«І зноў кульгавы дыябетык з пастаяннай задышкай выжыльваецца ды пнецца паказаць, што ён не толькі гігант думкі»
І прыхільнікам і праціўнікам Аляксандра Лукашэнкі кідаецца ў вочы яго абсалютна нерацыянальная, але ўпартая спроба даказаць грамадству, што ён фізічна ў добрай форме, піша гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Дзівіць, наколькі Лукашэнка ўпарта і насуперак усялякай рацыянальнасці і здароваму сэнсу чапляецца за ўчарашні, ды нават за пазаўчарашні дзень, спрабуючы невядома каму даказаць, што ён па-ранейшаму волат-здаравяк у фізічным сэнсе. Нібыта нехта не памятае, колькі яму гадоў, і нібыта на відэа з ягоным удзелам не бачна відавочных праблем са здароўем.
Прытым праблемы ж гэтыя не абавязкова крытычныя. Як па мне, пакуль яшчэ не падобна, што Лукашэнка возьме і ўжо заўтра памрэ ці прынамсі зусім знясілее. Але хадзіць яму цяжка, гэта факт, і іншыя хваробы сур'ёзныя ёсць — таксама.
Аднак жа для 71‑гадовага чалавека букет хвароб — гэта хутчэй норма, чым выключэнне. І нават калі чалавек у прынцыпе ў форме, то ён у такім узросце ўжо беражэцца, у той жа хакей ужо наўрад ці паляціць стрымгалоў гуляць, нават калі ногі не баляць.
У Лукашэнкі ж яны баляць, і нават, як яму ні было гэта няпроста, аднойчы сам прызнаў, што з суставам праблемы, хадзіць цяжка:
«Я не кажу, што ідэальна. Ну, часам кульгаю, нага баліць. Не могуць мне сустаў адрамантаваць. Ну, я думаю, для прэзідэнта гэта не так страшна. Дзе не пройдзеш, там праедзеш».
Ну і вось, здавалася б, зрабіў гэты «камінг-аўт» – і гара з плячэй, больш не трэба сябе мучыць, выходзячы праз сілу на хакейную пляцоўку, дэманструючы праз маніторы рубанне дроў цэлымі кубаметрамі і іншыя прыкметы непатрэбнай у ягонай статусе фізічнай звышактыўнасці.
Здавалася б, не ходзяць ногі — то сядзі ў крэсле ды камандуй адтуль. Але ж не — нават пасля прызнання нешта ў гэтай галаве клініць, і зноў кульгавы дыябетык з пастаяннай задышкай выжыльваецца ды пнецца паказаць, што ён не толькі гігант думкі, але і можа хоць зараз ледзь не бегчы з маладымі навыперадкі.
Прытым што выглядае не толькі што ані трохі не пераканаўча, а, наадварот, проста кур'ёзна. Але атачэнне яўна яму калі што пра гэта і асмельваецца гаварыць, то толькі ў стылі «прямо, грубо, по-стариковски».
Ці вось зусім нядаўна ён сказаў нібыта між іншым, але з яўным жаданнем патлумачыць сваю рэгулярную адсутнасць у публічнай прасторы па серадах і суботах (што таксама, трэба думаць, тлумачыцца станам здароўя):
«Часам вы мне пішаце цэлы стос гэтых дакументаў, папер — слухайце, з глузду можна з'ехаць. Сераду рэзервуем для таго, каб усё гэта, што назапашваецца на працягу дзён, перачытаць. І суботу».
Здавалася б, ну ок, зноў такі сам сказаў, што па серадах працую з дакументамі і на публіку не вылажу — то хай бы гэта і было афіцыйнай версіяй. Усе будуць загадзя ведаць, што па серадах ягонага фэйса няма ў эфіры, бо і быць не павінна, адныя ўказы падпісаныя са свістам ляцяць веерам. А чым ён там насамрэч у гэты дзень займаецца, хай ужо пляткараць, рукапажаціе то ў любым выпадку крэпкае.
Але ж не, усё адно па серадах прэс-служба ладзіць спектаклі, што ён нібыта кагосьці там прымае з дакладамі, праводзіць сустрэчы, унікае ў праблемы і дае строгія наказы. Вось толькі самога яго ніколі не паказваюць, а высокія чыноўнікі барабаняць пра вынікі векапомных сустрэч… у антуражы сваіх уласных ведамстваў. Ну, цырк жа рэальны…
І самае галоўнае — незразумела на каго гэта разлічана нават у прапагандысцкім сэнсе.
Ягоным праціўнікам толькі бальзам на душу глядзець на ягоную слабасць, якая тым ярчэй праяўляецца і падкрэсліваецца, чым больш ён імкнецца дэманстраваць нібыта моц. А ябацек гэтай паказухай таксама не натхніш, бо яны ж таксама не сляпыя. І любяць яго зусім не за хакей, і не за Умку пад бокам на лаўцы. Але калі хто адарваўся ад жыцця, то ўжо «мужик что бык: втемяшится в башку какая блажь — колом ее оттудова не выбьешь».
«Абурае не тое, што Меркель хацела дамаўляцца з Пуціным у 2021-м, а тое, што ў 2025‑м не хоча прызнаць: дамаўляцца з ім не было пра што»
Малдова паказала, як Пуціну і Лукашэнку можна даваць па зубах і ў гібрыднай вайне
«Уяўляю раз'юшанасць Лукашэнкі ад учынку Міколы Статкевіча»
Пацукі вучаць нас жыць, а Гайко — дыялогу
Каментары