Пакуль здароўе Рамзана Кадырава пагаршаецца, у Чачні на вачах запускаецца механізм перадачы ўлады. Новы нефармальны гаспадар рэспублікі ўжо з'явіўся.

Як піша «Новая газета Еўропа», Рамзан Кадыраў у студзені 2025-га яшчэ захоўваў бачнасць бадзёрасці, але ўжо 4 лютага быў экстранна шпіталізаваны ў прыватную клініку «Аймед», якая належыць яго сям'і. З таго часу ён амаль не кіруе рэспублікай: рэдка выходзіць з клінікі, для паездак па рэспубліцы і за яе межамі выкарыстоўвае верталёт санітарнай авіяцыі. Афіцыйныя мерапрыемствы адкрывае яго правая рука — старшыня ўрада Чачні Магамед Даудаў.
Звальненне дачок і пераафармленне актываў
Па даных крыніц выдання, адразу пасля чарговага медыцынскага абследавання Кадырава ў лютым гэтага года тры яго дачкі — Айшат, Хадзіжат і Хутмат — пакінулі дзяржаўную службу. Асабліва рэзананснай стала адстаўка з пасады віцэ-прэм'ера Айшат, якая лічылася самай уплывовай і здольнай сярод дзяцей Кадырава. Яна не толькі курыравала культуру, але і праводзіла рэальныя рэформы — аднаўляла тэатры, змагалася з карупцыяй, мадэрнізавала сістэму сацпадтрымкі.
Але ў той жа час Айшат Кадырава актыўна і дэманстратыўна падтрымлівала вайну ва Украіне. Прычым рабіла гэта не пад прымусам, а з уласнай ініцыятывы.
Крыніцы «Новай газеты» падкрэсліваюць: Айшат магла б стаць пераемніцай, калі б не адно «але» — яна жанчына. «У Кадырава не было б галаўнога болю з прызначэннем пераемніка, калі б Айшат нарадзілася мужчынам», — кажуць суразмоўцы выдання. Аднак у патрыярхальнай сістэме Чачні дачка не можа прыняць у спадчыну ўладу. Затое можа кантраляваць бізнэс — менавіта для гэтага, верагодна, і спатрэбіўся яе афіцыйны адыход з пасады.

Пакуль сам Кадыраў і яго дарослыя дзеці лічыліся чыноўнікамі, паводле закону яны не мелі права займацца прадпрымальніцтвам. Таму фармальна бізнэс вёўся праз падстаўных асоб, што дазваляла выконваць бачнасць законнасці і пры гэтым захоўваць поўны кантроль. Але такая схема магчымая толькі пры жывым Кадыраве.
Адразу пасля звальнення з дзяржслужбы пачалася перадача сямейных актываў: Айшат стала ўладальніцай «Чачэнскіх мінеральных вод» з мільярднымі абаротамі, яе маці — уладальніцай клінікі «Аймед», а другая жонка Кадырава — уласніцай новай аптэчнай сеткі Darba Pharmacy.
Міжнародная гульня: Катар, Сірыя і «залатыя шахты»
Нягледзячы на пагаршэнне здароўя, Кадыраў захоўвае важную ролю ў міжнароднай палітыцы. Крэмль прыцягваў яго да перамоваў з Катарам па сірыйскім пытанні, паколькі менавіта Кадыраў мае нефармальныя сувязі на Блізкім Усходзе і досвед таемнай дыпламатыі.
У абмен на гэтыя паслугі ён прасіў у Пуціна палітычныя гарантыі для сваёй сям'і і ўдзел у падзеле актываў, якія раней кантраляваваў сенатар Сулейман Керымаў — у прыватнасці, «залатых шахт» кампаніі «Полюс». Як паведамляецца, Кадыраў скардзіўся на рэпутацыйныя страты пасля канфлікту вакол Wildberries, дзе яго кандыдат Уладзіслаў Бакальчук прайграў, а таму шукаў новую кампенсацыю — долю ў «залатых шахтах».
Крыніцы лічаць, што Кадыраў можа атрымаць нефармальны ўплыў праз свайго прадстаўніка на Фонд падтрымкі ісламскіх арганізацый, які валодае 46,35% акцый «Полюс».
План Кадырава
Рамзан Кадыраў не можа афіцыйна перадаць уладу сваім дзецям: расійская канстытуцыя забараняе вылучэнне ў кіраўнікі рэгіёну асобы, малодшай за 30 гадоў, а яго сыны непаўналетнія або толькі набліжаюцца да гэтага ўзросту.
Аднак, паводле інфармацыі «Новай Еўропы», ужо з 2023 года, калі здароўе Кадырава прыкметна пахіснулася, ён і яго бліжэйшае асяроддзе пачалі рэалізацыю плана перадачы ўлады ў абыход фармальных працэдур.
Яго сутнасць — падзяліць рэальную і фармальную ўладу, перадаўшы ключавыя рычагі кіравання — сілавыя, фінансавыя і ценявыя — у рукі сям'і, а намінальнага кіраўніка рэспублікі можна будзе прызначыць або з ліку правераных паплечнікаў, або па ўзгадненні з Масквой.
Кадыраўская ўлада будуецца на трох апорах: федэральных грошах, падкантрольных сілавых структурах і нефармальных гарантыях бяспекі ад Пуціна,
Захаваць гэтыя рэсурсы ў руках сям'і — галоўная мэта Кадырава. Асабліва важна забяспечыць пераемнасць у кантролі над сілавікамі і ценявымі патокамі, а таксама дабіцца прадаўжэння асабістых гарантый з боку Крамля, ужо для яго дзяцей.
Спадчыннік
Цэнтральнай фігурай у гэтым плане стаў малодшы сын Кадырава — Адам, якому цяпер 17 гадоў. Менавіта яго Кадыраў стаў актыўна прасоўваць пасля таго, як старэйшыя сыны не апраўдалі спадзяванняў.
Спачатку Адам стаў фармальным «начальнікам аховы», затым — куратарам МУС па Чачні», а ў красавіку 2025-га — ужо і сакратаром Рады бяспекі Чачні. Усе прызначэнні супярэчаць расійскаму заканадаўству, але на іх ніхто ў Маскве не рэагуе.
Паказальна, што міністр унутраных спраў Чачні асабіста прадставіў Адама паліцыі як новага кіраўніка, падкрэсліваючы, што ўсе дзеянні ведамства цяпер узгадняюцца з ім. У маладога Кадырава — уласны картэж, ахова, пазыўны DUSTUM (як у бацькі ў маладосці) і ўзрастаючы ўплыў на ўсе сілавыя і эканамічныя працэсы ў рэспубліцы.

Адам сёння з'яўляецца другім па ўплывовасці чалавекам у Чачні. Дакладней, такім яго паслядоўна робіць сам Кадыраў. Гэта добра бачна і па знешніх прыкметах, якім у Чачні заўсёды надавалі вялікае значэнне. Напрыклад, памер картэжу Адама такі ж, як у яго бацькі. Усё часцей ягоныя партрэты сустракаюцца ў кабінетах чыноўнікаў.
У той жа час Кадыраў прыбірае нават сваіх ранейшых паплечнікаў. Адзін з іх — Адам Дэлімханаў — зараз толькі трэніруе Адама Кадырава і перадае свае шырокія сувязі, у тым ліку і ў крымінальным свеце, як у рэгіёнах Расіі, так і за межамі краіны.
Былы сакратар Рады бяспекі і пляменнік Кадырава Хамзат зараз у ААЭ і афармляе грамадзянства. Услед за ім грамадзянства ААЭ будзе зроблена і для іншых членаў сям'і.

Такім чынам, Кадыраў стварае паралельную вертыкаль улады, у якой фармальны кіраўнік рэспублікі — фігура намінальная, а ўся рэальная ўлада будзе сканцэнтравана ў руках спадчыннікаў і лаяльных кланаў, звязаных з імі сваяцтвам.
Галоўная інтрыга — ці захавае Крэмль свае нефармальныя гарантыі пасля смерці Кадырава.
Рамзан Кадыраў знік на некалькі тыдняў
Кадыраў прайграў вайну за Wildberries: расійскі суд пакінуў кампанію за заснавальніцай
Чатыры жонкі Рамзана Кадырава, якія нарадзілі яму 14 дзяцей: хто яны
Хворы Кадыраў таемна ажаніў сваіх непаўналетніх сыноў
Скарміў чалавека льву. Пяць дзікіх гісторый пра Рамзана Кадырава
Каментары
Зноў бегці праз рБ пачнут шчырыя добразычлівыя беларусы...сало каўбасоў тэстуйце .У са ..елі