Грамадства3939

12-гадовы хлопчык з Жодзіна паступіў у медыцынскі універсітэт

Юны жодзінец Цімур Сушко стаў сапраўднай сенсацыяй уступнай кампаніі гэтага лета. Яшчэ б: у 12 гадоў скончыць школу і паступіць у Беларускі дзяржаўны медыцынскі універсітэт!

Самае дзіўнае, што на выдатных вынікаў ён дамогся і ў плаванні — у яго спартыўным арсенале больш за 125 медалёў і 30 кубкаў, атрыманых на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. У чым сакрэт такіх поспехаў, якія новыя вяршыні ён збіраецца заваяваць? Пра гэта Цімур Сушко распавёў газеце «7 дзён».

— Твае выбітныя здольнасці пачалі выяўляцца вельмі рана. У год ужо добра размаўляў, у два — навучыўся чытаць, у пяць — пайшоў у школу. Быць асаблівым — гэта шчасце або выпрабаванне? Як ўспрымаеш пастаянную павышаную ўвагу да сябе?

— Ніколі не бачыў у гэтым нічога асаблівага — я проста жыву, мне падабаецца такі рытм жыцця. Думаю, большасць дзяцей на гэта здольныя, толькі трэба крыху больш часу надаваць вучобе і спорту, умець засяроджвацца на галоўным, і тады часу і на забаўкі будзе дастаткова. Асаблівай увагі да сябе не адчуваю — на спаборніцтвах ніякіх прывілеяў няма, пры здачы экзаменаў таксама ўсё як ва ўсіх. Зорнай хваробы ніколі не было, ніколі не адрываюся ад зямлі — гэта могуць пацвердзіць ўсе людзі, якія ведаюць мяне асабіста.

— Паколькі ты пастаянна «перарастаў» школьную праграму, разлічаную на вучняў твайго ўзросту, вучыцца прыходзілася з аднакласнікамі, якія былі старэйшы за цябе. Не складана было знаходзіць з імі агульную мову?

— З другога па пяты клас я вучыўся з аднакласнікамі, старэйшымі за мяне на 2—3 гады. Спачатку прыйшлося пазмагацца з лідарамі класа — але гэта было тыдні з два ў другім класе. Потым, калі мой аўтарытэт усталяваўся, ужо ніхто не заўважаў, што я маладзейшы. Тым больш што ростам і целаскладам я не адрозніваўся ад аднакласнікаў. Пасля пятага класа я пераскочыў ў сёмы, з сёмага ў дзявяты, з дзявятага ў адзінаццаты. З сёмага класа быў на індывідуальным навучанні, г.зн. займаўся дома, здаваў іспыты раз на чвэрць і з аднакласнікамі сустракаўся вельмі рэдка. А ў камандзе ў нас спартсмены ад 7 гадоў да 16-ці, з усімі знаходжу агульную мову, бо мы робім адну справу — абараняем гонар каманды і краіны на спаборніцтвах, а гэта вельмі гуртуе.

— Раскажы, як ты прыйшоў у спорт? Ці плануеш працягваць трэніроўкі, стаўшы студэнтам?

— Як і большасць спартсменаў, у секцыю плавання мяне прывялі бацькі. Від спорту быў абраны не выпадкова: ужо з года я кожны дзень плаваў у ванне па некалькі гадзін. Сістэмныя заняткі спортам прышчапілі мне такія патрэбныя кожнаму чалавеку якасці, як сабранасць, адказнасць, працаздольнасць, мэтанакіраванасць. Пастаянны ўдзел у спаборніцтвах навучыў змагацца да перамогі, выкладвацца для дасягнення пастаўленай мэты на сто адсоткаў. Я лічу, што менавіта прафесійныя заняткі плаваннем шмат у чым паспрыялі маім поспехам у вучобе.

Так што, стаўшы студэнтам БДМУ, я буду займацца плаваннем з падвоенай энергіяй. Бо Алімпіяда ў Токіо — 2020 ўжо не за гарамі, і я спадзяюся, што на той час змагу змагацца з лепшымі брасістамі свету за перамогу. Упэўнены, мае заняткі спортам у перыяд вучобы ў БДМУ дадуць дадатковую энергію для асваення нялёгкай праграмы медыцынскага універсітэта.

— Як перспектыўны спартсмен, ты праходзіў ДНК-тэставанне. Раскажы, што сказалі генетыкі?

— Так, я праходзіў генетычную экспертызу індывідуальных асаблівасцяў чалавека ў Інстытуце генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Калі даслоўна, то ў заключэнні было сказана наступнае:

«У генатыпе спартсмена прысутнічаюць важныя рэдкія варыянты генаў, патрэбныя для дасягнення высокіх спартыўных вынікаў».

У іх ліку — генатып A/A па гену MB, вельмі рэдкі генатып, які забяспечвае назапашванне малекулярнага кіслароду і перадачу яго акісляльным сістэмам клетак; генатып R/R гена ACTN3, які сведчыць аб хуткасна-сілавых здольнасцях чалавека; генатып 4b/4b па гену eNOS, асацыяваны з праявай трываласці і гэтак далей. Вядома, прыемна ўсведамляць, што я атрымаў у спадчыну добры генетычны код. Але на адны гены ніколі не спадзяваўся. Высокія вынікі ў плаванні могуць быць дасягнуты толькі прафесійным, сістэмным падыходам да трэніровак і спаборніцтваў. Менавіта секундамер заўсёды вызначыць твой ўзровень падрыхтоўкі, якія б генетычныя тэсты ты ні праходзіў.

— Выбіраючы будучую прафесію, чым ты кіраваўся? Чаму медыцына?

— Мне з самага ранняга дзяцінства хацелася быць карысным свету і людзям. Я ўпэўнены, што стаўшы доктарам, змагу ўвасобіць у жыццё сваю мару. Мне вельмі падабаецца біялогія, асабліва анатомія чалавека, і хімія. Доўгімі гадзінамі магу вывучаць стан чалавечага цела, чытаць пра дасягненні медыцынскай навукі, новыя метады лячэння хвароб.

Усведамленне таго, што людзі паміраюць, падштурхнула мяне да выбару далейшай прафесіі. Я вырашыў стаць лекарам і вынайсці эліксір вечнай маладосці, каб людзі на Зямлі жылі доўга і не хварэлі.

Веру ў тое, што змагу вынайсці лекі ад невылечных хвароб і новыя метады іх лячэння, якія выратуюць жыццё многім. Буду старацца рабіць усё магчымае, каб усім, хто звярнуўся да мяне па дапамогу, было добра і спакойна за сябе і сваіх блізкіх. Мару праз усё сваё жыццё пранесці словы клятвы Гіпакрата: «У які бы дом я ні ўвайшоў, я ўвайду туды для карысці хворага».

— Наколькі складанай аказалася для цябе ўступная кампанія?

— Падрыхтавацца да ЦТ мне дапамаглі перш за ўсё веды, атрыманыя ў школе. Акрамя таго, дадаткова па хіміі і біялогіі я займаўся з выкладчыкамі вельмі высокага ўзроўню. Так што да тэставання падышоў з добрым багажом ведаў. Экзамены ЦТ я б не назваў складанымі, наадварот, яны мне здаліся прасцей за заданне на рэпетыцыйным тэставанні. Аднак гэта адчуванне прастаты з некаторымі маімі знаёмымі адыграла злы жарт. Таму раю будучым абітурыентам ні ў якім разе не расслабляцца падчас ЦТ.

— Як лічыш, без каго твае такія дзіўныя поспехі ў вучобе і спорце былі б немагчымыя?

— У першую чаргу, без маіх любімых бацькоў, якія з ранняга дзяцінства дапамагаюць мне ў пераадоленні ўсіх цяжкасцяў. Без іх парад і падтрымкі мае поспехі былі б нашмат сціплейшымі. Яны не толькі мае бацькі, але і сапраўдныя сябры.

Я вельмі ўдзячны дырэктару СШ № 8 г. Жодзіна Віктару Іванавічу Харошку і ўсім педагогам школы, якія далі мне пуцёўку ў жыццё. Персанальна дзякую Людміле Сцяпанаўне Шабашовай, дырэктару Цэнтра паскоранага навучання г. Мінска, якая не толькі перадавала мне глыбокія веды, але і зараджала сваёй невычэрпнай энергіяй. І, вядома, выдатным педагогам, якія паверылі ў мяне і дапамаглі належным чынам падрыхтавацца да ЦТ.

Вельмі адметную ролю ў маім станаўленні адыгралі мае трэнеры па плаванні — Вольга Аляксандраўна Прус і Ігар Станіслававіч Нежанец. Гэта сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, якія навучылі мяне ставіць канкрэтныя задачы і перамагаць.

Каментары39

Цяпер чытаюць

Расіянка расказвала пра глыбінную моц Лукашэнкі — цяпер яна ў слязах з'язджае з Беларусі18

Расіянка расказвала пра глыбінную моц Лукашэнкі — цяпер яна ў слязах з'язджае з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп заклікаў жыхароў Тэгерана неадкладна эвакуявацца

У Кіеве пасля расійскага ўдару абрынуўся пад'езд дома: 14 загінулых6

Беларусы ставяць адну зорку дзіцячаму цэнтру, які трапіў у скандал з беларускай мовай13

Нетаньяху выказаўся адносна магчымага забойства вярхоўнага лідара Ірана5

Трамп заявіў, што Пуцін не пачаў бы вайну, каб Расію не выключылі з «Вялікай васьмёркі»12

У Віцебску двухгадовы хлопчык упаў з дзясятага паверха

Паліна з Салігорска набрала 400 балаў на экзаменах. Вось куды яна будзе паступаць8

У Кіраўску брат забіў сястру, хочучы абараніць яе ад мужчын са сваіх галюцынацый

На Заслаўскім замку спрабуюць раскрыць таямніцу падземнага ходу2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіянка расказвала пра глыбінную моц Лукашэнкі — цяпер яна ў слязах з'язджае з Беларусі18

Расіянка расказвала пра глыбінную моц Лукашэнкі — цяпер яна ў слязах з'язджае з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць