Зяленскі назваў прымітыўнымі ідэі Трампа аб здачы тэрыторый у абмен на спыненне вайны
Па словах прэзідэнта Украіны, любое пагадненне, у якім Пуціну проста аддадуць зямлю ў абмен на спыненне баявых дзеянняў, толькі адкрые шлях для новых захопніцкіх войнаў Расіі ў будучыні.

Прэзідэнт Зяленскі ў інтэрв'ю выданню Politico раскрытыкаваў выказаныя Дональдам Трампам ідэі аб тым, як скончыць вайну Расіі ва Украіне, калі ён вернецца ў Белы дом, піша Бі-бі-сі.
Як пісала раней Washington Post, спасылаючыся на знаёмых з планам суразмоўцаў выдання, Трамп нібыта плануе аказаць ціск на Кіеў і прымусіць Украіну адмовіцца ад часткі сваёй тэрыторыі, у тым ліку Крым і Данбас.
Зяленскі назваў такія планы «прымітыўнымі».
«Калі ўгода заключаецца ў тым, што мы проста аддаём свае тэрыторыі, а менавіта такая ідэя стаіць за ёй, то гэта вельмі прымітыўная ідэя», — сказаў Зяленскі.
«Мне патрэбны вельмі важкія аргументы. Мне не патрэбная фантастычная ідэя, мне патрэбная рэальная ідэя, бо на карту пастаўленыя жыцці людзей», — дадаў прэзідэнт Украіны.
Па словах Зяленскага, любое пагадненне, у якім прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну проста аддадуць зямлю ў абмен на спыненне баявых дзеянняў, толькі адкрые шлях для новых захопніцкіх войнаў Расіі ў будучыні. Мір, дасягнуты шляхам перамоваў, паводле яго слоў, не павінен пакінуць Пуціну «ніякіх магчымасцяў для ажыццяўлення сваіх планаў».
У інтэрв'ю Зяленскі часам выказваў незадаволенасць заходнімі саюзнікамі, якія недастаткова аператыўна аказваюць ваенную дапамогу (найбольш яскрава ён выказаў гэта ў адрас Германіі), і прызнаваў, што Украіна знаходзіцца пад моцным ціскам, які патрабуе ад яе новых поспехаў у вайне.
Інтэрв'ю праходзіла на англійскай і ўкраінскай мовах, часткова з дапамогай перакладчыкаў.
У апошнія тыдні два заканадаўцы-рэспубліканцы, якія выступаюць за дапамогу Украіне, — дэпутаты Майк Тэрнер з Агаё і Майк Мак-кол з Тэхаса — заявілі, што расійская прапаганда пракралася ў мысленне некаторых членаў Кангрэса.
Адказваючы на пытанне аб гэтым сцвярджэнні, Зяленскі сказаў, што яно прымяншае праблему расійскага ўплыву ў такіх дэмакратычных краінах, як Злучаныя Штаты.
«У іх ёсць свае лобі ўсюды: у ЗША, у краінах ЕС, у Вялікабрытаніі, у Лацінскай Амерыцы, у Афрыцы, — сказаў Зяленскі. — Калі мы гаворым пра Кангрэс — вы заўважаеце, як яны [расійская прапаганда] працуюць з грамадствам у Злучаных Штатах?»
«Яны прасоўваюць свой наратыў праз СМІ, — сказаў Зяленскі, не называючы канкрэтных імёнаў. — Гэта не расійскія грамадзяне або ўраджэнцы Расіі, не. Гэта прадстаўнікі пэўных медыягруп, грамадзяне ЗША. Менавіта яны выступаюць у СМІ з адпаведнымі паведамленнямі, часам вельмі прарасійскімі».
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары