Алег Стахаевіч з Мікашэвічаў адсядзеў 46 сутак і знаходзіцца пад крыміналкай
Былы актывіст і кіраўнік незалежнай суполкі на прадпрыемстве «Граніт» Алег Стахаевіч адсядзеў у камеры-адзіночцы 46 сутак на голых нарах без пасцельных прыналежнасцяў і без перадач. Пра гэта паведаміла «Берасцейская вясна» на падставе сведчанняў ягонага сябра Леаніда Дубаносава.

Паводле Дубаносава, Алега Стахаевіча тройчы пакаралі адміністрацыйным арыштам за знойдзеныя ў тэлефоне лайкі ў «Аднакласніках». Усе лайкі стаялі пад публікацыямі самога Леаніда Дубаносава.
Пакаранне расцягнулі ў часе. Першапачаткова Стахаевічу 15 сутак за лайкі па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) адмераў лунінецкі суд. Пасля адбыцця гэтага пакарання Стахаевіч даведаўся, што яго зноў павязуць у суд. Той жа лунінецкі суд пакараў яго 10 суткамі за іншыя лайкі пад інфармацыяй Дубаносава ў «Аднакласніках» па той жа ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Пасля 10 сутак працэс паўтарыўся і Алег Стахаевіч быў пакараны трэці раз, зноў 15 суткамі арышту, і зноў за лайкі пад пастамі Дубаносава ў «Аднакласніках» па той жа ч. 2 арт.19.11 КаАП. За ўтрыманне на «сутках» Стахаевічу прыйшлося яшчэ і заплаціць 740 рублёў.
Але і праз 40 сутак нічога не скончылася. Стахаевіча спачатку затрымалі на 3 сутак, якія могуць трымаць да суда, а пасля яшчэ на трое сутак — ужо ў межах крымінальный справы. Крымінальная справа звязана з артыкуламі «Паклёп» ды «Абраза прадстаўніка ўлады» (артыкулы 188 і 369 адпаведна).
На гэты момант Алег Стахаевіч знаходзіцца на волі, пад падпіскай аб нявыездзе з Беларусі.
Алега Стахаевіча затрымалі ў лістападзе 2023 года. Апошнім часам ён жыў у Літве, прыязджаў у Беларусь удзельнічаць у спаборніцтвах па бегу. Перад затрыманнем ён якраз удзельнічаў у адным з такіх забегаў — Bison XC на 5000 метраў пад Сілічамі.
У пачатку 2010-х мужчына працаваў на мікашэвіцкім прадпрыемстве «Граніт», дзе стаў лідарам ініцыятараў незалежнага прафсаюзу, за што быў звольнены.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары