Уладзімір Замяталін, які памёр 7 ліпеня ва ўзросце 71 года, на выбарах 1994 года быў у камандзе прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча. Ужо потым ён сышоў да Аляксандра Лукашэнкі.
Вячаслаў Кебіч даведаўся пра смерць Замяталіна ад «Нашай Нівы».

Вячаслаў Кебіч: Колькі яму гадоў было?
«НН»: 71 год.
ВК: Рана сыходзіць, вельмі рана… Ён стараўся, рабіў усё, што ад яго патрабавалася. У яго атрымлівалася шмат што, але былі такія часы, калі нават дзе і памыліўся, то не трэба яго за гэта дакараць. Магу сказаць пра яго толькі добрае: руплівы і граматны чалавек быў.
Так, гэта ён прыдумваў хады для маёй перадвыбарчай кампаніі. Было такое. Гэта ён запусціў калісьці «качку», што Лукашэнка скраў фен у сцюардэсы. Але сёння я б не хацеў пра гэта доўга казаць.
Перад тым, як пайсці ў іншую каманду, ён прыйшоў да мяне і спытаў дазволу, гэта робіць яму гонар. Ён спытаў: «Вы не будзеце супраць, калі я сыйду?» Я ж разумеў, што жыць трэба. А то некаторыя не проста кідалі, але яшчэ і брахаць пачыналі.
«НН»: Ці любіў ён Беларусь? Аляксандр Фядута кажа, што так і не змог палюбіць Беларусь, бо яго радзімай быў СССР.
Вячаслаў Кебіч: Бадай што я згаджуся з Фядутам.
***
Што за гісторыя была з фенам?
У 1994 годзе ў разгар прэзідэнцкай кампаніі на экранах тэлебачання з’явіўся ролік, у якім кандыдата Лукашэнку абвінавачвалі ў крадзяжы фена ў сцюардэсы.
Сам Лукашэнка на гэта адказваў: «Навошта мне фен? Я ж лысы!» Але «чорны піяр» не спрацаваў, людзі не паверылі ўсяму гэтаму.
Дэпутат Вярхоўнага Савету ад Апазіцыі БНФ Сяргей Навумчык сцвярджае, што гісторыя з фенам сапраўды была. У 1992 годзе група чыноўнікаў, а таксама дэпутатаў Вярхоўнага Савета лятала ў Кітай. Прычым не ўрадавым самалётам.
Сцюардэса паскардзілася Кебічу, што ў яе прапаў фен. Тады прэм’ер-міністр загадаў праверыць кожны багаж, пачынаючы са свайго, і нібыта фен знайшоўся ў валізе Лукашэнкі. Але сам дэпутат Лукашэнка сказаў, што гэта атрымалася выпадкова, таму ніякіх наступстваў гэта не мела.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары