Міністэрства інфармацыі забараніла прадаваць кнігі Чака Паланюка, Эн Эплбаўм і Ханьі Янагіхары
Міністэрства інфармацыі Беларусі дадало яшчэ 30 кніг у спіс забароненых да распаўсюджвання ў Беларусі друкаваных выданняў. Паводле меркавання ведамства, «гэтыя кнігі здольныя нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам».

Сярод забароненых выданняў — раман амерыканскага пісьменніка Чака Паланюка «Калыханка», а таксама «ГУЛАГ» Эн Эплбаўм, «Маленькае жыццё», «Да самага раю» Ханьі Янагіхары і іншыя, піша «Радыё Свабода».
Чак Паланюк найбольш вядомы як аўтар адзначанай шматлікімі прэміямі кнігі «Байцоўскі клуб», па якой у 1999 годзе Дэвідам Фінчэрам быў зняты аднайменны фільм. У 2018 годзе ў беларускай выдавецкай серыі «Амерыканка» выйшаў пераклад на беларускую мову «Байцоўскага клуба» Чака Паланюка. Твор пераклаў Сяржук Мядзведзеў, які за гэты пераклад у 2014 годзе атрымаў прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.
Вядомая амерыканская журналістка, пісьменніца, даследчыца Эн Эплбаўм з'яўляецца сталаю аўтаркаю часопіса Atlantic і напісала некалькі кніг на тэму злачынстваў таталітарных рэжымаў: «Чырвоны голад: вайна Сталіна супраць Украіны», «Жалезная заслона: Разгром Усходняй Еўропы 1944—1956 гг.» і «ГУЛАГ» ды іншыя.
Ханья Янагіхара — амерыканская пісьменніца, найбольш вядомая сваім раманам-бестсэлерам «Маленькае жыццё», які ўвайшоў у шорт-ліст Букераўскай прэміі 2015 года.
Астатнія 26 кніг, дададзеных у спіс Міністэрства інфармацыі, належаць малавядомым замежным пісьменнікам. Спіс цалкам цяпер уключае 65 пазіцый.


Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары