Свет22

Папа Леў XIV: амерыканскі місіянер у Перу, які крытыкаваў віцэ-прэзідэнта ЗША. Што вядома пра новага Папу

Новы Папа, 69-гадовы Роберт Прэво, які прыняў імя Леў XIV, стаў першым пантыфікам з ЗША (і ўвогуле з Паўночнай Амерыкі), але пры гэтым шмат гадоў жыў у Перу і мае грамадзянства гэтай краіны. Што яшчэ вядома пра фігуру новага пантыфіка, піша Бі-бі-сі.

Фота: Photo by Christopher Furlong / Getty Images

Крыніца брытанскай газеты Telegraph у Ватыкане ахарактарызавала новага Папу так: «Ён не ўваходзіў у лік відавочных кандыдатаў, але ён ведае ўсіх, правёў 30 гадоў на місіях, размаўляе на некалькіх мовах. Яго гады ў Перу робяць яго найменш «амерыканскім» з усіх амерыканскіх кардыналаў. Але ён разумее Амерыку і здольны звяртацца да яе народа — а гэта важна ў эпоху Трампа».

Сайт каталіцкіх журналістаў collegeofcardinalsreport.com называе яго погляды блізкімі да папярэдняга папы Францішка.

Прэво нарадзіўся ў Чыкага, але большую частку сваёй кар’еры правёў у Перу: спачатку як місіянер, а затым як арцыбіскуп. У 2015 годзе ён атрымаў перуанскае грамадзянства і кіраваў епархіяй у горадзе Чыклаё да 2023 года, калі папа Францішак прызначыў яго кіраўніком Дыкастэрыі па справах біскупаў. Гэты орган адказвае за разгляд кандыдатур на вышэйшыя царкоўныя пасады па ўсім свеце.

У інтэрв’ю Vatican News, неўзабаве пасля прызначэння ў Рым, будучы пантыфік сказаў: «Я па-ранейшаму лічу сябе місіянерам. Маё пакліканне, як і ў кожнага хрысціяніна, — быць місіянерам, абвяшчаць Евангелле ў любым кутку свету».

У тым жа інтэрв’ю ён падкрэсліваў, што біскуп павінен быць перш за ўсё пастырам, блізкім да сваёй паствы, а не мэнэджэрам, і важна не «ізалявацца ў палацы», а быць адкрытым да зносін з людзьмі.

Гэтаму ж прынцыпу адкрытасці прытрымліваўся Францішак, якога новы папа Леў XIV згадаў у сваёй прамове пасля абрання. «Давайце будзем памятаць пра слабы голас папы Францішка, які бласлаўляе Рым», — заклікаў ён.

Прэво таксама двойчы выбіраўся генералам-прыёрам — найвышэйшым кіраўніком аўгустынскага ордэна, рэлігійнай супольнасці XIII стагоддзя, заснаванай святым Аўгусцінам.

Акрамя таго, ён узначальваў Папскую камісію па справах Лацінскай Амерыкі — рэгіёна, дзе цяпер пражывае найбольшая колькасць католікаў у свеце.

У Рыме Прэво ўдзельнічаў у адной з найважнейшых рэформаў пантыфікату Францішка — уключэнні трох жанчын у калегію, якая галасуе за кандыдатуры біскупаў, вылучаных на зацвярджэнне Папу.

Да выбараў лічылася, што адносная маладосць Прэво можа сыграць супраць яго — кардыналы маглі не захацець абіраць папу, пантыфікат якога можа працягнуцца два дзесяцігоддзі або даўжэй.

За што Прэво крытыкаваў Вэнса і палітыку Белага дома

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп павіншаваў першага ў гісторыі папу-амерыканца, дадаўшы, што гэта вялікі гонар для Амерыкі.

Аднак сусветныя СМІ звяртаюць увагу, што ў сваіх сацыяльных сетках Прэво крытыкаваў палітыку новай амерыканскай адміністрацыі як мінімум па адным пытанні — стаўленні да мігрантаў. Як нагадвае The New Republic, адзін з пастоў, рэтвітнуты Прэво ў 2018 годзе (падчас першага прэзідэнцкага тэрміну Трампа), гаварыў: «Няма нічога нават аддалена хрысціянскага, амерыканскага або маральна апраўданага ў палітыцы, якая адбірае дзяцей у бацькоў і саджае іх у клеткі. Гэта робіцца ад нашага імя, і ганьба кладзецца на ўсіх нас».

У іншым допісе, які перапосціў Прэво, гучыць рытарычнае пытанне, ці бачыць адміністрацыя ЗША пакуты, выкліканыя іх палітыкай у дачыненні да нелегальных мігрантаў.

У лютым гэтага года ён паспрачаўся з віцэ-прэзідэнтам ЗША Джэй Дзі Вэнсам, які сказаў: «Ёсць хрысціянскае разуменне: спачатку ты любіш сваю сям’ю, потым — бліжняга, потым — супольнасць, потым — суграмадзян, і толькі пасля гэтага — астатні свет. Многія на крайнім левым флангу ўсё гэта цалкам перавярнулі».

Будучы папа падзяліўся калонкай National Catholic Reporter пад загалоўкам: «Джэй Дзі Вэнс памыляецца: Ісус не просіць нас ранжыраваць сваю любоў».

Што вядома пра яго бацькоў і кар’еру

Будучы папа нарадзіўся 14 верасня 1955 года ў Чыкага.

Яго бацька, Луі Марыус Прэво, быў ветэранам Другой сусветнай вайны французска-італьянскага паходжання, а маці, Мілдрэд Марцінес, мела іспанскае паходжанне.

Прозвішча новага папы пішацца «Prevost», яно мае французскае паходжанне і ў франкамоўным асяроддзі сапраўды вымаўляецца як «Прэво». Аднак кардынал нарадзіўся ў ЗША, дзе неанглійскія прозвішчы часта вымаўляюць гэтак, як яны пішуцца. Беларускі сайт Навінаў Ватыкана піша Прэвост.

Прэво атрымаў сярэднюю адукацыю ў малой семінарыі Аўгусцінскага ордэна ў 1973 годзе. Закончыўшы бакалаўрыят па матэматыцы ў прыватным каталіцкім універсітэце Віланова ў 1977 годзе, ён далучыўся да Аўгусцінскага ордэна. 19 чэрвеня 1982 года ён быў пасвечаны ў святары.

Будучы папа атрымаў ступень магістра багаслоўя ў Каталіцкім багаслоўскім саюзе ў Чыкага, а таксама ліцэнцыят і доктарскую ступень у галіне кананічнага права ў Папскім універсітэце Святога Тамаша Аквінскага ў Рыме.

Як адзначае National Catholic Reporter, адукацыя ў галіне кананічнага права можа супакоіць скептыкаў, занепакоеных магчымымі пагрозамі для традыцый каталіцкай царквы.

Прэво далучыўся да місіі аўгусцінцаў у Перу ў 1985 годзе, і з таго часу яго жыццё было цесна звязана з гэтай краінай.

Па заўвазе National Catholic Reporter, новы папа — паліглот: ён размаўляе на англійскай, іспанскай, італьянскай, французскай і партугальскай мовах, чытае па-лацінску і па-нямецку.

Каментары2

  • Drill baby drill
    09.05.2025
    [Рэд. — Дзякуй, перадалі рэдактару]

    [Зрэдагавана]
  • Сяржук
    09.05.2025
    Сам новаабраны пантыфік вымаўляе сваё прозвішча як "Прэвост": на распачацце канклаву пры складанні прысягі ў Сікстынскай капэле было выразна тое чуць.

Цяпер чытаюць

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў12

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Усе навіны →
Усе навіны

Еўрапарламент прагаласаваў за павышэнне мытаў на ўгнаенні з Беларусі і Расіі4

14-гадовая школьніца памерла ў бальніцы ў Ельску5

Бітва за Канстанцінаўку: чаму гэтае месца можа стаць галоўнай мэтай наступу Расіі

Трамп паведаміў еўрапейцам, што Пуцін не гатовы спыніць вайну23

У Вашынгтоне забілі дваіх супрацоўнікаў пасольства Ізраіля. Яны збіраліся заручыцца

Гаваркі крумкач, яркія паўліны, мілыя лісіцы і яшчэ шмат дзікіх жывёл знайшлі прытулак у вёсцы непадалёк ад Маладзечна

Рускамоўная пісьменніца выйшла замуж за беларуса і склала незвычайны слоўнічак ягоных слоў, якіх ніколі раней не чула23

Беларуска: У мяне ваюе каханы, і я жыву з тым, што ўяўляю ягоную смерць2

Наступны раўнд перамоваў паміж Украінай і Расіяй пройдзе ў сярэдзіне чэрвеня

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў12

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць