Нямецкі дэпутат ад правай папулісцкай партыі здзейсніў тайны візіт у Беларусь
Нямецкі дэпутат ад партыі «Альтэрнатыва для Германіі» Пётр Быстран у канцы 2022 года, як мяркуецца, здзейсніў паездку ў Беларусь, утаіўшы гэты факт ад старшыні Бундэстага і грамадскасці. Афіцыйных паведамленняў з беларускага боку пра паездку таксама не было, піша Reform.by.

Быстран вядомы сваімі заявамі супраць паставак зброі Украіне і крытыкай палітыкі Шольца, а таксама Кіева, у прыватнасці, у сувязі з пазбаўленнем Віктара Медзведчука ўкраінскага грамадзянства.
Паводле інфармацыі некамерцыйнага даследчага цэнтра Correctiv і літоўскага тэлеканала LRT, для паездкі ў Беларусь ён нібыта выкарыстаў камандзіроўку ў Літву ў лістападзе 2022 года і не згадаў пра яе ў сваёй справаздачы пра паездку кіраўніку Бундэстага.
Паводле крыніцы з літоўскіх памежных улад, дэпутат ад AfD, магчыма, заехаў у Беларусь з Літвы праз Меднікі 16 лістапада і вярнуўся назад 19 лістапада. Перасячэнне мяжы было зафіксавана і на зваротным шляху, а імя кіроўцы запісана.
Літоўскія памежныя ўлады, як паведамляецца, не хочуць пацвярджаць гэта афіцыйна.
«Мы не даём ніякай інфармацыі аб перасячэнні межаў», — сказаў прадстаўнік кампаніі ў інтэрв'ю выданню Correctiv, дадаўшы, што яны будуць рабіць гэта толькі ў выключных сітуацыях у адносінах да дзяржаўных органаў.
Згодна з Correctiv, Быстран пакінуў пісьмовае пытанне без адказу. У прамой гутарцы ён не стаў ні пацвярджаць, ні абвяргаць факт паездкі.
Быстран — прадстаўнік AfD у Камітэце па замежных справах Бундэстага. Старшыня камітэта Міхаэль Рот (СДПГ) назваў згадкі аб беларускай паездцы «вельмі бянтэжачай падзеяй».
«9 лістапада 2022 года сп-р Быстран падаў заяўку на імя старшыні Бундэстага з просьбай ухваліць аднаразовую афіцыйную паездку ў Вільню/Літва з 14 да 16 лістапада 2022 года, — распавёў Рот. — Ні ў заяўцы на афіцыйную паездку, ні ў наступнай справаздачы пра паездку спадара Быстрана няма згадкі пра яго паездку ў Беларусь».
«Сустрэчы з прадстаўнікамі апазіцыі ў Беларусі дэ-факта немагчымыя», — заявіў ён. Старшыня хоча разабрацца з паведамленнямі пра сакрэтную паездку ў Камітэце па замежных справах, бо паездкі ў Беларусь не «адпавядаюць інтарэсам усяго нямецкага Бундэстага».
Дэпутат ад ХДС Радэрых Кізеветэр, таксама член Камітэта па замежных справах, лічыць паездку дэпутата ў Беларусь «сумнеўнай з пункту гледжання палітыкі бяспекі».
Намеснік старшыні Камітэта па замежных справах, член Бундэстага ад ХДС Томас Эрндль ухваліў заяўку на паездку палітыка AfD у Літву ў лістападзе.
«Калі б я ведаў у той час, што Быстран таксама плануе паездку ў Беларусь, я б не ўхваліў запыт на паездку», — сказаў Эрндль.
Ён заявіў, што адчувае сябе падманутым, і што дзеянні Быстрана неўзабаве будуць абмяркоўвацца ў парламенцкіх групах.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Эти инфильтрованные катаются как через проходной двор к своим кураторам в рашку и Беларусь.
ЕС введите наконец запрет на пересечение границы с Беларусью своих граждан!