З Масквы. Блог Алеся Чайчыца3434

Нешта цікавае адбываецца ў Беларусі

Пятая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі адбылася ў іншых умовах, чым усе папярэднія: надзеі на перамены застаюцца. Піша Алесь Чайчыц.

president.gov.by

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году зь Беларусьсю ўсё было зразумела і проста: закручваньне гаек, пагром апазыцыі, адкат у стасунках з Захадам, павялічэньне залежнасьці ад Масквы. Да самога 19 сьнежня 2010 г. захоўвалася інтрыга, ці раптам выбары пройдуць ціха і «адліга» працягнецца далей. На раніцу 20 сьнежня ніякай інтрыгі больш не было.

У 2015 годзе сытуацыя іншая: нявызначанасьць, а значыць і небезнадзейнасьць, пасьля выбараў ня зьнікла, нягледзячы на тое, што афіцыйныя «вынікі галасаваньня» былі тымі самымі.

Дзяржаўныя чыноўнікі дэманструюць поўную адэкватнасьць разуменьня эканамічнай сытуацыі. Дырэктар Інстытуту гісторыі НАН Беларусі (пасутнасьці, галоўны афіцыйны гісторык у краіне), агучвае нацыянальную беларускую пазыцыю што да спадчыны Вялікага Княства Літоўскага. Амэрыканскія пасланьнікі вядуць «вельмі прадуктыўныя» перамовы ў Менску з афіцыйнымі ўладамі.

Дый нават абвешчаную на 2016 год дэнамінацыю і вяртаньне, упершыню з часоў ВКЛ, у абарот уласных беларускіх манэтаў таксама можна разглядаць як важны станоўчы «дзяржавабудаўнічы» сыгнал. Манэты — гэта, апроч невэрбальнага абяцаньня падтрымліваць у агляднай пэрспэктыве стабільнасьць валюты, важны сымбалічны, псыхалягічны момант. Валюта ў яе побытавым выглядзе перастае быць проста друкаванымі паперкамі. Мэталёвы, салідны, «дарослы» беларускі рубель, які можна будзе патрымаць у руках — гэта ў іміджавым пляне немалаважная падзея для беларускай валюты і для беларускай дзяржаўнасьці, увасабленьнем якой гэтая валюта зьяўляецца.

Мала зьвязаныя паміж сабою навіны, розныя па сваёй важнасьці, несувымерныя па сваёй сымбалічнасьці альбо канкрэтнасьці, пазначаюць цікавы агульны трэнд: прэзыдэнцкімі выбарамі для Беларусі пэрыяд надзеяў на лепшае ня скончыўся.

Адліга — гэта дынамічная сытуацыя, калі нішто не стаіць на месцы і калі варта не губляць надзеяў на лепшае.

Часовае зьмякчэньне эканамічных і асабістых санкцыяў Захаду супраць рэжыму — гэта ня толькі аванс цяперашнім уладам. Гэта таксама і зьяўленьне патэнцыйнага новага «бізуна» ў выглядзе вяртаньня гэтых самых санкцый.

Усім выгадна, каб санкцый не было, каб у Беларусі была стабільнасьць і парадак і каб у рамках гэтых стабільнасьці й парадку Беларусь мадэрнізавала сваю палітычную і эканамічную сыстэму.

Пры гэтым зразумела, што менскім уладам ня хочацца дэмакратызацыі. Але ўладам нявыгадна і аднаўляць рэпрэсіі па палітычных матывах.

З другога боку, Захаду ня хочацца рабіць А. Лукашэнку «рукападатным» без рэальнага дэмакратычнага прагрэсу ў Беларусі. Але маючы канфлікт з Расеяй, Захаду нявыгадна і канфрантаваць з афіцыйным Менскам.

Пры гэтым, адначасова і афіцыйнаму Менску, і Захаду ня хочацца паглыбляць залежнасьць Беларусі ад Расеі. Але афіцыйнаму Менску ня хочацца і правакаваць радыкальныя рэваншысцкія колы ў расейскім кіраўніцтве на агрэсіўныя дзеяньні супраць Беларусі. А значыцца, што ў тым ліку і кропкавыя паказальныя атакі, як супраць стваральніка нашумелага сайту 1863x.com, будуць працягвацца.

Пазьбегнуць пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў краіне — прынамсі ў гэтым зацікаўленыя ўсе.

У такой сытуацыі ад беларускіх дэмакратычных сілаў пачынае залежаць больш, чым раней.

Акцыя памяці ахвяраў савецкіх рэпрэсій перад будынкам КГБ 29 кастрычніка прайшла мірна — гэта важны знак таго, што апазыцыя магла б надалей актыўна дзейнічаць як на вуліцы, так і па-за ёю. 

Захад, Расея і афіцыйны Менск вядуць зацяглыя пазыцыйныя баі, а беларуская апазыцыя можа быць больш гнуткай, больш «дывэрсыфікаванай» і здольнай да манэўраў сецявой структурай.

Беларускай апазыцыі патрэбныя як радыкальныя «злыя паліцыянты», так і памяркоўныя «добрыя паліцыянты».

60% насельніцтва настроеныя або адкрыта апазіцыйна, або на «мірныя перамены». У такіх умовах ёсьць месца і тых, чыя тактыка памяркоўная, і прыхільнікам цьвёрдай пазыцыі.

Беларусь павінна рабіць сваю палітыку і эканоміку больш інклюзіўнымі: скіраванымі на мабілізацыю эканамічнага патэнцыялу беларускага насельніцтва і на больш актыўнае ўключэньне ўсіх грамадзкіх сілаў у фармаваньне дзяржаўнай палітыкі.

Сусьветны пасьпяховы вопыт ад Нямеччыны да Кітаю дэманструе: мабілізаваць эканамічны патэнцыял грамадзтва можна не камандна-адміністратыўнымі мэтадамі, а толькі «зялёным сьвятлом» прыватнаму прадпрымальніцтву. А гэта немагчыма без агульнага пашырэньня дыялёгу ўлады з грамадзтвам і без агульнага «размарожваньня» грамадзкіх свабодаў у краіне — якое можа быць і паступовым, але якое застаецца жыцьцёва неабходным з пункту гледжаньня нацыянальных інтарэсаў Беларусі.

Парлямэнцкія выбары 2016 г. застаюцца наступным «майлстоўнам», наступным «справаздачным» пунктам, у якім канкрэтна і адназначна можна будзе зафіксаваць рэальны дэмакратычны прагрэс у краіне адказам на простае пытаньне: ці зьявіцца, нарэшце, апазыцыйная фракцыя ў беларускім парлямэнце. 

Каментары34

Цяпер чытаюць

Калеснікава: Я не разумею, чаму Еўропа не пачала перамовы з Лукашэнкам раней за ЗША7

Калеснікава: Я не разумею, чаму Еўропа не пачала перамовы з Лукашэнкам раней за ЗША

Усе навіны →
Усе навіны

Вытворцы пачалі гонку за стварэнне новага рэактыўнага рухавіка для самалёта — з адкрытым вентылятарам2

У Смалявічах дзяўчынка ўпала ў адкрыты люк. Сяброўка кінулася на дапамогу — і ўпала ў іншы1

Рэдкі амерыканскі аўтамабіль спрабуюць прадаць з аўкцыёну ў Гомелі. Ім валодае дзяржаўная арганізацыя1

У Мінску актыўна абжываюцца бабры. Чаго ад іх больш — карысці ці шкоды?5

У Мінску пабудуюць цэнтры для экстраннай медыцынскай дапамогі

Калядная крама, якую закрылі па даносе прапагандыстаў, адкрылася зноў. Але шары ў ёй ужо іншыя21

Беларускі брамнік выйшаў гуляць у матчы НХЛ і прапусціў тры шайбы пасля трох кідкоў1

Заснежаныя вёскі, песні, народная набожнасць. Ксёндз з Дзятлава ходзіць у сваёй парафіі «па Калядзе»2

У Іране афіцыйна прызналі, што падчас задушэння пратэстаў загінулі тысячы людзей8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Калеснікава: Я не разумею, чаму Еўропа не пачала перамовы з Лукашэнкам раней за ЗША7

Калеснікава: Я не разумею, чаму Еўропа не пачала перамовы з Лукашэнкам раней за ЗША

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць