Кіно11

«Яблычны воцат» — серыял на рэальных падзеях пра інстаграмную махлярку маштабаў, у якія цяжка паверыць

Днямі Netflix выпусціў патэнцыйны хіт — серыял «Яблычны воцат» (Apple Cider Vinegar) пра былую інстаграм-зорку Бэль Гібсан, заснаваны на рэальнай гісторыі. Бэль стала вядомай праз барацьбу з ракам мозгу, вось толькі гэтай хваробы ў яе насамрэч не было.

Фота: кадр з трэйлера

«Яблычны воцат» ужо параўноўваюць з іншым хітом Netflix, але ад 2022 года — серыялам «Прыдумляючы Ганну» (Inventing Anna). Гэта была гісторыя махляркі Ганны Сарокінай, якая падманула вышэйшы свет Нью-Ёрка і прымусіла багацеяў паверыць, што яна — нямецкая спадкаеміца з доступам да вялікіх грошай.

Цяперашняя прэм’ера пра маладую і зорную махлярку таксама заснавана на рэальнай гісторыі. У 2013-м аўстралійка Бэль Гібсан запусціла мабільны дадатак з парадамі па харчаванні і альтэрнатыўнай медыцыне. Дзяўчына сцвярджала, што дзякуючы ім перамагла рак мозга — і гэта ў стадыі, калі ёй быццам бы заставалася жыць «шэсць тыдняў, максімум чатыры месяцы».

Серыял расказвае гісторыю Бэль ажно ў некалькіх паралельных лініях. Першая з іх — зараджэнне феномена Бэль, якая пачала гуртаваць вакол сябе людзей праз свой аптымізм. Нам таксама паказваюць былую сяброўку Бэль, якая дапамагае яе выкрываць, і саму Бэль праз некалькі гадоў, калі яна спрабуе даць інтэрв'ю і апраўдаць сябе.

Такі стыль аповеду паказвае, як штогод у паводзінах Бэль паўтараліся адны і тыя ж схемы паталагічнай хлусні і маніпуляцый. Яна робіць гэта, бо не можа даць рады таму паталагічнаму імкненню падабацца, якое зрабілася фірмовым атрыбутам эры сацсетак. У серыяле надзяляюць увагу таму, каб патлумачыць матывы дзяўчыны, нават калі здаецца, што не варта слухаць голас такой хлуслівай гераіні.

Але ж застаецца пытанне, міма якога не прайсці: якім чалавекам трэба быць, каб схлусіць, што ў цябе рак мозга? І не проста схлусіць — Бэль пабудавала на сваёй гісторыі маленькую велнэс-імперыю. Акрамя мабільнага дадатку, дзяўчына выпусціла кнігу з рэцэптамі і ладзіла натхняльныя лекцыі.

Фота: кадр з трэйлера

Нягледзячы на мудрагелістае перапляценне ліній часу, у Netflix атрымаўся файны серыял для запойнага прагляду. У дадатак да смелай пабудовы сюжэту, акцёры перыядычна ламаюць чацвёртую сцяну і звяртаюцца да гледачоў. Асобную ўвагу надаюць словам пра тое, што серыял заснаваны на праўдзівай гісторыі, якая насамрэч заснаваная на хлусні.

«Яблычны воцат» мог бы атрымацца хвосткай сатырай на свет інстаграмных селебрыці, але замест гэтага серыял імкнецца расказваць пра фанатаў альтэрнатыўнай медыцыны — і робіць гэта далікатна і без асуджэння. Цяперашні серыял Netflix атрымаўся даследаваннем чалавечай прыроды, і не толькі балючага жадання падабацца, але і таго, што матывуе людзей браць на ўзбраенне сумнеўныя і часам відавочна шарлатанскія ідэі.

Здаецца, складана зразумець дзяўчыну, якая сыходзіць ад цэлага кансіліуму дактароў, каб лячыць свой рак альтэрнатыўнымі сродкамі, нават калі больш радыкальныя сродкі практычна гарантуюць ёй выжыванне. І не менш складана зразумець, як дарослыя людзі спрабуюць лячыць рак амялой — раслінай-паразітам, якая, нібыта рак, «у выніку забівае свайго носьбіта», а падобнае, лічаць псеўдалекары, забівае падобнае.

Але ў «Яблычным воцату» паказваюць, што ёсць і другі бок. Так, ампутацыя рукі, пашкоджанай ракам, можа, і дала б дзяўчыне 90% шанс на выжыванне, але важна зразумець і яе — як сказаў адзін з дактароў, «я не прыгожая маладая жанчына, і гэта не мая рука». Серыял падказвае: магчыма, імкненне да сумнеўных медычных метадаў — гэта не проста жаданне атрымаць іншую перспектыву, але і рэакцыя чалавека, да якога не змаглі дагрукацца дактары.

Гэты па-майстэрску зроблены праект выглядае папярэджаннем, і гаворка не толькі пра адэптаў нетрадыцыйнай медыцыны ды фанатаў інстаграмных гуру. «Яблычны воцат» паказвае, што можа быць, калі страціць пачуццё меры ва ўцёках ад рэальнасці. Як і ў выпадку з героямі серыяла, рэальнасць нагоніць тады, калі гэтага менш за ўсё чакаеш, і будзе балюча.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • .
    10.02.2025
    спасибо нн что рекомендуете хорошие вещи

Цяпер чытаюць

62‑гадовая бізнэсвумэн і мільянерка Ірына Цярэшчанка падзялілася гісторыяй свайго кахання з мужчынам, на 20 гадоў малодшым за яе6

62‑гадовая бізнэсвумэн і мільянерка Ірына Цярэшчанка падзялілася гісторыяй свайго кахання з мужчынам, на 20 гадоў малодшым за яе

Усе навіны →
Усе навіны

Хлопец расклеіў па Мінску чатыры тысячы аб’яў пра тое, што шукае дзяўчыну. Што з гэтага атрымалася?17

«Плача і баіцца спаць па начах». Маці першакласніцы абурылася, што дзецям у 6 гадоў расказвалі, як у Хатыні спальвалі людзей28

Упершыню ў Беларусі: дольшчыкі «Мінск-Свету» падалі калектыўны пазоў супраць забудоўшчыка3

Мадзьяр запатрабаваў адстаўкі прэзідэнта Венгрыі8

Вось як еўрапейцы і Канада будуць дзейнічаць, калі ЗША выйдуць з НАТА30

На Гродзеншчыне затрымалі правяраючых — яны бралі хабар за зніжэнне штрафаў3

«Універсітэт працягвае сваю дзейнасць». ЕГУ пракаментаваў абвяшчэнне сябе ўладамі Беларусі «экстрэмісцкай арганізацыяй»

У гэтым годзе да Дня Перамогі ў Гродне будуць фарсіраваць Нёман3

«Сябры паехалі, застаўся толькі я». Што трымае айцішнікаў у Грузіі ў 20263

больш чытаных навін
больш лайканых навін

62‑гадовая бізнэсвумэн і мільянерка Ірына Цярэшчанка падзялілася гісторыяй свайго кахання з мужчынам, на 20 гадоў малодшым за яе6

62‑гадовая бізнэсвумэн і мільянерка Ірына Цярэшчанка падзялілася гісторыяй свайго кахання з мужчынам, на 20 гадоў малодшым за яе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць