Украінскія дальнабойныя дроны маюць сістэму навядзення як у крылатых ракет
Новае пакаленне сістэмы DSMAC дазваляе ўкраінскім дальнабойным дронам цалкам ігнараваць абарону праціўніка і здзяйсняць высокадакладныя атакі.

Як пішуць аналітыкі Defence Express, калі вам неабходна трапіць у цэль на адлегласці больш за 1200 км, то важным элементам такіх нападаў з'яўляецца навігацыя: дрон не толькі павінен выйсці проста на цэль, але і праляцець складаным маршрутам, з абыходам зон СПА праціўніка.
Гэта можна зрабіць з дапамогай спадарожнікавай навігацыі, але такая сістэма ўразлівая да сродкаў радыёэлектроннай барацьбы кшталту стацыянарнага комплексу «Табол» ці мабільнага — «Мурманск-БН», якія Расія расставіла па вялікай тэрыторыі, стварыўшы «палі РЭБ» у межах цэлых абласцей і ўклаўшы ў гэта каласальныя сродкі.
Таямніцу таго, як украінскія дальнабойныя дроны могуць пераадольваць абарону праціўніка і здзяйсняць паспяховыя атакі, раскрыў аналітык-даследчык Каралеўскага аб'яднанага інстытута абаронных даследаванняў (RUSI) Ноа Сільвія (Noah Sylvia), каментуючы CNN нядаўнія напады па тэрыторыі Расіі:
«У іх ёсць такая рэч, як «машынны зрок», які ўяўляе сабой разнавіднасць штучнага інтэлекту».
Як піша Defence Express, гаворка ідзе пра дастаткова вядомую сістэму пад назвай DSMAC, але пашыраную з дапамогай сучасных тэхналогій.
Сістэма з'явілася яшчэ на такіх ракетах, як Tomahawk, і яе сутнасць заключаецца ў закладцы ў памяць ракеты эталоннай выявы мясцовасці, якая мае дакладную прывязку да каардынатаў. Калі ракета ляціць, яна робіць фота паверхні і параўноўвае яго з эталоннай выявай.
Але калі ў 80-х і 90-х гадах мінулага стагоддзя існавалі значныя абмежаванні, звязаныя з аб'ёмам памяці і вылічальнымі магчымасцямі, то цяпер можна загрузіць увесь маршрут. Больш за тое, за кошт сучасных алгарытмаў распазнання аб'ектаў зрабіць так, што сістэма будзе паўнавартасна сама арыентавацца ў прасторы па закладзеных арыенцірах.

Паводле аналагічнага прынцыпу рэалізуецца сістэма навядзення на канечным участку для навядзення на цэль. Такая тэхналогія скарыстаная ў крылатай ракеце Storm Shadow.
Як адзначаюць спецыялісты, DSMAC дазваляе поўнасцю ігнараваць РЭБ ворага і атакаваць са звышвысокай дакладнасцю.
Гэта ўсё цалкам тлумачыць, як менавіта такія дроны, як «Люты», атакуюць не проста нафтаперапрацоўчы завод, а менавіта ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты з характэрнай калонай.
Чытайце яшчэ:
«Прачніцеся, ніхто вас не абароніць». Кіраўнік Татарстана не верыць у магчымасці расійскай СПА
Дрон атакаваў НПЗ у Ніжнякамску
Украінскія дроны атакавалі прадпрыемства ў Татарстане, дзе выпускаюць «шахеды»
«Расія — гэта бензакалонка з арміяй. І мы маем намер знішчыць гэтую бензакалонку»
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары