Меркаванні1313

Тактыка «мір праз сілу» — прывілея вялікіх дзяржаў. Што паказвае гісторыя з шарамі на беларуска-літоўскай мяжы

Што будзе з перамоўным працэсам Беларусі з ЗША, незразумела. Амерыканцы сутыкнуліся з беларускай рэальнасцю — і яна ім не спадабалася. А гісторыя з шарамі на літоўскай мяжы паказвае, што тактыка «мір праз сілу» — прывілея вялікіх дзяржаў. Спроба яе прымянення лукашэнкаўскім рэжымам дала збой, піша на «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч.

Фота: Evgenia Novozhenina / Pool Photo via AP

Крызіс перамоўнага працэсу з ЗША

Даўно вядома, што скандальны палітычны стыль Аляксандра Лукашэнкі — частка ягонага палітычнага іміджу. Эпатаж на мяжы, а часам і за мяжой прыстойнасці стаў адметнай візітоўкай беларускага кіраўніка. Аднак нават з такім фонам канцэнтрацыя скандальных заяў, што прагучалі 31 кастрычніка, выглядае пераборам.

Седзячы на лавачцы ў вёсцы Домжарыцы Лепельскага раёна, Лукашэнка прачытаў лекцыю пра міжнароднае становішча. Падчас яе нецэнзурна паслаў ЗША, абвясціў Рамана Пратасевіча супрацоўнікам беларускай выведкі, выказаў жаданне прадаваць Еўропе паветра, апавядаў, як літоўцы прыехалі ў Беларусь, каб запускаць адтуль паветраныя шары з кантрабандай. І ўсё гэта — на поўным сур’ёзе. Кажучы словамі літаратурнай класікі, «Астапа панесла».

Звычайна скандальнымі заявамі Лукашэнка маскіруе нервовы зрыў. Здаецца, нешта падобнае адбылося і цяпер. Чаму сарваўся?

Магу выказаць меркаванне, што гэта стала рэакцыяй на крызіс перамоўнага працэсу з ЗША. Прычым здарыўся ён нібыта на роўным месцы — праз шары. Мары пра «вялікую ўгоду» разбураюцца, як лічыць беларускае кіраўніцтва, праз «дробязі». Перамоўны працэс спатыкнуўся аб «рэаліі на зямлі», калі казаць сённяшнім расійскім палітычным слэнгам.

За апошнія паўтара месяца Лукашэнка чатыры разы ўзгадваў пра «вялікую ўгоду». Прычым гаворка ішла пра «здзелку» Беларусі не толькі з ЗША, але і з ЕС. Як меркавалася, у яе рамках павінен адбыцца абмен палітычнымі саступкамі «ўсё на ўсё» — у прыватнасці, вырашэнне «міграцыйнага крызісу», адмена санкцый, вызваленне палітвязняў і іншае.

На каго ціснуць ЗША?

Дысананс узнік праз тое, што да перамоўнага працэсу Беларусі з ЗША не далучыўся ЕС. Паводле разваг Лукашэнкі, галоўнае — дамовіцца з Вашынгтонам.

Бо, як ён лічыць, ЕС не з’яўляецца самастойным палітычным суб’ектам: што Дональд Трамп скажа — тое Еўропа і будзе рабіць. Таму ў адносінах з краінамі ЕС, найперш з суседзямі, трэба праводзіць палітыку з пазіцыі сілы, ціснуць, каб прымусіць да саступак — напрыклад, з дапамогай мігранцкіх атак.

Але, паводле нармальнай логікі, падчас перамоўнага працэсу бакі не павінны былі рабіць крокаў па эскалацыі канфлікту. Да мігранцкіх атак усе ўжо прызвычаіліся — яны сталі новай нормай. Аднак тут здарылася гісторыя з кантрабанднымі шарамі.

Цяжка сказаць дакладна, ці была гэта свядомая спецаперацыя беларускіх сілавікоў, каб нашкодзіць суседзям, ці нейкі стыхійны працэс, якому беларускія ўлады вырашылі не перашкаджаць. Але шары паралізавалі працу Віленскага аэрапорта, што, магчыма, стала непрадбачаным вынікам. І атрымаўся гучны скандал.

І тут выявілася цікавая рэч. У Мінску разлічвалі, што ЗША будуць ціснуць на краіны ЕС, каб прымусіць іх далучыцца да беларуска-амерыканскай угоды. Аднак атрымалася наадварот: Літва паскардзілася Вашынгтону, у выніку чаго ЗША запатрабавалі ад Мінска не толькі спынення атак шарамі, але і прабачэння (што асабліва абурыла Лукашэнку). Пазіцыя амерыканцаў зразумелая: параліч працы аэрапорта — гэта ўжо не толькі праблема двухбаковых дачыненняў Беларусі і Літвы, тут ідзе гаворка пра бяспеку міжнародных авіяцыйных зносін.

Лукашэнка трапіў у непрыемную сітуацыю. Для яго прасіць прабачэння — немагчыма. Бо правадыр, як ён сам сябе лічыць, патрыярх сусветнай палітыкі, не можа памыляцца.

Няўклюдныя выкручванні

Цікава паглядзець, як Лукашэнка спрабаваў выкручвацца з гэтай непрыемнай сітуацыі з шарамі. Першая рэакцыя — няма праблемы, літоўцы «падставу прыдумалі абсурдную», каб сарваць канферэнцыю па еўразійскай бяспецы ў Мінску. Потым наступны этап: «ну, тры шары заляцелі». Затым ён прызнаў, што насамрэч шары былі і ў немалой колькасці, але, маўляў, гэта літоўцы прыехалі сюды і самі іх запускалі.

То-бок Лукашэнка прызнае, што беларуская дзяржава не кантралюе сваю тэрыторыю — замежнікі прыязджаюць сюды і робяць што хочуць? Ён тлумачыць бяздзейнасць сілавых структур тым, што, маўляў, літоўцы легальна купляюць беларускія цыгарэты, а тое, што яны потым перакідаюць іх з дапамогай зондаў праз мяжу — не наша справа. Але кантрабанда (як і незаконны пераход мяжы мігрантамі) з’яўляецца, паводле беларускага заканадаўства, злачынствам. Выходзіць, што праваахоўныя органы свядома не выконваюць свае функцыі.

У адказ на рашэнне Літвы аб закрыцці мяжы беларускі бок заблакаваў на месяц 5 тысяч літоўскіх фур, якія апынуліся ў Беларусі.

Скандал у беларуска-літоўскіх адносінах паўплываў і на дачыненні Беларусі з Польшчай. Мінск і Варшава дамовіліся, што ў абмен на вызваленне знакавых палітвязняў польскі бок адкрые два памежныя пераходы. Аднак, праяўляючы салідарнасць з Літвой, Польшча пераносіць адкрыццё пераходаў на два тыдні. МЗС Беларусі адрэагаваў рэзкай заявай, і Лукашэнка абурыўся.

Што цяпер будзе з перамоўным працэсам Беларусі з ЗША — незразумела. Амерыканцы сутыкнуліся з беларускай рэальнасцю, і яна ім не спадабалася. Да таго ж мір ва Украіне аддаляецца. А менавіта ў кантэксце перамоваў з Расіяй Вашынгтону быў цікавы Лукашэнка.

У любым выпадку, гісторыя з шарамі паказвае, што тактыка «мір праз сілу» — прывілея вялікіх дзяржаў. Спроба яе прымянення лукашэнкаўскім рэжымам дала збой.

Як Раман Пратасевіч стаў выведнікам

Два словы пра новы статус Рамана Пратасевіча. Складаецца ўражанне, што гісторыю пра яго як супрацоўніка беларускай выведкі Лукашэнка прыдумаў на хаду — дзеля штучнай сенсацыі. Справа нават не ў тым, што ягоная цяперашняя версія цалкам супярэчыць усім папярэднім разважанням пра гэтага чалавека (ён называў Пратасевіча «тэрарыстам», які ўчыняў страшныя злачынствы супраць Беларусі). І ўзнікае пытанне — калі ж Лукашэнка казаў праўду?

Ёсць і іншае лагічнае пытанне: калі Пратасевіч з’яўляецца супрацоўнікам беларускай выведкі, дык навошта ўлады Беларусі пасадзілі ў Мінску самалёт са сваім агентам? Бо ў 2022 годзе Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) апублікавала даклад, у якім сцвярджаецца, што інфармацыя пра бомбу на борце была загадзя ілжывая. Але калі ўжо самалёт пасадзілі, дык навошта было арыштоўваць свайго агента? Логікі тут няма.

А Рома хутка пацвердзіў, што ён — вядомы выведнік. Сітуацыя абсурду дыктуе свае правілы. Калі б Лукашэнка сказаў, што Пратасевіч іншапланетнік — той таксама пацвердзіў бы. Бо што яму застаецца рабіць?

Каментары13

  • Сіла ёсць - глуздоў ня трэба
    01.11.2025
    Якая ж лухта несусветная. Гэты аналітык не бачыць, што дыктатар нагнуў усё НАТА нейкімі надзьманымі кандомамі? Пагаварыў бы з людзьмі на месцах - смяхоцце стаіць на ўсю Прыбалтыку!
  • Indrid Cold
    01.11.2025
    Дзед хворы на галаву проста, белаурсы і суседзі гэта ведалі 30 гадоў, ягоная сям’я ведала 60 гадоў, ягоная веска і маці ведалі ўсё жыццё. А цяпер яшчэ і амерыканцы даведаліся.
  • Мх
    01.11.2025
    Мне заўсёды было цікава: у крызіснай сітуацыі Лукашэнка абярэ ўладу ці грошы? (калі можна абраць выключна штосці адно з гэтага). І сам сябе выкінуў з перамоўнага працэсу (праз сваю недалёкасць), і Трамп можа рэальна "знайсці заначку", а не рабіць выгляд, што шукае.

Цяпер чытаюць

17‑гадовы блогер і яго 37‑гадовая дзяўчына патрацілі на сябе мільён рублёў, сабраны на дабрачыннасць14

17‑гадовы блогер і яго 37‑гадовая дзяўчына патрацілі на сябе мільён рублёў, сабраны на дабрачыннасць

Усе навіны →
Усе навіны

Канцлер Мерц: Сірыйскія бежанцы мусяць вярнуцца на радзіму11

«Штосьці ўдавалася перадаваць Бабарыку». Лосік расказаў, як арганізаваў у калоніі сетку распаўсюду інфармацыі3

Найбуйнейшую сетку фастфуду ў Беларусі адкрыў выхадзец з КДБ21

Мінчук вырашыў палепшыць крэдытную гісторыю і ўзяў дзевяць растэрміновак. Цяпер увесь у даўгах2

Мужчыны і Лукашэнка: беларусы шукаюць вінаватых у дэмаграфічнай катастрофе44

Трамп сказаў, за каго галасаваць на выбарах мэра Нью-Ёрка, інакш парэжа гораду фінансаванне7

Кім Кардаш'ян заявіла, што амерыканцы не высаджваліся на Месяц6

Што за серыял «Бар «Адзін званок», які масава шукаюць беларусы?4

У «Гомельскіх Курапатах» на Дзяды адбылося набажэнства, а ў Мінску, падобна, — зноў не3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто тыя 17‑гадовы блогер і яго 37‑гадовая нявеста, якія шыкоўна жылі на мільён, скрадзены са збору на хворае дзіця?35

Хто тыя 17‑гадовы блогер і яго 37‑гадовая нявеста, якія шыкоўна жылі на мільён, скрадзены са збору на хворае дзіця?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць