Усяго патроху

«Усе вашы мары павінны быць узгодненыя з адміністрацыяй раёна». Як у Беларусі караюць за жарты

1 верасня быў прызнаны экстрэмісцкім папулярны тэлеграм-канал «Чай з малінавым варэннем». На яго былі падпісаныя 138 тысяч чалавек, за суткі пасля «забароны» канал прырос яшчэ пяццю тысячамі падпісчыкаў.

Па версіі сілавікоў, гумарыстычны кантэнт «быў накіраваны на абразу прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, дэстабілізацыю грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, распальванне сацыяльнай і палітычнай варожасці».

Гэта не адзіны выпадак, калі гумар становіцца падставай для рэпрэсій. «Наша Ніва» згадала іншыя гісторыі, як рэжым карае за жарты.

Забарона канцэртаў папулярнага стэндап-коміка

Папулярны комік Слава Камісаранка ў ютуб-шоу «Что было дальше?» выказаўся пра сітуацыю ў Беларусі і Лукашэнку, так узнік мем «чык-чырык».

Пасля Камісаранка распавёў, што яму забаранілі выступаць на радзіме:

«Вось што адбылося: цяпер мае канцэрты ў Беларусі забароненыя, адмянілі маё гастрольнае пасведчанне. І здаецца, я ведаю, хто паставіў адзін «дызлайк». Іранічна, што ўсім канцэрты адмяняе каранавірус, а мне — галоўны кавід-дысідэнт. Так што я цяпер не бачу сэнсу стрымлівацца».

Адмену канцэртаў у Мінску ўлады растлумачылі неадпаведным узроставым абмежаваннем, хаця яно і так было максімальным (18+). Выступы ў рэгіёнах адмянілі самі арганізатары.

Год «хатняй хіміі» за пераробленыя словы гімна

28 красавіка затрымалі 26-гадовую настаўніцу музыкі Ганну Важнік.

Прычынай стаў яе пост у твітары. У ім Ганна перарабіла пару радкоў з дзяржаўнага гімна. Пост даволі шырока разышоўся.

На Важнік завялі крымінальную справу за «здзек з дзяржаўных сімвалаў». У канцы чэрвеня ёй прысудзілі год «хатняй хіміі».

У віцебскіх комікаў зніклі з канала ролікі

Віцебскія вядучыя мерапрыемстваў Эдзік і Санёк у сакавіку 2020 года выпусцілі першы ролік у стылістыцы правінцыйныга тэлебачання.

Выкарыстанне тыповых тэлевізійных штампаў і простых людзей у якасці акцёраў рабіла ролікі вельмі праўдападобнымі.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў Эдзік і Санёк сталі рабіць ролікі і на каляпалітычныя тэмы: пратэрмінаванае галасаванне, інаўгурацыя Лукашэнкі, рэлакацыя айцішнікаў, адлічэнні студэнтаў і «Усебеларускі народны сход».

У інтэрв'ю комікі разважалі наконт магчымых рэпрэсій. Яны казалі, што імкнуцца не пераходзіць межы жартамі пра чыноўнікаў, але разумеюць, што калі нешта захочуць знайсці, то знойдуць. Па іх меркаванні, глупства — караць людзей за гумар.

Але цяпер на Ютубе знайсці ролікі немагчыма — аўтары абмежавалі доступ да іх. 

Знішчэнне «Советской Белоруссии»

Тэлеграм-канал «Советская Белоруссия» праз сатыру рэфлексаваў на бягучыя падзеі, імітуючы дзяржаўную прапаганду. Часам людзі верылі абсурдным допісам, і яны пачыналі вірусіцца па сацыяльных сетках і месенджарах, сатырычныя допісы рэпосцілі нават прапагандысты.

У канцы красавіка ў канале пачалі з’яўляцца допісы, далёкія ад сатыры, у якіх абражалі апазіцыянераў. Чытачы адразу пачалі адпісвацца. За два дні колькасць падпісчыкаў спікіравала з 30 да 13 тысяч.

Аказалася, што адмін канала быў затрыманы. Прычым за размяшчэнне карцінак нацысцкага кшталту ў іншых каналах. Падобна, што галоўнага сатырыка беларускага тэлеграма сілавікі затрымалі выпадкова.

Мужчына атрымаў 25 сутак арышту, а арыгінальная «СБ» перайшла пад кантроль іншых людзей, якія, вядома, не справіліся. Цяпер існуе другі падобны канал з такой жа назвай.

Каментары

Цяпер чытаюць

У Быхаве паставілі выродлівы помнік жанчыне. Разам са скульптурай у Касцюковічах ён можа стаць сімвалам культурнай дэградацыі Беларусі пры Лукашэнку43

У Быхаве паставілі выродлівы помнік жанчыне. Разам са скульптурай у Касцюковічах ён можа стаць сімвалам культурнай дэградацыі Беларусі пры Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

На баку Расіі ў вайне загінулі мінімум 394 тысячы чалавек — «Кіберпартызаны»20

Сталініста Драбышэўскага выгналі з Камуністычнай партыі Беларусі11

Лукашэнка сказаў, што ў яго няма сяброў23

Зборныя Беларусі па хакеі не дапусцілі да чэмпіянатаў свету ў 2027 годзе7

«Яшчэ нічога не патраціў». Бяляцкі расказаў, на што патраціць грошы ад Нобелеўскай прэміі міру7

На мінскай Камароўцы ўпалі цэны: бананы каштуюць 1,9 рубля, мандарыны — 3,9

З ютуба выдаленыя два чарговыя стрымы Ціханоўскага21

Легендарны хакеіст з беларускімі каранямі Грэцкі падтрымаў адмову Канады выдаваць візы расійскім хакеістам

Па тэлевізары паказалі, як Баскаў падарыў заплечнікі шматдзетнай сям’і. А пра іх дом за $1,8 мільёна прамаўчалі14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Быхаве паставілі выродлівы помнік жанчыне. Разам са скульптурай у Касцюковічах ён можа стаць сімвалам культурнай дэградацыі Беларусі пры Лукашэнку43

У Быхаве паставілі выродлівы помнік жанчыне. Разам са скульптурай у Касцюковічах ён можа стаць сімвалам культурнай дэградацыі Беларусі пры Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць