Як жыве сябар Лукашэнкі, вымушаны хавацца ў джунглях ад новай улады сваёй краіны
Былога прэзідэнта Балівіі Эва Маралеса абвінавачваюць у карупцыі, гандлі людзьмі і сэксуальным гвалце над непаўналетняй дзяўчынай. Пасля таго як суд выдаў ордар на яго арышт, палітык уцёк у джунглі і хаваецца. Ён жыве ў ізаляцыі, але працягвае палітычную барацьбу, упэўнены, што «народ яго яшчэ пакліча».

Эва Маралес — першы індзеец, які стаў прэзідэнтам Балівіі, а таксама былы прадстаўнік прафсаюза фермераў, што вырошчваюць коку, — прыйшоў да ўлады ў студзені 2006 года, атрымаўшы 54% галасоў.
Як піша The Times, сын збяднелых пастухоў лам і вытворцаў кокі быў вядомы тым, што падтрымліваў свой сціплы імідж селяніна-фермера нават падчас жыцця ў прэзідэнцкім палацы: прачынаўся раненька, прымаў гасцей а 5‑й раніцы, ездзіў на трактарах і раздаваў сельскагаспадарчыя прылады сваім прыхільнікам.
І спачатку палітык сапраўды меў поспех. Ён змагаўся з расізмам, узмацніў дзяржаўны кантроль над нафтагазавым сектарам, забяспечыў сотням тысяч людзей доступ да чыстай вады і вывеў мільёны з крайняй беднасці. Ён уключыў карэннае насельніцтва з сельскіх раёнаў, значная частка якога не галасавала, у палітычнае жыццё, адукацыйную сістэму і рынак працы.
Падчас свайго прэзідэнцтва Эва Маралес меў цёплыя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам праз іх агульнага сябра і былога венесуэльскага кіраўніка Уга Чавеса, а таксама некалькі разоў наведваў Беларусь, дзе выказваў захапленне «сацыяльнымі ператварэннямі ў Беларусі».
Ад трыумфу да ўцёкаў
Маралес тройчы перамагаў на прэзідэнцкі выбарах. Калі ў 2016 годзе заканчваўся яго трэці тэрмін, ён вырашыў, што не хоча адмаўляцца ад улады і правёў рэферэндум, які дазволіў бы яму балатавацца на чацвёрты тэрмін. У адрозненне ад Беларусі, у Балівіі галасы лічаць. Аказалася, што балівійскі народ сказаў Маралесу «не»: 51% прагаласаваў супраць.
Нягледзячы на гэта, у 2019 годзе палітык зноў балатаваўся на пасаду прэзідэнта. Калі мясцовы ЦВК абвясціў, што Маралес перамог у першым туры, апазіцыя не прызнала вынікаў. У краіне пачаліся масавыя пратэсты, якія працягваліся тры тыдні. У выніку Маралес, страціўшы падтрымку войска, уцёк за мяжу. Кіраўніца ЦВК таксама спрабавала збегчы, але была затрыманая пратэстоўцамі.
Праз год палітык вярнуўся на радзіму пад гарантыі бяспекі ягонай былой партыі «Рух да сацыялізму», якая захавала ўладу і шырокую падтрымку ў грамадстве. Аднак былыя аднапартыйцы фактычна забаранілі Маралесу вяртацца да ўлады.
З таго часу Маралес сутыкаецца з пастаянным патокам абвінавачванняў і судовых пазоваў. Яго і яго адміністрацыю абвінавацілі ў крадзяжы і растраце мільярдаў долараў дзяржаўных сродкаў, а таксама ва ўдзеле ў незаконным абароце наркотыкаў.
У 2020 годзе Маралеса абвінавацілі ў сэксуальным гвалце над 15‑гадовай дзяўчынай, якая ў 2016 годзе нарадзіла ад палітыка дзіця.
Пасля таго, як Маралес двойчы не з'явіўся на судовае пасяджэнне, дзе павінна было разглядацца пытанне пра яго папярэдняе зняволенне, у студзені 2025 года балівійскі суд выдаў ордар на арышт па абвінавачаннях у сэксуальным злоўжыванні адносна непаўналетняй дзяўчыны і гандлі людзьмі.
Калі віна Эва Маралеса будзе даказаная, яму пагражае турэмны тэрмін ад 10 да 15 гадоў. Суд таксама пастанавіў замарозіць усе фінансавыя актывы палітыка і забараніць яму пакідаць краіну.
Сам Маралес адмовіўся прыйсці ў суд, а прыхільнікі палітыка паспрыялі яго выезду ў аддаленую правінцыю Чапарэ дэпартамента Кочабамба ў цэнтральнай Балівіі.
Жыццё ў джунглях
Былы прэзідэнт жыве ва ўмацаваным комплексе пад аховай сваіх прыхільнікаў. Сам Маралес сцвярджае, што ягоныя ворагі «плануюць фізічна знішчыць» яго, таму ён не мае намеру пакідаць сваю тэрыторыю.

Палітык працягвае весці сваю барацьбу дыстанцыйна — праз мясцовыя радыёстанцыі і сацыяльныя сеткі.
29 кастрычніка Эва Маралес пакінуў у сваім твітары запіс:
«Я не маю страху перад тым, што мяне аддадуць пад суд за абарону тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Балівіі; і за прадухіленне сепаратызму радзімы і падзелу балівійцаў.
Я прашу толькі незалежных, сумленных і годных суддзяў, якія будуць паважаць належны прававы працэс і прэзумпцыю невінаватасці. Яны змогуць судзіць мяне тысячы разоў, абвінавачваць ва ўсім штодня, абражаць мяне 24 гадзіны на суткі, дыскрымінаваць за тое, што я індзеец, спрабаваць забіць, кінуць у турму і забараніць мне дзейнасць. Але абураны народ, які паўстаў супраць расізму, несправядлівасці і здраднікаў, — яго яны ніколі не змогуць ні прымусіць змоўкнуць, ні перамагчы».
No tengo temor a que me enjuicien por defender la integridad territorial y la soberanía de Bolivia; y por evitar el separatismo de la patria y la división de los bolivianos. Solo pido jueces independientes, honestos y decentes que respeten el debido proceso y a la presunción de…
Як адзначае The Times, у жніўні Маралес заклікаў сваіх прыхільнікаў сапсаваць бюлетэнь, каб пацвердзіць сваю падтрымку яму. Каля 20% бюлетэняў у першым туры сапраўды былі сапсаваныя, што стала сімвалічным праяўленнем уплыву Маралеса нават ва ўмовах ізаляцыі. Аднак яго рух «Рух да сацыялізму» страціў дамінаванне, якое меў цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў.
Пасля таго як у кастрычніку другі тур выбараў прынёс перамогу цэнтрысту Радрыга Пасу, Балівія ўпершыню за многія гады атрымала ўрад без удзелу сацыялістаў. Новая адміністрацыя ўжо абвясціла, што пачне перагляд гучных карупцыйных і крымінальных спраў, звязаных з папярэднімі гадамі кіравання. Сярод іх — і расследаванне супраць самога Маралеса. Паводле The Times, суд настойвае на яго з’яўленні, але былы кіраўнік краіны адмаўляецца пакідаць Чапарэ.
Прыхільнікі Маралеса сцвярджаюць, што суд — «інструмент палітычнай расправы», а новыя ўлады дзейнічаюць па ўзоры «амерыканскіх сатэлітаў», імкнучыся ліквідаваць апошнія рэшткі левага ўплыву ў рэгіёне.
Сам Маралес у інтэрв’ю The Times заявіў, што не адмаўляе адносін з дзяўчынай, але кажа, што ўсё было па згодзе: «Няма ахвяры — няма і злачынства». Дзяўчына цяпер дарослая і кажа, што яе не гвалтавалі, усё было з яе волі.
Журналіст выдання адзначае, што пасля двух дзён размоў стала ясна: Маралес упэўнены, што яго звяржэнне — вынік змовы, і што людзі па-ранейшаму хочуць яго вяртання.
«Усе, нават новыя правыя, — кажа ён, — хочуць не дапусціць, каб Эва балатаваўся. Але людзі гатовыя. Мы будзем супраціўляцца».
Маралес сцвярджае, што падзенне левых рэжымаў у рэгіёне — змова ЗША з мэтай кантролю над рэгіёнам. Ён нават папярэдзіў, што Дональд Трамп можа атрымаць «другі В’етнам», калі паспрабуе зрынуць прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура.
Балівія стамілася ад бясконцых палітычных драм, а Эва Маралес, як піша The Times, працягвае «высаджваць апельсінавыя дрэвы пад трапічным дажджом і верыць, што народ яшчэ пакліча яго». Але сёння ўжо мала хто верыць у яго вяртанне: нават былыя саюзнікі па партыі прызнаюць, што эпоха Маралеса скончылася.
Каментары