Модная мінская кавярня «Маркс» трапіла ў скандал: адтуль папрасілі сысці жанчыну, якая малявала. Але ўсё не так адназначна
Пра няўдалы досвед скетчынгу мастачка расказала ў сацсетцы Threads. У каментарах яе спачатку падтрымалі, а пасля новых дэталяў гісторыі накінуліся.

Мастачка Таццяна Мулярчык падзялілася сваім няўдалым досведам малявання ў моднай кавярні «Маркс» на Залатой Горцы — там можна не толькі выпіць каву, але і набыць кнігі.
«Здзіўленне дня» ад кавярні «Маркс». Мне сёння забаранілі маляваць акварэллю! А гісторыя такая: прыйшла паскетчыць і выпіць кавы, і проста ў працэсе да мяне падыходзіць афіцыянтка і кажа спыніць маляваць акварэллю. Калі што, акварэль — гэта водарастваральная фарба, яна адмываецца проста вадой, і я малявала вельмі акуратна. А потым яшчэ аказалася, што столік быў забраніраваны. Давялося шукаць іншае месца. Можаце, калі ласка, падказаць, куды лепш не заходзіць скетчарам?»

Сітуацыя сапраўды выглядае дзіўна: чым жа магла перашкодзіць жанчына, якая акуратна малюе? Але ў каментарыях з’явілася іншая наведвальніца кавярні, якая дадала шмат важных нюансаў.
«Хачу ўдакладніць, што малявала не адна дзяўчына, а цэлая кампанія — чалавек восем. Яны сапраўды выкарыстоўвалі акварэль і ваду, прычым бралі для гэтага пітныя шклянкі, якія звычайна прызначаныя для гасцей. Усё адбывалася проста ў залі, за агульнымі сталамі, і выглядала хутчэй як майстар-клас, а не спакойны скетч. Думаю, адміністрацыя проста хацела захаваць парадак і чысціню — бо кавярня ўсё ж такі не каворкінг і не мастацкая студыя».
Пасля гэтага меркаванні каментатараў значна змяніліся — цяпер пад допісам больш за тысячу каментароў.
Тыя, хто паглядзеў фотаздымкі з мерапрыемства ў інстаграме Таццяны, крытыкавалі, што на сталах не бачна замоўленай ежы ці напояў (пасля жанчына прадэманстравала скрыншот аплаты на 13 рублёў).
Падобна, гаворка сапраўды ідзе пра мастацкі ўрок (сама мастачка называе гэта сяброўскай сустрэчай). Але прыблізна праз гадзіну кампанія вымушаны была пайсці ў іншую кавярню, дзе, па словах Таццяны, ім былі рады.

Абурыла людзей і тое, што для мыцця пэндзлікаў кампанія выкарыстоўвала шклянкі кавярні. Таццяна ж кажа, што не набыла аднаразовыя, бо клапацілася пра экалогію. А любы кубачак і пасля кавы трэба ўсё роўна памыць у пасудамыйцы.
Людзі, якія таксама ладзяць розныя майстар-класы, параілі жанчыне ўсё ж першапачаткова дамаўляцца з адміністрацыяй кавярні на мерапрыемства з умовай, што кожны ўдзельнік замовіць на канкрэтную суму.

Шмат хто з каментараў палічыў, што кафэ ўсё ж не месца для розных хобі: «А можаце папярэдзіць, куды ісці людзям, якія сапраўды хочуць папіць кавы? Таму што ўсюды то гурток малявання, то метафарычныя карты раскладаюць, то ў настольныя гульні гуляюць»,
«А я вось шыць люблю. Вельмі акуратна. Можна ўзяць з сабой у кавярню ціхую швейную машынку і шыць сабе сукенку? Я ж каву набуду, што такога? Ці сяду шалік вязаць. Мне тут у вас цёпла і ўтульна».
Адна з жанчын падзялілася сваім болем: «Падобная гісторыя: зайшла з дзіцём у маленькае кафэ на чатыры столікі, выпіць кавы з пірожным — і хвілін 20 давялося слухаць разбор таролага-астролага. З ноўтбукам і «натхнёнай» кліенткай. Ладна ўжо таролаг — але як кліентку не бянтэжылі лішнія 6—7 пар вушэй, якія проста вымушаныя былі слухаць пра ўсё яе жыццё, як там зоркі ў дзіцяці склаліся, якія здольнасці, лёс і гэтак далей».
Пасыпаліся жарты і наконт таго, чым яшчэ можна займацца ў кавярні — рабіць манікюр кліентцы, стрыгчы сабак ці нават рабіць новых людзей.
Бітва працягнулася на «Яндэкс.Картах». Прыхільнікі Таццяны пачалі пісаць гнеўныя водгукі і ставіць кавярні на Залатой Горцы адну ці дзве зоркі.

Але ж пра гэта хутка даведаліся ў трэдсе — і людзі кінуліся ратаваць рэпутацыю «Маркса» сваімі падзякамі. Здаецца, перамаглі другія — у кавярні зноў агульны рэйтынг 5 зорак.

Каментары
Але ведаючы менскіх у́ласьнікау́ прыватных крамау́ , нейкіх прыватных мейсцау́ , скажу - мала вас дзярбаняць .