Грамадства1111

Пад Магілёвам зносяць недабудаваны храм, які абаранялі расійскія чарнасоценцы

Ад недабудаванага «храма» адхрышчваюцца ўсе, акрамя расійскіх зэтнікаў, якія патрабуюць у Лукашэнкі спыніць знос незаконнай будоўлі. 

Аляксандр Набокаў і расійская праваслаўная прапагандыстка Алена Казянкова ўнутры недабудаванага храма ў вёсцы Бракава Магілёўскага раёна. Скрыншот відэа канала Казянковай

Гэтая гісторыя пачалася яшчэ да 2020 года. У вёсцы Бракава, што знаходзіцца ў прыгараднай зоне Магілёве, недалёка ад трасы на Мінск, ёсць штучны вадаём, па дамбе якога праходзіць Цэнтральная вуліца.

Тут, на трохвугольным пляцы паміж вадаёмам і вуліцай, калісьці быў прыватны ўчастак. Як можна зразумець з разрозненых тлумачэнняў, пасля смерці ўласніцы, ён разам з недабудаваным домам, які ўжо быў накрыты дахам, адышоў да яе мужа Аляксандра Набокава.

Недабудаваны «храм» у Бракаве. Скрыншот відэа

Той спачатку думаў зрабіць на ім бізнэс з ідэяй стварыць аграсядзібу, але пасля вырашыў перабудаваць жылы дом пад Дом міласэрнасці, для чаго зарэгістраваў у 2019 годзе дабрачынны Фонд памяці Георгія Каніскага.

Ад чыноўнікаў Набокаў атрымаў дазвол на праектаванне, але далей будоўля вялася без праекта, з парушэннямі і выйшла далёка за граніцы вылучанага ўчастку.

Прадстаўнікі Магілёўскага аблвыканкама кажуць, што спачатку ўсяляк спрыялі дырэктару фонду з дазволам пабудаваць тут Дом міласэрнасці з капліцай пры ім. У ліпені 2020 года яны нават звярнуліся да Лукашэшкі з хадайніцтвам, каб Фонду далі ўчастак 40 сотак, атрымаўшы ад яго згоду. 

Недабудаваны «храм» у рыштаваннях. Фота: Прыдняпроўская ніва

Дапамагалі ў будаўніцтве не толькі мясцовыя ўлады, бязвыплатную спонсарскую дапамогу Фонду аказвалі і мясцовыя прадпрыемствы. Згодна са справаздачай за 2022 год Фонд атрымаў ад Магілёўскага камбіната сілікатных вырабаў, УКСа г. Магілёва і прадпрыемства «НікаДаВіт» будаўнічыя матэрыялы, часта неліквідныя, якія на будоўлю перавозіў 12-ы будаўнічы трэст, а Магілёўскі домабудаўнічы камбінат даваў у арэнду Фонду аўтакран.

Агароджа аб'екта на Цэнтральнай вуліцы вёскі Бракава. Фота: Прыдняпроўская ніва

Няскончаны дом пачаў актыўна расці і пашырацца, выклікаючы шмат пытанняў у мясцовых жыхароў.

Вялікі эклектычны будынак, які вылез на дарогу і ўзвышаўся над Цэнтральнай вуліцай, як жыхары вёскі пасля даведаліся, будаваўся зусім не як дом міласэрнасці, а як духоўна-асветніцкі цэнтр з храмам Раства Багародзіцы. 

Абураныя падманам, захопам часткі возера і небяспекай ад дзіўнай будоўлі, мясцовыя жыхары пачалі пісаць скаргі ва ўсе магчымыя інстанцыі. 

Вяскоўцы, якія патрабуюць знесці небяспечны самабуд. Фота: Прыдняпроўская ніва

Першыя праблемы

Нешта пайшло не так і ў цудоўных адносінах Фонду з беларускімі ўладамі.

Спачатку праблемы ў Набокава пачаліся з прыродаахоўным заканадаўствам — дробныя штрафы не аказалі на яго ніякага ўздзеяння, тады ў 2022 годзе чыноўнікі выставілі яму прэтэнзію ў 24,5 тысячы рублёў за шкоду, нанесеную адкідамі, якія размяшчаліся на зямлі, якая Фонду не належала.

Змяненне берагавой лініі вадаёма ў Бракаве з 2018 па 2020 год. Фота: Google Earth

Выявілася, напрыклад, што ён засыпаў будаўнічым смеццем частку става, каб зрабіць праезд на будоўлю, захапіўшы такім чынам незаконна частку тэрыторыі, якая яму не належала, а агароджа была пастаўлена ўжо непасрэдна ў вадаёме.

Ужываліся і іншыя санкцыі, але яны таксама не мелі эфекту. Да 2025 года сума шкоды ўжо ацэньвала ў больш як 39 тысяч рублёў.

Тыя ж чыноўнікі, якія хадайнічалі перад Лукашэнкам, цяпер наперабой пералічаюць усе парушэнні, дапушчаныя Набокавым на ўчастку за гэтыя гады.

Недабудаваны комплекс з боку Цэнтральнай вуліцы. Фота: Прыдняпроўская ніва

На будоўлю зачасцілі розныя інспекцыі і праверкі. Інспекцыі Дзяржбуднагляду выявіла адсутнасць абавязковай праектнай дакументацыі, якая б прайшла дзяржаўную экспертызу. Пры будаўніцтве выкарыстоўваліся ўжываныя раней матэрыялы, бітая цэгла і інш. Бетонныя канструкцыі, выкананыя з сумнеўнай якасці матэрыялу, мелі розныя дэфекты — поры, ракавіны і расколіны.

Царкву — пад знос

Улетку 2024 года Магілёўскі райвыканкам прыняў рашэнне пра неадкладны знос недабудаванага храма, бо існуе пагроза, што канструкцыя проста абваліцца, бо ніводная канструкцыя ў грамадскім будынку не была пралічана, асабліва перакрыцці.

Каб адцягнуць выкананне рашэння мясцовых уладаў, Набокаў заказаў незалежнае абследаванне будынка ў арганізацыі з Брэста. У пададзеным у райвыканкам заключэнні спецыялістаў мясцовыя чыноўнікі пабачылі пацвярджэнне сваіх слоў, што будаўніцтва вялося з грубымі парушэннямі, а таму з’яўляецца небяспечным. 

Пакуль чакалі заключэння, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, будоўля не спынялася.

Расійскі інфадэсант

З інфармацыйнай падтрымкай, каб перашкодзіць зносу незаконнай будоўлі, у жніўні 2024 года ў Бракава нават прыехала расійская прапагандыстка па праваслаўнай лініі Алена Казянкова, якая здымае на Данбасе праваслаўныя фільмы. Размову з Аляксандрам Набокавым пра распачатае ім будаўніцтва яна апублікавала пад назвай «Белоруссия. Кому мешает укрепление Православной веры?».

Набокаў расказаў жанчыне, што ён будуе вялікі храм Крыжа Гасподняга разам з багадзельняй і ўжо заклаў падмурак для храма Раства Багародзіцы — то-бок цэлы рэлігійны комплекс, пра які ніхто нават не ведаў.

Рэндар таго, што будаваў на ўчастку каля вадаёма Набокаў. Скрыншот відэа

Па яго словах, будаўніцтва пачалося 6 гадоў таму з блаславення айца Адрыяна (Кірсанава), архімандрыта Пскова-Пячэрскага манастыра. Ён прапаноўваў участак магілёўскаму архіепіскапу Сафронію, але той адказаў, што не пацягне гэтага будаўніцтва і прапанаваў яму адкрыць фонд і заняцца гэтай справай самому. 

«На нейкім этапе ўлады вельмі падтрымлівалі, а цяпер з’явіліся вельмі вялікія праблемы з мясцовай уладай, раённага і абласнога ўзроўню.

Мы звярнуліся да кіраўніка дзяржавы з просьбай выдзеліць дадатковы ўчастак зямлі. Было 25 сотак, мы звярнуліся з просьбай, каб ён выдзеліў нам яшчэ 40.

Выдзеленага Лукашэнкам участка было мала, таму Набокаў зысапаў будаўнічым смеццем частку вадаёма. Фота: Прыдняпроўская ніва

І вось тут узнікла спакуса, непаразуменне — чамусьці далі агулам 40. А зямля ўжо, так бы мовіць, ужо выкарыстоўвалася, было распачатае будаўніцтва храма Прасвятой Багародзіцы. І вось з-за гэтага ўлады цяпер вынеслі прадпісанне ўсё гэта знесці. 

Інкрымінуюць захоп зямлі і незаконнае будаўніцтва — іншых прычын няма. Хоць гэта зямля, насамрэч, нікому не патрэбная. Вы самі бачыце — гэта проста палоска берага, яна ніяк не выкарыстоўваецца», — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі з прапагандысткай Набокаў.

Паказваючы камп’ютарную мадэль кіраўнік Фонду патлумачыў, што далей праект не распрацоўвалі, бо няма фінансавання, усё робіцца быццам бы за грошы мясцовых жыхароў. У сваіх грандыёзных планах, што бачна па памерах будоўлі, Набокаў арыентаваўся перш за ўсё на гіганцкі сталічны Свята-Елізавецінскі манастыр.

Расійская прапагандыстка абурылася, што мясцовыя чыноўнікі ігнаруюць загад Лукашэнкі, «рэальнага заступніка праваслаўя», каб у кожнай вёсцы была царква. 

Расійская праваслаўная прапагандыстка Алена Казянкова ўнутры недабудаванага «храма» ў Бракаве. Скрыншот відэа канала Казянковай

«Рэальна такое рашэнне існуе, яно прынята. Ці то гэта такая местачковая дурасць, непаразуменне, складана сказаць. Ці то за гэтым стаяць нейкія, можа быць, інтрыгі, як гэта мы гаворым, ворагі праваслаўя», — казала Казянкова.

Мясцовым уладам умяшальніцтва праваслаўнай блогеркі, якая фактычна назвала іх ворагамі праваслаўя, мякка кажучы, не спадабалася. На мясцовым тэлебачанне ў хуткім часе выйшаў разгромны сюжэт пра незаконную будоўлю пад назвай «Ворагі праваслаўя ці ахоўнікі закона?».

Сяргеей Маісееў, кіраўнік чарнасоценнай «Русі трыадзінай», на вайне ва Украіне. Фота: Дзен

Але Казянкова была не адзіным расейцам, які заступіўся за Набокава. Відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай спыніць знішчэнне недабудаванага храма ў Бракаве таксама запісаў Сяргеей Маісееў, кіраўнік чарнасоценнай «Русі трыадзінай», якая калісьці дзейнічала ў Харкаве і прасоўвала ідэю Наваросіі.

Маісееў звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай спыніць знішчэнне недабудаванага храма ў Бракаве. Скрыншот відэа

Маісееў падзяліўся гісторыяй, што калісьці знайшоў кнігу «Історія Русов» Георгія Каніскага, якая паўплывала на тое, што ён стаў прыхільнікам «рускага свету». 

«А колькі людзей даведаецца аб працах Георгія Каніскага, калі будзе такі цэнтр у Беларусі? Гэта будзе працаваць на ўмацаванне нашага агульнарускага фундамента», — тлумачыць Маісееў патрэбу ў існаванні такога цэнтра ў Беларусі. 

Зварот вернікаў да чыноўнікаў, апублікаваны ў сакавіку 2025 года на канале Казянковай. Скрыншот відэа

У сакавіку 2025 года канал Казянковай зноў вярнуўся да тэмы Бракава, выклаўшы відэазварот, як сцвярджаецца, мясцовых вернікаў да намесніка старшыні аблвыканама па будаўніцтве Генадзя Дзенгалёва, каб ён падтрымаў і дапамог у будаўніцтве храма.

Звароты, аднак, былі праігнараваныя беларускімі ўладамі.

Іншыя справы Фонду

Фонд памяці Георгія Каніскага таксама датычны да ўстаноўкі на Магілёўшчыне некалькі помнікаў, у першую чаргу — да помніка Георгія Каніскаму ў гістарычным цэнтры Магілёва, які цалкам прафінансаваў мясцовы праваслаўны мецэнат Мікалай Грышкун.

Адкрыццё помніка свяціцелю ў Магілёве, ініцыяванага Фондам памяці Георгія Каніскага насуперак супраціву мясцовых уладаў. Анатоль Хішчанка другі справа сярод царкоўных іерарахаў. Фота: Веснік Магілёва

Як распавёў Набокаў, што для таго, каб паставіць у годным месцы помнік Георгію Каніскаму, яны шэсць гадоў змагаліся з мясцовымі ўладамі. 

Георгій Каніскі — гэта прарасійскі магілёўскі праваслаўны дзеяч. У бытнасць магілёўскім архіепіскапам звяртаўся Каніскі да расійскіх імператрыц па дапамогу і вярнуўся ў Магілёў толькі пасля першага падзелу краіны, фактычна на расійскіх штыках. 

Пытанне з помнікам Каніскаму ў Магілёве вырашылася станоўча, толькі калі яны звярнуліся непасрэдна да Лукашэнкі. 

Падобным чынам у мінулыя дзесяцігоддзі было вырашана пытанне будаўніцтва праваслаўнай царквы на тэрыторыі замкавай гары ў Магілёве: магілёўцы і чыноўнікі былі супраць, тады царкоўнікі звярнуліся наўпрост да Лукашэнкі, які даў ім дазвол на будаўніцтва ў ахоўнай зоне.

Помнік расійскаму міністру Апалону Крывашэіну ў Шклове, да ўстаноўкі якога ў 2022 годзе таксама спрычыніўся Фонд памяці Георгія Каніскага. Фота: shklovinfo

У жніўні 2022 года помнік Каніскаму ўрэшце быў адкрыты на вяршыні новай грандыёзнай лесвіцы з цэнтра горада ў Падміколле. У цырымоніі адкрыцця бралі ўдзел чыноўнікі аблвыканкама, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, праваслаўныя іерархі, прадстаўнікі расійскага пасольства. 

Дэпутацкі след

Цікава, на адкрыцці помніка Фонд памяці Георгія Каніскага прадстаўляў не Набокаў, а старшыня праўлення фонду Анатоль Хішчанка.

Мітрапаліт Веніямін узнагароджвае Анатоля Хішчанку, старшыню праўлення Фонду памяці Георгія Каніскага, на ўрачыстым адкрыцці помніка ў Магілёве. Фота: Мінская епархія

Хішчанка быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Магілёўскай сельскай акругі, у якую якраз і ўваходзіла Бракава, і да 2021 года з’яўляўся членам партыі ЛДПБ. Пасля яго імя сустракаецца толькі ў сувязі з Фондам памяці Георгія Каніскага, але не перасякаецца з імем Набокава.

Відаць, праз яго і былі наладжаны добрыя адносіны з мясцовымі ўладамі. У красавіку 2024 года Хішчанка памёр, а ўжо ўлетку чыноўнікі вынеслі прысуд незаконнай будоўлі. 

Царква адхрышчваецца ад «храма»

Нягледзячы на цесныя сувязі з Беларускай праваслаўнай царквы, Фонд памяці Георгія Каніскага не ўваходзіць у яе структуру і не з'яўляецца рэлігійнай арганізацыяй. А значыць, па беларускім заканадаўстве «храм», які ён незаконна ўзводзіў у Бракаве, нават не з’яўляецца культавым збудаваннем. Ад яго адхрысціліся і ў БПЦ.

«Фонд памяці Георгія Каніскага, які ўзвёў гэты самабуд, фактычна прыкрываўся добрымі распачынаннямі і чыніў беззаконне», — выносяць прысуд на дзяржаўным тэлеканале.

Беларуская праваслаўная царква з свайго боку накіравала кіраўніку вобласці ліст, у якім патлумачыла, што заўсёды падтрымлівае добрыя пачынанні па будаўніцтве праваслаўных храмаў і будынкаў дабрачыннага прызначэння пры іх.

Ліст да магілёўскіх чыноўніках, у якім мітрапаліт Веніямін тлумачыць, што блаславення на будаўніцтва храма Набокаў ад БПЦ не атрымліваў. Скрыншот відэа «Беларусь 4»
Ліст да магілёўскіх чыноўніках, у якім мітрапаліт Веніямін тлумачыць, што блаславення на будаўніцтва храма Набокаў ад БПЦ не атрымліваў. Скрыншот відэа «Беларусь 4»

Але не магла даць, як сцвярджае Набокаў, пісьмовае блаславенне на будаўніцтва храма з домам міласэрнасці ў Бракаве, бо на Фонд не распаўсюджваюцца ўнутрыцаркоўныя дакументы і загады кіраўнікоў рэлігійных структур. Акрамя таго, па словах БПЦ, вітанне добрых намераў не можа азначаць дазволу на парушэнне заканадаўства. 

Блытаніны ў сітуацыю дадавала яшчэ і тое, што Фонд памяці Георгія Каніскага пазіцыянаваў комплекс як духоўна-асветніцкі цэнтр, у той час як у Магілёве ёсць рэальна існуючы Духоўна-асветніцкі цэнтр імя свяціцеля Георгія (Каніскага).

Натуральна, што многія маглі ўспрымаць будоўлю ў Бракаве як ініцыятыву афіцыйнай структуры БПЦ. Дырэктар цэнтра запэўніў, што ніякага дачынення да будоўлі ў Бракаве яны не маюць і нават не ведалі пра будаўніцтва там чагосьці такога. 

Фінал царкоўнай эпапеі

Цяпер, калі ад «храма» адвярнуліся і мясцовыя жыхары, і чыноўнікі, і царкоўныя іерархі, на баку Набокава засталіся толькі расійскія чарнасоценцы, якія, аднак, пакуль бяссільныя ў Беларусі. А гэта значыць, што незаконную будоўлю ў Бракаве, калі не ўмяшаюцца нейкія магутныя сілы, чакае падпісаны ўжо ёй знос.

Днямі ужо пачаліся падрыхтоўчыя працы па зносе недабудаванага комплексу, былі дэмантаваны рыштаванні, якія, як выявілася, самі былі небяспечныя — былі загружаны будаўнічымі матэрыяламі і таксама пагражалі абрынуцца. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары11

  • у Беларусi (ВКЛ) будзе літвінская ( беларуская ) мова
    04.05.2025
    Mой сын кажа : мангола - мaскавіцкая (ардынская) мова ўвогуле не патрэбна будзе ў жыцці. Калi мы захаваем нашу Незалежнасць , у Беларусi (ВКЛ) будзе літвінская ( беларуская ) мова, а калi прыйдзецца жыць за мяжой, то будзе патрэбна мова той зaмежнай краiны. А для паразумення з iншаземнымi сябрамі , патрэбна ангельская, польская цi ўкраінская.
  • .
    04.05.2025
    Ліст ад БПЦ (на скрыншотах) - выдатны прыклад адказаў на звароты ад беларускіх чыноўнікаў. Амаль няма розніцы, што выканкам, што царква.
    Нават і блок "СПРАВОЧНО:" кананічна-чыноўнічы :)
  • шагрэневая мова
    04.05.2025
    якая моцная беларуская мова - адно слова "выявілася" замяняе 4 паняцці/словы ў расейскай!
    ... як і "распавядаць" )

Цяпер чытаюць

Новае наступленне УСУ ў Курскай вобласці1

Новае наступленне УСУ ў Курскай вобласці

Усе навіны →
Усе навіны

Што са школьнай ежы дзецям падабаецца?1

Міністр Маркаў заявіў, што да 2020 года яны цярпелі незалежныя медыя, а цяпер надзвычай патрэбна цэнзура25

Ракета з Емена ўпала на тэрыторыі аэрапорта Бэн-Гурыён у Ізраілі5

Прынц Гары прапанаваў бацьку памірыцца, але кароль «раздражнены і злы» не адказаў2

Лэдзі Гага дала бясплатны канцэрт у Рыа-дэ-Жанэйра для 2 млн чалавек5

Пуцін патлумачыў, чаму вайна з Украінай не пачалася ў 2014 годзе14

Кіроўца каршэрынга Bolt пратараніў агароджу на літоўскай мяжы і быў затрыманы ў Беларусі5

З 1 верасня ў школах забароняць тэлефоны34

Крысціна Арбакайце, якой забаранілі ўезд ў Латвіі, будзе судзіцца11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Новае наступленне УСУ ў Курскай вобласці1

Новае наступленне УСУ ў Курскай вобласці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць