Анлайн-банк Revolut заблакаваў рахункі некаторым кліентам з Беларусі і Расіі. Прычым у некаторых выпадках гэта зроблена досыць аператыўна: спачатку людзей папярэджваюць аб магчымым «бане» і просяць даслаць дакументы, а праз пэўны час блакуюць: адных — на працягу некалькіх секунд, другіх — гадзін.
Адзін з кліентаў Revolut расказаў «Люстэрку», як яму ўдалося аднавіць доступ.

1 лістапада стала вядома, што Revolut пачаў апавяшчаць сваіх кліентаў з Беларусі і Расіі аб блакіроўцы рахункаў, якія былі адкрыты па гуманітарных і працоўных візах. Фінустанова спасылалася на 19‑ы пакет санкцый ЕС, які ўступіў у сілу. Пазней стала вядома, што карыстальнікі з дзейным ДНЖ еўрапейскіх краін таксама трапілі пад блакіроўку.
Беларусу Раману (імя зменена) удалося дамагчыся адмены блакіроўкі рахунку Revolut.
— З пятніцы на суботу мне прыйшло ад Revolut два лісты. У 2.45 напісалі, што тэрмін дзеяння маіх дакументаў скончыўся, трэба тэрмінова прадаставіць актуальныя дакументы, каб пазбегнуць блакіроўкі. І тут жа ў 2.45, з розніцай у некалькі секунд, прыходзіць паведамленне, што прынята рашэнне заблакаваць мой рахунак, бо я не прадаставіў дакументы. Я спаў, — расказаў мужчына.
Раніцай ён напісаў у тэхпадтрымку Revolut.
— Там бот адказваў, маўляў, «нам вельмі шкада». Я папрасіў злучыць з аператарам, але мне адказалі, што ён цяпер недаступны, вызваліцца праз паўтары гадзіны. Я пачаў пісаць лісты на тую скрыню, з якой прыходзілі лісты пра блакіроўку. Я напісаў, што ў мяне ёсць дзейны ДНЖ [адной з еўрапейскіх краін], — расказвае беларус. —
У чат-бот на Revolut фатаграфію дакумента адпраўляў. Мне адказвалі, што могуць толькі праз загрузку ў мабільным дадатку прыняць, у чат нельга. А потым мне прыйшло паведамленне, што тэхнічныя праблемы пры загрузцы малюнкаў, «мы можам вас апавясціць, калі праблемы будуць вырашаны».
Увечары 1 лістапада Revolut даслаў паведамленне беларусу пра тое, што праблемы вырашаны.
«Я загрузіў фатаграфіі — пярэдні і тыльны бакі ДНЖ. Дзесьці гадзіну апрацоўвалі фота, потым прыйшло апавяшчэнне, што ўсё апрацавана, верыфікавана, а доступ да акаўнта адноўлены.
Усё працуе цяпер, усё добра», — рэзюмаваў беларус.
Каментары
Яны прапануюць легальны спосаб адкатваць крыпту ў еўрыкі.
Адпаведна пазбягаць еўрапейскіх падаткаў на падбоныя заробкі і карыстацца сродкамі (калі канешне, машыны і кілаграмы золата іх карткай не купляць).
Але гэтая акенца зачынецца.