Грамадства11

Што адбылося з палітвязнем Пятром Старацітаравым, адным з самых багатых бізнэсменаў Гомельшчыны?

Чалавеку з цяжкімі хваробамі, які перанёс у СІЗА інсульт, прысудзілі 5 гадоў зняволення. А праз месяц раптоўна выкраслілі са спісу «тэрарыстаў». Што гэта можа значыць?

Пётр Старацітараў. Фота: «Укантакце»

Пётр Старацітараў уваходзіў у топ-50 самых багатых бізнэсменаў Гомельшчыны. Ураджэнец мястэчка Церахаўка пад Добрушам, ён пабудаваў буйны бізнэс у Мазыры — яго кампанія «Лотас» выпускала жалезабетонныя вырабы, газасілікатныя блокі, займаўся мэбляй. У найлепшыя часы на прадпрыемстве было да 1200 супрацоўнікаў. У «Лотаса» былі свой кар’ер у Мазырскім раёне і філіялы ў Расіі. Сам Старацітараў быў праваслаўным мецэнатам, таксама пералічваў грошы на дапамогу жывёлам.

Усё ў жыцці 65-гадовага бізнэсмена змянілася пасля пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне. Старацітараў меў выразную антываенную пазіцыю, якую трансляваў праз сацсеткі, у прыватнасці, праз свой акаўнт у фэйсбуку. Гэта і стала прычынай крымінальнага пераследу.

6 лютага 2023 года Пятра Старацітарава затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Злівачны міліцэйскі канал выклаў відэа з яго ўдзелам.

Яму інкрымініравалі ажно пяць артыкулаў:

  • ч. 1 арт. 368 — абраза прэзідэнта;
  • ч. 1 арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта;
  • ч. 3 арт. 361 — заклікі да санкцый ці іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі;
  • арт. 369-1 — дыскрэдытацыя Беларусі;
  • ч. 1 арт. 130 — распальванне варожасці.

Яшчэ да затрымання ў Старацітарава былі значныя праблемы са здароўем — бранхіяльная астма, артэрыяльная гіпертэнзія, — а ў зняволенні яны абвастрыліся. Тым не менш яго працягвалі трымаць за кратамі. Падчас знаходжання ў СІЗА у бізнэсмена здарыўся інсульт, увесь час ён праводзіў у медчасці СІЗА.

Нягледзячы на ўсё гэта, 21 жніўня 2023 года суддзя Яўген Шаршнёў на закрытым працэсе прысудзіў Старацітараву пяць гадоў калоніі.

10 лістапада 2023 года адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі бізнэсмена ў Вярхоўным судзе. Старшыня судовай калегіі Павел Каршуновіч пакінуў прысуд нязменным, і той уступіў у законную сілу. Услед за гэтым КДБ дадаў бізнэсмена ў спіс «тэрарыстаў».

14 снежня 2023 года адбыўся яшчэ незаўважаны суд над бізнэсменам — пра «іншыя пытанні, звязаныя з прывядзенням прысуду ў выкананне». Што гэта магло быць? Хутчэй за ўсё, альбо выпраўленне дробнай недакладнасці ў прысудзе, альбо просьба пра адмену прысуду ў сувязі з цяжкай хваробай.

Такія сітуацыі — калі чалавека з вынесеным прысудам і крытычным станам здароўя адпраўляюць дадому з калоніі (ці СІЗА) — здараюцца. Камісія прыходзіць да высновы, што медыцынская дапамога больш не мае сэнсу і не дасць ніякага выніку. Але гэтыя выпадкі адзінкавыя.

У любым разе невядома, чым скончыўся той дадатковы суд над бізнэсменам.

Аднак неўзабаве — не адразу, а праз месяц, — 18 студзеня 2024 года, Старацітарава прыбралі са спісу «тэрарыстаў». Гэта і стала дадатковай зачэпкай, каб высветліць, што адбылося з палітвязнем. 

Рэч у тым, што ёсць толькі некалькі прычын, каб чалавек у Беларусі перастаў быць «тэрарыстам». У адпаведнай пастанове Савета міністраў пералічаныя восем пунктаў, з якіх да фізічных асобаў, асуджаных у Беларусі, можа падыходзіць чатыры:

  • адмова ад пераследу на этапе следства (спыненне справы);
  • адмена прысуду праз адсутнасць складу злачынства;
  • наяўнасць пагашанай судзімасці;
  • смерць чалавека.

Што з гэтага пасуе да сітуацыі Старацітарава? Незразумела, хоць, вядома, мы спадзяемся на лепшыя варыянты.

Калі ўявіць, што Старацітарава сапраўды адпусцілі 14 снежня 2023 года, то, згодна з законам, судзімасць з яго мусіла б здымацца цягам пяці гадоў (датэрмінова — праз два з паловай), бо адно са «злачынстваў», у якім яго вінавацілі, лічыцца цяжкім. Такім чынам, яго судзімасць не магла зняцца.

Усе іншыя людзі, выключаныя раней з «тэрарыстычнага» спісу, цалкам адбылі тэрмін і змаглі праз нейкі час пагасіць судзімасць. Акрамя Рамана Пратасевіча, якога сваім указам гучна памілаваў Лукашэнка. А вось пра Старацітарава падобных навінаў няма.

Пра бізнэсмена з таго часу ўвогуле нічога не чуваць. Ён не з'явіўся ў сацсетках, усе старыя кантакты, якія мы знайшлі з дапамогай праекта Digital intelligence team, неактыўныя. Сайт кампаніі і яе тэлефоны недаступныя, хоць на момант, калі выходзіла міліцэйскае відэа са Старацітаравым, яны працавалі.

Калі вам штосьці вядома пра лёс Пятра Старацітарава, просім паведаміць у «Нашу Ніву». Мы ўсведамляем права сям'і захоўваць таямніцу прыватнага жыцця, але лічым, што лёс кожнага палітвязня мае выключную грамадскую значнасць.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • ❤️❤️❤️
    05.09.2024
    😢😢😢

Цяпер чытаюць

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць16

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць

Усе навіны →
Усе навіны

Румынія прыпыніла выдачу віз беларусам7

Лідара Gods Tower не пусцілі на самалёт на Кіпр, гурт паляцеў без яго10

З раскошным відам на ваду. У сталіцы пачынае фармавацца новы мікрараён, першы дом хутка будзе гатовы6

«Аааа, нарэшце! Мы ўсё думалі, калі ўжо вашы суставы…» Севярынец расказаў, як яго мэтанакіравана мучылі ў зняволенні7

Лукашэнка абнавіў склад камісіі па памілаванні1

Маладая сям’я з Жодзіна расказала, як у чатыры разы скараціла выдаткі на ежу12

Ціханоўская звярнулася да ўкраінцаў: Мы, беларусы, ведаем, што такое Расія. Мы ведаем яе імперскія апетыты20

Маразы скончыліся. Ноччу было не ніжэй за тры градусы

«Калі Пуцін пойдзе на Нарву, мы пойдзем на вайну» — міністр абароны Швецыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць16

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць