па дарозе сапсаваўся падшыпнік: давялося зняць адно кола і працягваць рух у такім выглядзе.
«Я думаў, што калі ролікі перастануць ехаць, то я ўжо дайду пешшу. Да Вены было недалёка», — згадвае Багдан.
Апошнія кіламетры ішлі ўздоўж Дуная, па колькасці веласіпедыстаў і ролераў ужо адчувалася, што вялікі горад побач.
«Я проста закахаўся ў Вену. Усё было зроблена для людзей: дрэвы, дарожкі, рака, — і я адчуваў сябе часткай гэтага руху», — кажа Багдан.
У горадзе ён сустрэўся са старой знаёмай, якая паклікала яго да сябе, і ўжо без ролікаў прайшоў яшчэ 22 кіламетры пешшу — проста каб пагуляць па Вене.
Праверыць сябе любой цаной
За тры дні Багдан праехаў 252 кіламетры за 22 гадзіны. Паездка абышлася яму нятанна: каля 430 злотых на транспарт (цягнікі і аўтобусы), яшчэ прыкладна 260 еўра на начлег плюс выдаткі на ежу.
«Мне хацелася чагось суровага, каб жыццё паставіла мяне на месца, — прызнаецца ён. — Я ведаў, што ўсё роўна будзе прыгода. Калі нават не даеду, то лавіў бы аўтаспын і дабраўся іншым чынам. Але я хацеў праверыць сябе».
«За 500 рублёў ляцеў у Мінск з Магілёва на самалёце». Мінчук па парадку аб’ехаў усе месцы з беларускіх купюр
«Адчуванне — фантастычнае». Ігар Кулей здзейсніў дзіцячую мару і стаў прыватным пілотам у Польшчы
«Тыдзень у Бразіліі, дзе цябе абрабуюць, або два тыдні ў бяспечнай Беларусі». Па што замежнікі едуць у нашу краіну
Каментары