Грамадства11

«Пыталіся, як я стаўлюся да Лукашэнкі». Літовец хацеў трапіць у Беларусь, але яго не пусцілі

Беларусь па бязвізе з пачатку года наведалі 190 тысяч турыстаў. Як сцвярджае Дзяржпагранкамітэт, ахвотней за ўсіх да нас ехалі літоўцы — 122 914 чалавек перасеклі мяжу за пяць месяцаў. Вітаўтас ехаў у Беларусь у маі, каб наведаць Гродна і Мінск. Але яго падарожжа скончылася ў пункце пропуску: на тэрыторыю Беларусі мужчыну не пусцілі.

Пасля «паглыбленага» інтэрв’ю з прадстаўнікамі спецслужбаў і прагляду інфармацыі ў тэлефоне, Вітаўтасу паставілі ў пашпарце забарону на ўезд і адправілі дадому ў Літву, паведамляе радыё «Унэт».

— Я ведаў, што ёсць бязвізавы рэжым для грамадзян Літвы, Латвіі і Эстоніі. Пачытаў правілы, што там трэба мець страхоўку і ўсё, страхоўка ў мяне была на ўвесь год. І так як у мяне было пару вольных дзён, я вырашыў, што з’езджу — гэта было якраз пасля так званых «майскіх» свят — у Беларусь, у мяне рэальна два дні было па плане. Спачатку я думаў, што паеду ў Мінск, пасля ў Гродна і вярнуся адтуль у Вільню, але так як білеты на аўтобус раскупліваюцца ў вялікай колькасці і хутка, то маршрут змяніўся: я вырашыў раніцай ехаць у Гродна, пасля ў Мінск і ўжо адтуль вяртацца ў Літву. Я набыў квіток на аўтобус, а 4-й раніцы я быў адзіным пасажырам. Усю дарогу да памежнага паста ў Шальчынінкаі вадзіцель мне расказваў гісторыі, як у яго высаджваюць пасажыраў пастаянна на мяжы: то з гэтага боку, то з таго.

Калі мы перасеклі літоўскую мяжу і прыехалі на беларускую, я падаў пашпарт, памежнік мяне спытаў, калі я апошні раз быў у Беларусі, пра мэты візіту і што я планую рабіць. Я яму прыблізна расказаў, які ў мяне план.

Але так як я не браніраваў гасцініцы (з-за санкцый гэта зрабіць складана), таму яму мая гісторыя здалася падазронай і ён сказаў, што мяне павядуць на допыт. Мяне завялі ў будынак пагранічнага паста, на другі паверх, у кабінет, і там чалавек у цывільным мне задаваў розныя пытанні. Папрасілі мой мабільны тэлефон, папрасілі яго разблакаваць, паглядзелі мае фотаздымкі і знайшлі фота з акцыі беларускай апазіцыі ля амбасады ў Вільні.

Пасля сталі задаваць пытанні, чаму ў мяне гэтыя фота, пыталіся, як я стаўлюся да Лукашэнкі, да Пуціна, да ваеннай аперацыі.

Спачатку мне адзін чалавек задаваў пытанні, а пасля далучыўся яшчэ адзін, яны бралі мой тэлефон і выносілі яго ў іншы пакой. А пасля мне нейкі чалавек у форме сказаў, што ў маім пашпарце паставяць штамп, што ўезд у Беларусь мне забаронены на аснове артыкула 105, я дакладна ўжо не памятаю назвы. Мне паставілі штамп, забралі рэчы з аўтобуса, і я тады пешшу пайшоў у кірунку літоўскай мяжы.

— А да гэтага вы ў Беларусі былі? Калі апошні раз?

— Быў у Беларусі. Не памятаю дакладна, калі гэта было, годзе ў 2016 ці ў 2015. Даволі даўно. Быў у асноўным у Мінску, але таксама быў у Лідзе, Міры і Нясвіжы. Я таму ў Гродна ехаў, бо там ніколі не быў.

— А на мяжы вас не запалохвалі? Не вербавалі?

— Запалохваць не запалохвалі, толькі задавалі пытанні. Пагражаць, што мяне арыштуюць ці пасадзяць, такога не было.

— А гляджу, што ў вас стаіць толькі дата забароны ўезду, а які тэрмін гэтая забарона будзе дзейнічаць?

— Калі я паспрабаваў высветліць, ці мяне ў чорныя спісы ўнеслі ці яшчэ куды-небудзь, то яны мне нічога не патлумачылі, але сказалі: прыблізна год вы ў Беларусь не ўедзеце. Якія там менавіта наступствы, мне не патлумачылі.

— Для вас уся гэтая сітуацыя была нечаканай?

— Па-першае, мне кіроўца аўтобуса расказваў пра такія выпадкі. Але я думаў, што гэта, хутчэй, грамадзян Беларусі тычыцца. З іншага боку — гісторыі пра тое, што ў Беларусі на вуліцы спыняюць людзей і правяраюць іх тэлефоны, глядзяць падпіскі на тэлеграм-каналы, я таксама чуў. Так што ўсё было магчымым і яно здарылася. Але я не думаў, што яны грамадзян ЕС таксама правяраюць.

— А варыянт не паказваць тэлефон быў?

— Нават не ведаю. Я калісьці на адной з прац праходзіў інструктаж, як сябе паводзіць на мяжы, і там нам расказвалі, што лепш не хлусіць супрацоўнікам, таму што ўсё могуць праверыць і пасля крымінальную справу завесці. А таксама я спадзяваўся, што калі буду сябе паводзіць добразычліва і шчыра, не ісці на канфлікт, то праблем не будзе. Не магу сказаць, што мы спрачаліся цягам гэтай гадзіны, амаль гадзіны, якую я правёў на допыце. Я, канечне, мог сказаць, што я не буду паказваць тэлефон, але тады б мяне не ўпусцілі адразу.

— Літва папярэджвае сваіх грамадзян, што ў Беларусь ездзіць небяспечна…

— Я рызыкнуў.

— І што іншым можаце сказаць: ці сапраўды гэта небяспечна для літоўцаў?

— Гэта гледзячы для якіх літоўцаў. Таму што калі я перасякаў мяжу, то там веласіпедыстаў і ў адзін бок, і ў другі было вельмі шмат. З улікам таго, што гэта толькі шэсць гадзін раніцы было. То-бок жыхары Шальчынінкая ўжо ехалі ў Беларусь на веласіпедах, а іншыя — вярталіся. Таму для асобных катэгорый грамадзян, якія ездзяць, я нават мяркую, што некалькі разоў на дзень праз гэтую мяжу, асаблівых праблем няма.

Каментары1

  • Беня
    09.06.2023
    В Лондон на пиво ездить надо.

Цяпер чытаюць

Ціханоўскі расказаў, як сябе паводзіў Коля Лукашэнка на сустрэчы ў СІЗА12

Ціханоўскі расказаў, як сябе паводзіў Коля Лукашэнка на сустрэчы ў СІЗА

Усе навіны →
Усе навіны

Выкладчык БНТУ ведае 14 моў — яго парады вельмі простыя4

Захворванні, якія пераносяць камары, становяцца сур'ёзнай праблемай у Еўропе3

Пад Мінскам каля Заслаўскага вадасховішча збіраюцца пабудаваць маштабны гасцінічны комплекс ФОТЫ5

Nutella падаражэе? Цэны на фундук падскочылі на 30% з-за неўраджаю1

Аятала Хаменеі так і не выйшаў з бункера? Яго няма на публіцы ўжо 25 дзён2

«Ну праедзь ты ўжо!»: у Адэсе мужчына не падзяліў дарогу са сваім адлюстраваннем ВІДЭА4

Маладая актрыса Коласаўскага тэатра, якая зачапіла людзей выказваннем пра беларускую мову, звальняецца15

На трасе пад Мазыром нанеслі эксперыментальную разметку, якая свеціцца па начах ФОТАФАКТ1

Польшча збіраецца даць праязному дакументу статус афіцыйнага пасведчання асобы1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўскі расказаў, як сябе паводзіў Коля Лукашэнка на сустрэчы ў СІЗА12

Ціханоўскі расказаў, як сябе паводзіў Коля Лукашэнка на сустрэчы ў СІЗА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць