Эканоміка33

«Цяжка». Як выпускнікі-айцішнікі (не) знаходзяць працу ў 2023—2025

Усё сумна, кажуць яны. Пры гэтым многія ўсё ж прыйшлі да поспеху.

Devby пагутарыў з выпускнікамі тэхнічных ВНУ пра пошукі працы ў 2022 годзе — тады кампаніі згортвалі стажыроўкі і курсы для джуноў, а таксама найм. А што цяпер?

Знайшлі працу

«Не ўсе хочуць марнаваць сваю маладосць на бясплатныя стажыроўкі» (а дарма)

Джон*, сканчвае БДТУ ў 2025:

— Выпускаюся сёлета з БДТУ, факультэт інфармацыйных тэхналогій. Ужо маю каля 5 гадоў досведу ў ІТ. Асновы праграмавання я пачаў вывучаць яшчэ ў школе, потым пайшоў ва ўніверсітэт. Мне падалося, што веды, якія нам даюць, больш глыбінныя і акадэмічныя — а вось практыкі не хапае, і я пачаў думаць пра стажыроўку ў ІТ-кампаніі.

Як прабіваўся ў ІТ?

У нас ва ўніверсітэце вельмі шмат класаў/кабінетаў, зробленых ІТ-кампаніямі — EPAM, ITechART (Vention), LeverX, Innowise, «Леста», «БелХард», IsSoft, Itransition. Раней гэта былі не проста добрыя кабінеты — у іх праводзіліся лабы. І каб трапіць туды, трэба было толькі жаданне, — а далей цябе навучалі таму, што сапраўды патрэбна кампаніі, і забіралі на аплатную стажыроўку, а потым джунам. Але ўсё гэта скончылася ў 2020 годзе, калі кампаніі моцна скарацілі бюджэт на спансаванне і перасталі праводзіць лабы ва ўніверсітэце.

І ўсё ж да 2022 года ў ItechArt, Innowise, EPAM, Andersen заставалася мноства стажыровак. З першага курса я спрабаваў трапіць туды. Спачатку атрымаў адмову з фідбэкам: «Веды ёсць, англійская добрая, але ты не ведаеш таго, на чым мы сапраўды распрацоўваем». Тады пачаў самастойна вывучаць Python (а ва ўніверсітэце нам на першым курсе выкладалі асновы праграмавання на C++ і HTML/CSS/JS для стварэння сайтаў). Праз месяц пачаў зноў адгукацца, і зноў атрымліваў адмовы, бо працадаўцы аддавалі перавагу студэнтам старэйшых курсаў. У ItechArt мяне прапусцілі на наступны этап — і прызначылі сумоўе на 25 лютага, але 24 лютага прыйшоў ліст, што яны вырашылі прыпыніць набор, дамок з картак абрынуўся.

Пасля гэтага стала яшчэ цяжэй прабівацца ў ІТ, бо стажыроўкі закрыліся, а джуноў бралі толькі з досведам.

Я вярнуўся на фрыланс, сабраў партфоліа і пайшоў яшчэ раз у паход. Знайшоў кампанію, як выявілася, вельмі падазроную — яна рабіла прадукты на маладых хлопцах, якім абяцалі плаціць па 200 даляраў (такі заробак быў прапісаны ў мяне ў кантракце), але за 12 месяцаў працы там я атрымаў яго толькі адзін раз — трыма часткамі.

Аднак я «набіў руку» і пазнаёміўся з хлопцамі з канадскага стартапа — пачаў з імі сумесную працу. Я атрымліваў 400—600 даляраў і быў задаволены, бо іншых варыянтаў, акрамя бясплатных стажыровак у Innowise, не было: час ад часу я спрабаваў прайсці ў якую-небудзь буйную ІТ-кампанію, але атрымліваў адмову па ўзросце (мне было 18—19 гадоў).

[Затым] уладкаваўся ў беларускую прадуктовую ІТ-кампанію. Трапіў туды з другога разу — у першы, хаця і прайшоў сумоўе ідэальна, атрымаў адмову: працадаўцу стала страшна, што мне было 19 гадоў. І пачаў свой рост да сеньёра.

Вядома, у гэтую ж кампанію я і размеркаваўся, бо праходзіў там дзве практыкі — а для камісіі гэта важкі аргумент.

Як справы ў аднакурснікаў?

На другім курсе ва ўніверсітэце нам цэлы год паказвалі C# WFC, а потым.NET — і 60% хлопцаў з патоку ў 300 чалавек вырашылі, што будуць C#-распрацоўшчыкамі. Але вакансіі для джуноў з C# вельмі рэдкая з’ява. І калі на чацвёртым курсе мае аднагрупнікі пачалі шукаць месца для размеркавання, яны трапілі ў пастку — па іх запыце нічога не было. Таксама ва ўніверсітэце з першага па чацвёрты курс нам падрабязна расказвалі пра JS — спачатку чысты, потым бібліятэкі, React, Node.JS, таму многія з C# змаглі пераключыцца на Node.JS.

У аднакурснікаў было па-рознаму:

  • тыя, хто, як і я, пачаў працаваць да 2—3 курса, адчувалі сябе спакойна, бо ўжо замацаваліся ў сваіх кампаніях;
  • але былі і тыя, хто працаваў у кампаніях, у якія нельга размеркавацца, бо ў іх няма юрыдычнай асобы ў Беларусі. Яны пачалі шукаць працу на ўнутраным рынку — але пошукі ішлі так сабе;
  • астатнія, што не працавалі нідзе, зразумелі, што час шукаць працу. Але рынку яны аказаліся не патрэбныя са сваім C# і без досведу. Хлопцы сталі шукаць хоць бы што-небудзь: хтосьці стаў тэставальнікам, хтосьці — DB-распрацоўшчыкам, хтосьці — аналітыкам (але ў нямногіх гэта былі джун-пазіцыі, у большасці выпадкаў — гэта былі неаплатныя стажыроўкі);
  • а тых, хто не змог нічога знайсці, на размеркаванні чакалі кафедра, вёскі Новае Поле і Новая Мыш — у якасці настаўнікаў інфарматыкі, завод «Інтэграл», фабрыка «Галантэя», «Белсаюздрук», Лагойск і іншая праца за маленькую зарплату.

Таму на пытанне, ці складана знайсці працу сённяшняму выпускніку тэхнічнай ВНУ, я б адказаў: так, складана. Але калі пачынаць гэта рабіць раней, будзе прасцей знайсці размеркаванне, ды і ўвогуле пераносіць гэтыя складанасці. Аднак не ўсе хочуць марнаваць сваю маладосць на бясплатныя стажыроўкі.

З маіх аднакурснікаў многія дамагліся размеркавання ў кампаніі, дзе праходзілі бясплатныя стажыроўкі. Напрыклад, пераддыпломную практыку 60 чалавек у нас праходзілі ў Modsen, і яшчэ нямала — у Innowise. Астатнія кропкава знаходзілі сабе размеркаванне. Напрыклад, я дапамог уладкавацца траім хлопцам у нашу кампанію — на камфортных, справядлівых умовах, а не за крошкі.

Чаму размеркавацца стала цяжэй?

Наш ВНУ усё яшчэ дазваляе размеркавацца ў кампанію, якую ты знайшоў сам, але цяпер ён уважліва вывучае, што гэта за працадаўца.

Справа ў тым, што пасля росту колькасці махінацый з размеркаваннямі з’явіўся шэраг абмежаванняў:

  • напрыклад, з гэтага года нельга размеркавацца на менш чым адну стаўку (камісія проста не дасць дабро);
  • таксама маладыя спецыялісты могуць працаваць толькі афлайн — без магчымасці размеркавацца і з’ехаць, маўляў, у іх дыстанцыйная праца;
  • з наступнага года, кажуць, не будзе прыярытэту ў кампаній з ПВТ па асабістых заявах, іх прыраўняюць да дзяржаўных кампаній, то бок усе будуць падаваць заяўкі, і яны будуць разглядацца па чарзе. А звычайна дзяржаўныя кампаніі дасылаюць свае заяўкі яшчэ на 3 курсе (большасць студэнтаў у гэты момант нават не задумваецца пра працу);
  • нам сказалі, што кампанія, якая не з’яўляецца партнёрам ВНУ, не зможа запытаць размеркаванне. Усё будзе «згодна з набытымі квіткамі».

Што даў універсітэт?

Наогул, ва ўніверы было прыкольна. За час навучання я паспеў паспрабаваць мноства моў праграмавання: нейкія на паглыбленым узроўні — C#, C++, JS, Java; нейкія на пачатковым — Dart, Kotlin, Swift, Flutter, Rust, Ruby, Arduino; такія інструменты, як Figma (у нас быў цэлы семестр па распрацоўцы дызайну, хоць у мяне не дызайнерская спецыяльнасць); нават крыху паглыбіўся ў навучанне нейрасетак, глыбока вывучалі базы дадзеных Oracle, MSQL Server, SQLite.

Але ўсе гэтыя веды і трэнінгі карысныя толькі тады, калі ў цябе ёсць жаданне развівацца і вывучаць новае. Універсітэт дае нядрэнны штуршок — але разганяцца ты павінен ужо сам. Я хацеў расці і развівацца, і паглынаў гэтую і дадатковую інфармацыю, і вынік атрымаўся нядрэнны. Але калі б я ішоў толькі па праграме, не ўпэўнены, што прыйшоў бы туды, куды трэба.

Самае каштоўнае, што я атрымаў ва ўніверсітэце, — пясочніцу для навучання і нетворкінг. І мне шкада, што цяпер няма столькі моцных канферэнцый, хакатонаў, лаб ад ІТ-кампаній. Але ў цэлым ФІТ БДТУ — гэта найлепшае, што ёсць на рынку адукацыі.

«У нас усе ў асноўным размяркоўваліся альбо ў расійскія кампаніі, альбо ў дзяржаўныя»

Алег, скончыў БДУІР у 2024 годзе:

— Магу сказаць, што з пошукам працы выпускнікам ВНУ стала цяжэй — у нас усе ў асноўным размяркоўваліся альбо ў расійскія кампаніі, альбо ў дзяржаўныя.

Так, у БДУІР усё яшчэ можна размеркавацца ў кампанію, якую ты знайшоў сам. Але ўніверсітэт можа пажадаць заключыць дамову аб матэрыяльнай дапамозе ўніверсітэту. Мая кампанія такую дамову не заключала, але мяне ўсё роўна размеркавалі туды, куды я хацеў. А потым забралі ў войска.

Дарэчы, пасля службы ў арміі можна адмовіцца ад адпрацоўкі па размеркаванні.

Сваю першую працу я знайшоў праз сайт hh, наступную — таксама праз яго. Але магу сказаць, што на мяне моцна паўплывала не тое, чаму мяне вучылі ва ўніверсітэце, а тое, у якім асяроддзі я знаходзіўся падчас навучання.

«Сыходзьце пасля 9 класа ў каледж, там за 4 гады асвойвайце выбраную тэхналогію і шукайце стажыроўкі»

Ягор*, навучаецца ў БНТУ, год выпуску — 2026:

— Праз год я выпускаюся з БНТУ, спецыяльнасць — праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій. А тры гады таму я скончыў каледж па гэтай жа спецыяльнасці.

Што я бачу ўжо цяпер: з пошукам працы ВНУ дапамагае толькі ўскосна. Ёсць «корка» — і нармальна. Працадаўцы звяртаюць увагу на яе адсутнасць. Ды і тое не заўсёды — залежыць ад кампаніі.

З практычнага пункту гледжання, як мне здаецца, у ВНУ варта ісці дзеля дзвюх рэчаў: мінімальнай базы — каб, калі ўпёрся ў тупік, хаця б прыкладна разумець, дзе шукаць рашэнне; і нетворкінгу. Многія працадаўцы, перш чым размясціць вакансію, распаўсюджваюць інфармацыю сярод сваіх супрацоўнікаў: хто каго можа парэкамендаваць па рэферальнай праграме.

Каб працаваць, патрэбныя рэальныя веды і ўменні, патрэбная практыка — а гэтаму ВНУ мала спрыяе. Калі падчас навучання студэнт засвойвае толькі агульную праграму, не паглыбляючы свае веды, — адразу пасля ВНУ знайсці працу складана. Трэба шукаць стажыроўкі — гэта рэальны варыянт хоць неяк стартаваць, і рабіць гэта трэба яшчэ падчас навучання.

Яшчэ адзін працоўны варыянт — калі з ВНУ супрацоўнічаюць буйныя ІТ-кампаніі, але з-за палітычнай сітуацыі іх доля значна скарацілася.

Што магу расказаць пра размеркаванне: кажуць, калі студэнт загадзя прыносіць ліст ад арганізацыі, якая абавязваецца яго ўзяць на адпрацоўку, — то найчасцей камісія ідзе насустрач. Але сам я праходзіць гэта буду толькі праз год.

Падчас майго выпуску з каледжа ў 2022 годзе ўсім, хто прынёс гарантыйныя лісты, іх ухвалілі — нават да ІП яшчэ было можна размеркавацца.

Выбар арганізацый ад самой навучальнай ўстановы быў сумны — у асноўным калгасы, ніводнай арганізацыі ў Гомелі, але некалькі за горадам — агароднінная база і дзве птушкафабрыкі. Як потым высветлілася, ніводная з гэтых трох арганізацый не ўзяла маладых спецыялістаў, якіх ім размеркавалі, бо яны ўжо знайшлі працаўнікоў, а заяўкі праз навучальныя ўстановы разаслаць былі абавязаныя.

Якія перспектывы ў выпускнікоў сёння — усё ў іх уласных руках. Чым раней, яшчэ падчас навучання, пачнуць варушыцца і дзейнічаць у патрэбным кірунку, тым вышэйшыя шанцы.

Ці запатрабаваныя яны ў працадаўцаў? «Забудзьце ўсё, чаму вас вучылі ва ўніверы». Ты павінен умець выконваць рэальныя бізнес-задачы, а не ўмоўныя лабараторныя — а гэта прыходзіць з досведам. Варыянт, які я рэкамендую, — яшчэ падчас навучання пачаць шукаць стажыроўкі.

Асабіста я падчас навучання ў каледжы засвойваў толькі агульную праграму, але ўсе тэмы курсавых і дыплома выбіраў паводле інтарэсаў — і ў працэсе рэалізацыі праектаў атрымаў больш, чым ад усяго навучання.

І сутыкнуўся з наступствамі погляду «ўстанова адукацыі дасць веды, навучыць» (не адмаўляю, што пэўныя веды я атрымаў, мне патлумачылі фундаментальныя тэмы): нармальнае размеркаванне знайсці не атрымалася, пайшоў туды, куды накіравалі — і адразу паступіў ва ўнівер на завочнае.

Толькі праз 3 гады пасля заканчэння каледжа ў мяне атрымалася ўладкавацца распрацоўшчыкам. Але калі б я ведаў падчас навучання ў каледжы тое, што цяпер апісваю, — то ўвайшоў бы ў ІТ яшчэ тады.

Таксама хачу адзначыць, што праграма каледжа і ВНУ падобная. Але ў каледжах, быццам бы, больш пытаюць і больш патрабуюць. Таму мая парада: ідзіце пасля 9 класа ў каледж, там за 4 гады асвойвайце выбраную тэхналогію і шукайце стажыроўкі — бачу ў гэтай стратэгіі рэальны шлях да поспеху для моладзі.

«Паўгода безвынікова шукала працу ў Польшчы, пакуль мяне не парэкамендавалі — інтэрнам»

Вікторыя*, скончыла БДУІР у 2025 годзе:

— Я навучалася на завочным аддзяленні па скарочаным профілі — таму размеркавання ў мяне не было.

Зараз я жыву і працую ў Польшчы, але яшчэ ў Беларусі спрабавала знайсці працу, і гэта было вельмі складана: цябе проста не запрашаюць на сумоўі. На рынку няма такой колькасці вакансій — таму мае аднагрупнікі працуюць там, дзе давядзецца.

Калі казаць пра валіднасць маёй адукацыі, то мяне значна большаму навучыў радыётэхнічны каледж, чым БДУІР — я атрымала шмат спецыяльных ведаў. У БДУІР, я б сказала, мне толькі трошкі пашырылі кругагляд, але напэўна гэта нешта звышнатуральнае.

Пасля каледжа, як і пасля ВНУ, ёсць адпрацоўка па размеркаванні — але варыянты горшыя, чым пасля ўніверсітэта. У дадатак да дыплома каледж дае «корачку» слесара 3—4 разраду — не знойдзеш працу па спецыяльнасці, можаш пайсці працаваць на завод. Патрабаванні да размеркавання былі жорсткімі: нельга было ўладкавацца да ІП, напрыклад. Перавага звычайна аддавалася заяўкам ад прадпрыемстваў, якія рабілі запыт на N чалавек на X спецыяльнасць.

У Польшчы таксама няпроста знайсці працу на цяперашнім рынку. Я паўгода безвынікова шукала, пакуль мяне не парэкамендавалі па рэферальнай праграме — як інтэрна. Каб стаць джуном, мне спатрэбілася 1,5 года.

Але ў цэлым нават зарплата інтэрна ў нашай карпарацыі была вышэй за сярэднюю па рынку прыкладна на 1000 злотых грос (гэта каля 250 даляраў). А заробку джуна цалкам хапае, каб жыць у Польшчы, здымаць жыллё і нават адкладаць.

Што да маіх уражанняў ад працы, то ў мяне склалася меркаванне, што ў беларусаў добрыя веды, але найчасцей таму, што ім даводзіцца ведаць значна больш, чым сярэднестатыстычнаму паляку, каб атрымаць такую ж працу.

«Усё, што я зараз ведаю, я знайшоў/вывучыў сам, а БДУІР толькі даў мне час»

Грыгорый*, скончыў БДУІР у 2023 годзе:

— На трэцім курсе праходзіў практыку ў невялікай кампаніі — там і застаўся працаваць праграмістам. Туды ж і размеркаваўся пасля ўніверсітэта, працаваў, пакуль не забралі ў войска, а праз год вярнуўся: тут усе знаёмыя мне людзі, з якімі камфортна. Таксама маю пару праектаў «на баку».

Менавіта на нашай спецыяльнасці — мабільныя сістэмы — усім, хто хацеў размеркавацца самастойна, гэта дазволілі.

Пра студэнтаў з іншых спецыяльнасцяў майго ж факультэта такога сказаць не магу. Ведаю, што ў некаторых выпадках быў вялікі запыт ад усялякіх «Інтэгралаў» — і хлопцаў накіроўвалі туды, а не туды, куды яны хацелі.

Што магу сказаць пра перспектывы, якія адкрываюцца перад выпускнікамі тэхнічных ВНУ: універ не дасць нічога карыснага, асабліва ў частцы сучаснага праграмавання. Усё, што я зараз ведаю, я знайшоў і вывучыў сам, а БДУІР толькі даў мне час, каб адтэрмінаваць службу ў войску і зразумець, чаго я хачу ад жыцця і кім хачу быць.

«Па грашах вельмі сціпла»

Ян*, скончыў БНТУ ў 2023 годзе:

— Я — выпускнік БНТУ па спецыяльнасці аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей.

Магу сказаць, што пасля ўніверсітэта і асабліва пасля войска знайсці працу вельмі складана (а я не хацеў вяртацца на старое месца). Да размеркавання ў большасці з нас былі лісты і дакументы ад кампаній — і амаль усе пайшлі туды, куды хацелі (ну, або як атрымалася). Я пайшоў туды, дзе праходзіў пераддыпломную практыку — у буйную дзяржаўную кампанію.

Адукацыя наша, як высветлілася на практыцы, не вельмі валідная: мы вывучалі шмат непатрэбнага, марнавалі сілы — а па факце гэта не спатрэбілася.

Пасля войска, як я ўжо сказаў, я пачаў шукаць новую працу — у асноўным праз rabota.by і LinkedIn.

Патрабаванні да джуноў і так былі высокімі, а пакуль я ахоўваў мяжу, яны яшчэ больш выраслі — на пошук працы ў мяне сышло два месяцы. Потым я атрымаў офер — але па грашах вельмі сціпла, хоць тэхналагічны стек і фармат працы мне падыходзілі.

Тэставых заданняў я зрабіў каля дзесяці, і 60% з іх прывялі да сумоўяў. Найбольш непрыемная гісторыя была з кампаніяй Modsen: па-першае, тэставае было проста гіганцкіх памераў; па-другое, жудаснае тэхнічнае сумоўе — два інтэрв’юеры амаль увесь час сядзелі ў муце, смяяліся, перабівалі мяне і гэтак далей.

Я ўпэўнены, што далей будзе прасцей: я ўжо адпрацаваў у кампаніі 6 месяцаў, спадзяюся, што хутка будзе павышэнне. Але, калі шчыра, надоўга там заставацца не збіраюся — спакойна, без спешкі і не згаджаючыся на любыя ўмовы, знайду альтэрнатыву — і сыду.

Не знайшлі

«Шукаю працу ўжо год — але ніяк. Фрылансу таксама няма — хіба што магу знаёмым зрабіць пару ботаў»

Аліна*, скончыла БДУІР у 2024 годзе:

— Я скончыла БДУІР у 2024 годзе. Вучылася на платным, таму размеркавання ў мяне не было — у адрозненне ад маіх сябровак з паралельнай групы. Варыянты адпрацовак, што прапаноўваў універсітэт, наўрад ці можна назваць добрымі: ні па аплаце, ні па ўмовах пражывання. Але на групу з 30 чалавек было ўсяго пяць такіх месцаў — астатнім сказалі шукаць месца для адпрацоўкі самастойна.

Увогуле з пошукам працы цяжка — я шукаю ўжо год, але безвынікова. Фрылансу таксама няма — хіба што магу знаёмым зрабіць пару ботаў, а таксама наладу і запуск сістэм камунікацыі.

Працадаўцам патрэбны досвед, а ўзяць яго няма дзе. Патрабаванні да джуноў апошнім часам значна выраслі, бо рынак перанасычаны спецыялістамі.

Некаторыя кампаніі прапаноўваюць навучанне — але такі варыянт падыходзіць не ўсім, бо трэба з 9:00 да 18:00 знаходзіцца ў офісе, працаваць бясплатна і адначасова неяк жыць і аплачваць арэнду кватэры. Усюды патрабуюць англійскую не ніжэй за B1—B2 — а для чалавека, які вучыў французскую, гэта «такое сабе».

Што магу сказаць пра веды, атрыманыя ва ўніверсітэце — так, гэта моцны «касцяк», на якім можна нешта далей будаваць. Але шмат чаго таксама трэба дацягваць і вывучаць самастойна — і гэта не сакрэт, пра гэта нават нашы выкладчыкі казалі.

Я вельмі хацела б знайсці аплатную стажыроўку, каб у гэты перыяд былі хаця б нейкія сродкі на жыццё. А пакуль развіваю свае ідэі, практыкуюся пісаць уласныя аплікацыі, API да іх спрабую — гэта дзеля цікавасці і спрашчэння ў пэўных месцах. Зараз хачу паспрабаваць узяць LLM і напісаць аплікацыю, што наразае вялікае відэа на шортсы. ШІ развіваецца імкліва, трэба быць да гэтага гатовым і ўмець з ім узаемадзейнічаць, навучаць і наладжваць пад сябе.

«Патрабаванні да джуноў несупастаўныя з тым, што ім даюць ва ўніверы»

Таццяна*, мама выпускніка ФКСіС БДУІР-2024 (платнае):

— Мой сын цяпер шукае працу — але ўсе працадаўцы адмаўляюць праз адсутнасць камерцыйнага досведу. Праходзіў пяць сумоўяў — паўсюль адказы адмоўныя. Запрашалі працаваць у міжбанкаўскі разліковы цэнтр, але іх патрабаванні тычыліся толькі знешняга выгляду і ведання ідэалогіі, па прафесійных ведах былі толькі павярхоўныя пытанні.

Патрабаванні працадаўцаў да джуноў зусім несупастаўныя з тым, што ім даюць ва ўніверсітэце. Пры гэтым працуючых студэнтаў у самім жа БДУІР не асабліва віталі — казалі, што гэта іх праблемы.

На размеркаванні прапаноўвалі МАЗ, «Мінсктранс», «Пеленг» — але ахвотных асабліва не было. Лабараторый цяпер у БДУІР амаль няма — частку выкладчыкаў звольнілі пасля 2020 года, многія сышлі самі. Лабы вядуць хлопцы, што самі скончылі БДУІР за год да гэтага.

Каментары3

  • моксим, надевайте лапти, ваш выход
    02.06.2025
    сейчас должен появиться цвет агро-айци чтоб указать лузерам их место
  • OMG
    02.06.2025
    Хто-небудзь дачытаў гэты мега-опус да канца?)
  • Лявон
    03.06.2025
    OMG, Лявон ня здолеў

Цяпер чытаюць

У Гомелі закрылі забягалаўку прадпрымальніка-лукашыста і знішчылі яго плакат са Сталіным11

У Гомелі закрылі забягалаўку прадпрымальніка-лукашыста і знішчылі яго плакат са Сталіным

Усе навіны →
Усе навіны

Іран прыпыніў здабычу газу на найбуйнейшым у свеце радовішчы

Пасля разносу Лукашэнкі «Беларусьфільм» бярэцца ствараць «лінейку сваіх серыялаў»4

«Гэта не самы прывабны варыянт». Што думаюць беларусы пра ўвядзенне Грузіяй трохгадовага ДНЖ для айцішнікаў3

Трамп не збіраецца падпісваць заяву G7 па пытанні ізраільска-іранскага канфлікту

Чаму расіяне аддалі ўкраінцам целы забітых, а тыя — не?8

Колькасць вакансій у Беларусі ў 54 разы большая, чым зарэгістраваных беспрацоўных1

Для аграсядзіб рыхтуюць новыя абмежаванні2

Беларусаў папярэдзілі пра візавую пастку пры наведванні Сербіі і Чарнагорыі2

Мерц катэгарычна супраць пасярэдніцтва Пуціна на Блізкім Усходзе2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Гомелі закрылі забягалаўку прадпрымальніка-лукашыста і знішчылі яго плакат са Сталіным11

У Гомелі закрылі забягалаўку прадпрымальніка-лукашыста і знішчылі яго плакат са Сталіным

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць