Аргазм-медытацыю яна зрабіла сваёй справай жыцця. Цяпер яе будуць судзіць
Ніколь Дэдон — амерыканская бізнэсвумэн і стваральніца OneTaste, арганізацыі, якая доўгі час папулярызавала практыку аргазм-медытацыі. Цяпер арганізацыя і сама Дэдон апынуліся ў цэнтры скандалу.

Як піша The Wall Street Journal, аргазм-медытацыя (АМ) у разуменні Ніколь Дэдон (Nicole Daedone) — гэта практыка, якая спрыяе развіццю свядомасці, творчага патэнцыялу і вызваленню ад сэксуальных табу.
Ключавым элементам АМ з’яўляецца масаж клітара паводле пэўнай методыкі. Калі коратка, то яна палягае ў тым, што жанчына агаляецца ад пояса ўніз і ляжыць на падушках, у той час як партнёр (звычайна мужчына) дакранаецца да яе клітара і злёгку масіруе яго на працягу 15 хвілін.
Хто такая Дэдон і як з’явілася ідэя аргазм-медытацыі?
Ніколь Дэдон нарадзілася ў Лос-Гатасе, штат Каліфорнія, у сям’і маці-адзіночкі. У юнацтве яна вывучала гендар і семантыку ва ўніверсітэце, а таксама спрабавала сябе ў розных прафесіях, у тым ліку ў мастацтве.
На пэўным этапе яна задумала стаць будысцкай манашкай. Але пасля знаёмства з гуру ў сферы сэксуальнасці Рэем Ветэрлейнам (Ray Vetterlein) вырашыла пайсці ў іншым кірунку.
У 2004 годзе разам з бізнэс-партнёрам яна заснавала OneTaste — арганізацыю, назва якой паходзіць ад будысцкай філасофскай ідэі пра ўніверсальны «смак вызвалення». Праз некалькі гадоў OneTaste ператварыўся ў бізнэс з мільённымі прыбыткамі.
Арганізацыя здабыла дзясяткі тысяч прыхільнікаў, а на піку дзейнасці мела больш за 1500 супрацоўнікаў і навучэнцаў, якія жылі ў «дамах аргазм-медытацыі». Гэтыя камуны характарызаваліся калектыўным ладам жыцця і частымі заняткамі АМ.
У адзін з найбольш паспяховых перыядаў гадавы прыбытак арганізацыі перавышаў 11 мільёнаў долараў.
Абвінавачанні супраць OneTaste
Нягледзячы на поспех, OneTaste пастаянна сутыкалася з абвінавачаннямі ў парушэнні этычных і прававых нормаў. У 2018 годзе ў расследаванні Bloomberg сцвярджалася, што кампанія выкарыстоўвала тактыку прымусу, эксплуатавала сваіх супрацоўнікаў і стварала атмасферу, якая нагадвала рэлігійны культ.
У 2023 годзе Міністэрства юстыцыі ЗША абвінаваціла Дэдон і кіраўніцу аддзела продажаў Рэйчэл Чэрвіц у эксплуатацыі. Паводле заяў пракуратуры, супрацоўнікі OneTaste падвяргаліся псіхалагічнаму прэсінгу і прымушаліся праводзіць курсы нават за кошт сваіх уласных сродкаў.
Знаходжанне ў «дамах АМ» характарызавалася размыццём межаў паміж асабістым і працоўным жыццём. Удзельнікаў заахвочвалі ўдзельнічаць у штодзённых аргазмава-медытацыйных сесіях, што, паводле сведчанняў, часта ператваралася ў форму сэксуальнага прымусу.
Дэдон адмовілася прызнаць сябе вінаватай: яна заяўляе, што абвінавачанні базуюцца на выбарачных паказаннях. Яе юрысты сцвярджаюць, што ўдзельнікі OneTaste былі дарослымі людзьмі, якія свядома і добраахвотна ўдзельнічалі ў АМ.
Прыхільніцы Дэдон сцвярджаюць, што кампанія і яе заснавальніца сталі ахвярамі несправядлівых абвінавачанняў. Яны заяўляюць, што АМ дапамагла тысячам жанчын раскрыць свой патэнцыял і аднавіць прыняцце сябе. Некаторыя ўдзельнікі выступаюць на судовых пасяджэннях у абарону Дэдон, называючы яе чалавекам, які змяніў іх жыццё.
На фоне судовых працэсаў кампанія OneTaste афіцыйна спыніла большасць сваіх аперацый, але працягвае аказваць паслугі, пераважна анлайн. Сама Ніколь Дэдон заявіла, што плануе працягваць сваю дзейнасць, нават калі прыйдзецца рабіць гэта з турмы.
Каментары
Точно также сейчас с нормальным сексом в штатах. Население увеличивается только за счет мигрантов. А тут еще и повесточка. Предложи хоть что-то в гетеро направлении, и успех обеспечен. Поэтому и рос бизнес у нее как на дрожжах.