Кіно22

Галівудскія зоркі знялі ў Польшчы фільм з легендай «Брудных танцаў». Больш душэўнае кіно вы ўбачыце не хутка

Гэты фільм ад знакамітай актрысы Эмы Стоўн здымалі за пару соцень кіламетраў ад беларускай мяжы, а цяпер ён збірае дзясяткі ўзнагародаў і, напэўна, будзе адзначаны на «Оскары». Расказваем пра «Сапраўдны боль» (Real Pain) — напэўна, самую кранальную гісторыю гэтага кінасезону.

Фота: кадр з трэйлера

Агаварымся, што самой Эмы Стоўн у фільме вы не ўбачыце — двухразовая лаўрэатка «Оскара» стала адной з прадзюсараў стужкі. Сэрцам гэтай гісторыі можна назваць Джэсі Айзенберга, амерыканскага акцёра з усходнееўрапейскімі каранямі, найбольш вядомага па ролі Марка Цукерберга ў «Сацыяльнай сетцы». Айзенберг напісаў сцэнар для стужкі, зрэжысаваў фільм і сыграў у ім адну з галоўных роляў. А яшчэ ўклаў у аснову «Рэальнага болю» мінулае ўласнай сям’і.

Гэта гісторыя двух стрыечных братоў, Дэвіда (Джэсі Айзенберг) і Бенджы Капланаў (Кіран Калкін), якія выправіліся ў падарожжа ў Польшчу — дарэчы, фільм зроблены ў супрацоўніцтве з польскімі кіношнікамі. Дэвід і Бенджы едуць у Польшчу, каб ушанаваць памяць і шлях любімай бабулі, польскай яўрэйкі і былой зняволенай канцлагера.

Два браты вельмі розныя па характары. Дэвід мае «сур’ёзную» працу ў сферы анлайн-рэкламы, у яго ёсць жонка і сын, але ў момант шчырасці мужчына прызнаецца — насамрэч ён вельмі зайздросціць Бенджы. Герой Кірана Калкіна жыве ў маміным падвале, курыць траўку і не мае ўласнай сям’і, але пры гэтым ён душа кампаніі і цэнтр увагі ў падарожжы, куды выправіліся браты. Харызма Бенджы нават зацяняе прывабнасць Маршы, іншай удзельніцы тура і гераіні Джэніфер Грэй, хаця вам і будзе складана пазнаць зорку «Брудных танцаў» праз столькі гадоў і пластычных аперацый.

Тым больш дзіўна адкрываць, што за паводзінамі Бенджы насамрэч хаваецца вялікі боль — той самы, што згаданы ў назве фільма. Кіно Айзенберга — гэта ўвогуле даследаванне прыроды болю і расповед пра тое, што боль насамрэч адзіны і ў сценах канцлагера, і ў жыццях падарожнікаў 80 гадоў пасля. Вуснамі сваіх герояў ён разважае пра тое, ці варта дзяліцца сваім болем з іншымі, бо кожнаму і так складана ўнутры. Адказ на гэтае пытанне — тое, як Бенджы безапеляцыйна сцвярджае ў іншай сцэне, што насамрэч ніхто не хоча быць самотны, і знаходзіць у сабе сілы падтрымаць адну з удзельніц тура.

«Сапраўдны боль» — душэўная і пяшчотная гісторыя, дзе знайшлося месца і гумару. Вам спадабаецца, напрыклад, сцэна ля манумента героям Варшаўскага паўстання, дзе Бенджы натхняе калег па туры зладзіць вельмі творчую фотасесію, ці падарожжа братоў у польскім цягніку, дзе Бенджы вырашае — не варта плаціць за квіткі на цягнік у Польшчы, бо гэта «наша краіна». 

І пры гэтым Бенджы глыбейшы за больш спакойных і знешне сур’ёзных удзельнікаў тура — мо за глыбіню яго і любіла бабуля-полька. Хлопец абураецца тым, што ўдзельнікі падарожжа, прысвечанага халакосту, едуць па краіне ў цягніку першага класа, бо іх задача — дакрануцца да досведу продкаў, якія ехалі ў лагер зусім у іншых умовах. Ці правільна гэта — пражываць боль і гараваць за іншых, калі ты ў непараўнальна лепшай сітуацыі? 

Але і тут Айзенберг дае адказ словамі аднаго з герояў: «Мы на туры пра халакост. Калі цяпер не час гараваць, я не ведаю, што табе сказаць». У нечым гэтыя словы не пра халакост, яны пра тое, што гараваць і пражываць боль магчыма ў любы час, калі гэтыя пачуцці шчырыя, а пасля гэтага можна і ісці наперад.

Фота: кадр з трэйлера

Найвышэйшая на сёння сярод узнагародаў «Рэальнага болю» — гэта «Залаты глобус» для Кірана Калкіна за ролю Бенджы. Сваёй працай у гэтай інды-стужцы, якая абышлася ў невялікія 3 мільёны даляраў, Калкін забяспечыў сабе абажанне кінакрытыкаў і лідарства ў гонцы за «Оскарам» найлепшаму акцёру другога плану. Тое, як грае ў гэтай стужцы малодшы брат Маколея Калкіна («Адзін дома») – іншая планета ў акцёрскай працы, і менавіта Калкіну-Бенджы мы абавязаныя балючым фіналам гэтай гісторыі.

Але перад гэтым героі стужкі наведаюць польскі Люблін, што за сотню кіламетраў ад беларускай мяжы, і комплекс былога канцлагера Майданэк. У адным з інтэрв'ю Айзенберг расказваў, што, паводле слоў супрацоўнікаў комплекса, аўтары «Сапраўднага болю» — першыя, хто здымае фільм на тэрыторыі Майданэка (магчыма, гаворка ішла пра гульнявы жанр кіно).

Але шлях Дэвіда і Бенджы ідзе далей, у горад Красныстаў, дзе калісьці жыла іх бабуля. І як кранальна, што тыя мясціны шмат значаць і для самога Айзенберга, бо адтуль родам і яго продкі. Месцамі кіно гучыць як прызнанне ў любові да Польшчы: пад разумна падабраны саўндтрэк з накцюрнаў Шапэна браты Капланы раскрываюць нам розныя куточкі Варшавы, Любліна, Красныстава.

Рэдка ў заходнім кіно паказваюць Усходнюю Еўропу з гэтага боку — не як прыстанак крымінальнікаў, дзівакоў і камуністаў, а як звычайны рэгіён свету са складаным мінулым.

«Сапраўдны боль» — гэта яшчэ і развагі пра сутнасць міжпакаленчай траўмы. Гэты боль не скончыўся для сям'і Капланаў, калі іх бабуля пакінула Майданэк і Польшчу, не скончыўся ён і з яе смерцю. Адзінае, што дапамагло яго крышку суцішыць — гэта не бегчы ад болю, а вярнуцца туды, дзе ўсё пачыналася, і паспрабаваць яго пражыць, што і робяць Дэвід і Бенджы. Урэшце рэшт, калі цяпер не час гараваць, то калі яшчэ?

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • бабруйчанін
    23.01.2025
    ...рэд выдалена ..Я з вогненнай вескі
  • Ёсік
    23.01.2025
    Паглядзіце "І ўсё вакол асьвятлілася" 2005г.

Цяпер чытаюць

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі экс-міністр прырос актывам у Польшчы, але не забывае пра Расію3

Пад Данецкам расійскі вайсковец злавіў жонку з палюбоўнікам, вывез яго ў поле і расстраляў з аўтамата7

Ілан Маск апублікаваў вынікі аналізаў мачы на наркотыкі5

Расіянін выскачыў у Літве з цягніка падчас руху, яго шукае паліцыя1

Як адрозніць часовае выпадзенне валасоў ад аблысення? Тлумачыць трыхолаг

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней23

Лукашэнка расказаў, што карова павінна стаяць у палацы і кожнаму неабходна «хоць па дзве баразёнкі» бульбы пасадзіць20

У Кіеве ўжо каля 100 пацярпелых падчас начнога ўдару1

Ізраіль забіў і новага кіраўніка Генштаба арміі Ірана. Ён займаў пасаду пару дзён7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць