Грамадства

«Мяне выцягнулі з ложка і сказалі, што я здраднік». Як былога супрацоўніка міліцыі асудзілі за пратэсты

Аляксей (імя зменена ў мэтах бяспекі) больш за пяць гадоў працаваў у міліцыі, але сышоў адтуль задоўга да падзей 2020 года. Ужо заняты ў прыватным бізнэсе, у жніўні 2020 года мужчына пабачыў, як былыя калегі разганяюць пратэсты ў ягоным родным горадзе. Маральныя прынцыпы не дазволілі яму праігнараваць падзеі, таму ў 2021 годзе ён трапіў за краты. Адбыўшы тэрмін пакарання, Аляксей з’ехаў за мяжу і распавёў «Вясне» пра тое, што з ім адбылося.

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

«Мяне гэта абурыла»

— Палітыка мала датычыла мяне да 2020 года. Пакуль працаваў у міліцыі, не ўдзельнічаў у мерапрыемствах тыпу разгонаў. Праз канфлікт з кіраўніком РАУС напісаў рапарт аб сыходзе, аднак мяне звольнілі паводле артыкула за нявыхад на службу ў нядзелю. Я не шкадую, што так атрымалася, але калі б нешта змянілася ў краіне і закон пачаў працаваць, я б вярнуўся. Потым я працаваў у прыватных арганізацыях, дзе зноў жа быў далёкі ад палітыкі.

Аднак калі я ўбачыў, што адбываецца ў горадзе 9 жніўня 2020 году, мяне пачала вельмі хваляваць сітуацыя. Як былы супрацоўнік міліцыі, я ведаю, як павінна праходзіць затрыманне, як міліцыянты мусяць ставіцца да затрыманых, але на вуліцах горада я бачыў зусім іншае: стрэльбы, гранаты, збіццё людзей. Мяне гэта вельмі насцярожыла і абурыла, пасля чаго я пачаў удзельнічаць у палітычным жыцці краіны. Спампаваў тэлеграм, каб чытаць навіны, усталяваў VPN і ўжо на наступны дзень пайшоў на пратэсты. Потым стаў ездзіць у Мінск, там я на свае вочы бачыў тое, што адбывалася, і быў упэўнены, што ў нас нешта атрымаецца.

Памятаеце момант, калі Кандрусевіча не пусцілі ў Беларусь? Я каталік, і мяне гэта вельмі абурыла. Я прыйшоў да касцёла ў сваім горадзе, дзе людзі сабраліся на знак падтрымкі. Я быў без маскі, таму мае былыя калегі пазналі мяне, і на наступны дзень мяне выклікалі ў РАУС «на размову». Калі ў РАУС мяне перш-наперш спыталі, колькі мне заплацілі, я палічыў, што далейшая размова не мае ніякага сэнсу. Гэтыя людзі жывуць у сваім свеце, і ім нельга нешта даказаць: такі тып мыслення ствараюць забарона карыстацца тэлеграмам, пастаянныя праверкі, якія рэсурсы ты чытаеш, ідэалагічныя лекцыі. Яны бачаць усе падзеі толькі з аднаго боку, тыя, хто думае інакш, сыйшлі са службы.

«Лекар паглядзеў на мае сінія ногі і спіну і сказаў, што я магу ўтрымлівацца ў ІЧУ»

— Мяне затрымалі амаль праз год пасля падзей — у ліпені 2021 года. Я не чакаў, што па мяне прыйдуць: за што мяне затрымліваць, калі я не рабіў нічога крымінальнага? Я ж ведаю, за што і як можна затрымаць. А тут…

Затрымлівалі мяне ГУБАЗіК і САХР а сёмай раніцы. Я яшчэ спаў, мяне выцягнулі з ложка і сказалі, што я здраднік і гэтак далей. А потым — білі, білі і білі. Потым везлі на Акрэсціна, але на палове дарогі перадумалі і вярнулі ў родны горад. Там змясцілі ў мясцовы РАУС і асудзілі на 12 сутак паводле арт. 19.11 КаАП за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, хаця на момант рэпосту гэтая крыніца яшчэ не была ў адпаведным спісе. Супрацоўнікі нарабілі скрыншотаў на тэлефон — так атрымаўся не толькі распаўсюд, але і захоўванне, за што на мяне і завялі крымінальную справу. 

На судзе я не казаў, што мяне збівалі, бо мяне папярэдзілі: калі скажу, можа быць горш. Аднак супрацоўнікі ўсё ж адвезлі мяне ў гарадскую лякарню. Лекар паглядзеў на мае сінія ногі і спіну і сказаў, што я магу ўтрымлівацца ў ІЧУ. Там я і правёў наступныя 12 дзён. Тое стаўленне да мяне ўсіх людзей, каго я ведаў… Яны ставіліся да мяне, нібыта я нейкі тэрарыст: не дазвалялі мне нічога — ні курыць, ні перадачы. Я сядзеў адзін у камеры, і ў мяне не было нічога, акрамя туалетнай паперы. Мясцовую ежу немагчыма было ўжываць, таму 12 дзён я не еў нічога, акрамя хлеба. Я вагаўся, ці будзе яшчэ нешта, акрамя сутак, але калі дзверы камеры адчыніліся, мяне ўжо чакаў ГУБАЗіК. Мяне затрымлівалі за перадачу звестак пра супрацоўнікаў РАУС у ЧКБ, але, напэўна, гэтага яны не змаглі даказаць, таму трактавалі рэпост як заклік да мітынгаў.

З Акрэсціна мяне перавялі ў ІЧУ Мінскага раёна ў Сцяпянцы, і ўмовы там былі нашмат лепшыя. Першыя чатыры дні я правёў у агульнай камеры са «звычайнымі» людзьмі: там выключалі святло на ноч, дазвалялі курыць. У мяне быў матрац. Потым мяне перавялі ў палітычную камеру: там пастаянна гарэла святло і не было матрацаў. Але дазваляліся перадачы і шпацыры. Хлапцы з Акрэсціна распавядалі пра жахлівыя ўмовы там, таму я лічу, што мне сапраўды пашчасціла: нават ежу нам прывозілі з раддома, які месціўся непадалёк.

«У іх вачах ты палітычны, бо ты экстрэміст»

— Потым мяне этапавалі ў жодзінскую турму, дзе я прабыў недзе паўгода. Сярод супрацоўнікаў там былі тыя, хто не вельмі добра ставіўся да палітычных, але ўмовы для ўсіх былі роўныя. Аднолькава дзялілі дзяжурствы, ва ўсіх былі матрацы і бялізна, нам перадавалі перадачы і лісты. У дзень мне часам прыходзіла 3—4 лісты — і ў камеры нават зайздросцілі, што мне пішуць так часта. Гэта было вельмі прыемна, пачэсна, што мяне падтрымліваюць за тое, што я зрабіў, а не прасядзеў прамаўчаў. Гэта вельмі важна і гаворыць пра тое, што ты не адзін, што ёсць людзі, якія падтрымліваюць не толькі канкрэтна цябе, але і тое, за што ты выходзіў, змагаўся. Мне пісалі нават тыя, каго я не лічыў за сяброў, і няважна было, што ў лісце, важна было, што яно проста прыйшло ад чалавека. 

Лісты ад незнаёмых пачалі мне прыходзіць, калі мяне прызналі палітвязнем. Але тады я пра гэта не ведаў, дазнаўся толькі падчас спаткання ў калоніі. Цяпер разумею, што не адчуў нейкай змены стаўлення да сябе. Там не мае розніцы, ці прызналі цябе палітвязнем «афіцыйна»: калі ты трапляеш у СІЗА, праз тыдзень-другі табе даюць «прафулік», што ты экстрэміст, — і гэта адразу кажа пра тое, што ты палітычны. У іх вачах ты палітычны, бо ты экстрэміст — у цябе карычневая картка вісіць на дзвярах. Непалітычныя ставіліся да нас нармальна, некаторыя нават абураліся: маўляў, ні за што пасадзілі. Здаралася, што людзі запытваліся, навошта нам трэба было выходзіць. Калі такому чалавеку патлумачыў раз і ён не зразумеў, то сэнсу камунікаваць далей няма.

У Жодзіне я спачатку быў у 12-меснай камеры, а калі далі экстрэміста — у шасцімеснай: начальнік турмы даведаўся, што я былы супрацоўнік, і закінуў мяне ў адмысловую камеру, бээсную (былых супрацоўнікаў — заўв. рэд.). Яна нічым не адрознівалася ад іншых па ўмовах, хтосьці там сядзеў за палітыку, хтосьці — за хабар. Без праблем аказвалі базавую медычную дапамогу, кожны дзень дазвалялі шпацыры, прыносілі 4—5 кніжак на камеру на тыдзень. Я да зняволення зусім не чытаў, а цяпер вось пачаў.

Суд праходзіў хутка, за тры дні. Як суд — не суд, а адная назва. Не ведаю, ці слухалі майго адваката, мне здаецца, там нікога не слухалі. Пасля прысуду мне заставалася правесці ў калоніі менш за год: як у турме кажуць, на адной назе. Я думаў, што будзе нашмат больш. Псіхалагічны стан змяніўся, як я пачуў прысуд: ты ўжо нічога не чакаеш, ты ўсё ведаеш. Ведаеш, што праз пэўны тэрмін выйдзеш, прынамсі, у цябе ёсць такая надзея.

«Там шмат сапраўдных сыноў сваёй Радзімы»

— У калоніі стала больш вольна. Там ты можаш быць амаль на волі: займацца раз на дзень, знаходзіцца на вуліцы, знаёміцца з людзьмі — такімі ж палітычнымі, размаўляць з імі, выбіраць у бібліятэцы кнігі, якія хочаш, тэлефанаваць родным і нават пабачыць іх праз скайп. Можна атрымаць працяглае спатканне, але я не хацеў прасіць яго: жонкі і дзяцей у мяне няма, а бацькоў не хацеў напружваць. Але ў каго ёсць сям'я, гэтая магчымасць сустрэцца і правесці пару дзён разам — вельмі важная падтрымка.

Хаця абмежаванні таксама былі, вядома. Каб у калоніі з цябе знялі прафулік, на які паставілі ў СІЗА, трэба прахадзіць без парушэнняў год. Але ніхто не зніме з цябе «экстрэміста», таму ў першы ж дзень пасля каранціна ў атрадзе мне далі парушэнне.

І, вядома, каго хочуць «закрыць» — няма нічога складанага. Аднаго палітвязня хацелі змясціць у ШІЗА: яму далі парушэнне і адправілі на дзяжурства — чысціць умывальнікі. Ён пайшоў прыбірацца, кантралёры прыйшлі і сказалі прыбіраць туалеты, а гэта ў калоніі могуць рабіць толькі асобы з нізкім сацыяльным статусам. Вядома, палітвязень адмовіўся. А адмова выконваць патрабаванне адміністрацыі — ШІЗА. Хаця ты можаш атрымаць 4—5 парушэнні і не пайсці ў ШІЗА — усё залежыць выключна ад пажаданняў адміністрацыі. Ну, як ад пажаданняў: у яе ёсць загад зверху прэсаваць канкрэтных людзей. Напрыклад, калі пра кагосьці пісалі нешта ў інтэрнэце — адразу прыходзяць пісаць парушэнне. Але вядома, што некаторыя палітвязні ведаюць, на што ідуць, і гатовыя да такога. Там шмат сапраўдных сыноў сваёй Радзімы — тых, хто наогул не мусіць знаходзіцца ў СІЗА і калоніях. Я быў вельмі рады шмат з кім пазнаёміцца, некаторыя там аказваюць уплыў на тых, хто побач з імі. Ты ходзіш, ныеш, а чалавек з тэрмінам, які большы за твой у дзесяць разоў, трымае нос па ветры і кажа, што ўсё будзе добра. Ты бачыш, як людзі з вялікімі тэрмінамі паводзяць сябе больш годна, чым іншыя — з годам, каго ад мамкі адарвалі. А нашто ты тады выходзіў? На што спадзяваўся? Мусіў ведаць, што можа прыляцець. 

Я перанёс зняволенне, як дзіцячы лагер: гэта б так і выглядала, калі б не білі спачатку. Я не адчуваў нейкага цяжару. Перад працай у міліцыі я паўгода жыў у казарме — дык вось калонія нават не казарма, там было прасцей. Я не змяніўся: якім быў — такім і застаўся, толькі, магчыма, стаў больш жорстка ставіцца да людзей, якія падтрымліваюць рэжым. Мо таму, што ў мяне малы тэрмін быў: я проста паглядзеў, як жывуць людзі. Упэўніўся, што рабіў усё правільна, але проста трапіўся: трэба было рабіць так, каб не трапіцца.

Я вырашыў для сябе, што і сёння буду рабіць усё, каб падтрымліваць людзей: цяпер шмат камунікую з роднымі тых, хто застаўся ў зняволенні, пішу лісты, спрабую перадаваць перадачы. Для мяне людзі, з якімі я камунікаваў, — героі, якія сядзяць там, нягледзячы ні на што, і кажуць, што не будуць пісаць ніякія памілаванні. За што мы будзем прасіць прабачэнне? У мяне таксама не было ў галаве і думкі пісаць Васкрасенскаму, хаця я ведаю, што некаторыя пісалі.

Вядома, я пераймаўся, што на мяне могуць знайсці яшчэ нешта. Хваляваўся, што калі выйду — сустрэнуць за дзвярыма, нават не мог спаць два дні перад выхадам. А калі выйшаў, з'ехаў адразу, як была гатовая віза. Чаму? А што там рабіць? Пакуль я быў у турме, на маю фірму навешалі штрафаў, я дакладна разумеў, што працаваць мне там не дадуць. Грошай не было ні капейкі, каб за нешта жыць. Ды і якія там перспектывы? Плаціць падаткі, каб імі кармілі гэтых дармаедаў, я таксама не хацеў. Пабыў месяц дома, пачытаў навіны пра затрыманне — і з'ехаў. Тут я адчуваю сябе нашмат спакайней, чым у Беларусі, тым больш што кожны тыдзень да мяне дадому прыходзяць супрацоўнікі. Кажуць, будуць хадзіць, пакуль не прыеду. Але я б вярнуўся, калі б была магчымасць зрабіць гэта бяспечна. Вядома, толькі не пры гэтай уладзе.

Каментары

Цяпер чытаюць

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў15

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі можна цалкам законна прадаваць і купляць кватэры і машыны за даляры. Вось як гэта зрабіць7

«Усе мамкі, не разбіраючыся, супраць». Ціханоўскі падзякаваў мужчынам за непублічную падтрымку94

Пачобут у ЗША сустрэўся з Коўлам ФОТАФАКТ2

Сі Дзіньпін прыбыў у ЗША з трохдзённым візітам, Трамп асабіста сустрэў яго ў аэрапорце5

Навукоўцы знайшлі пах, які прымушае людзей больш траціць у сэканд-хэндах

Навукоўцы высветлілі, дзе на Зямлі найбольшыя шанцы перажыць глабальную катастрофу4

«Ён выбраў мяне сам». У Гомелі 19‑гадовая дзяўчына збірае грошы на ўласнага каня5

Беларус пасадзіў занадта шмат бульбы. Каб яна не прапала, давялося кідаць кліч у сацсетках3

Ускрыццё пацвердзіла, што актрыса Хейдэн Панецьер памерла ад перадазіроўкі наркотыкаў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў15

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць