Архіў

Андрусь Белавокі. Паралельнае сьвята

№ 37 (194), 11 — 18 верасьня 2000 г.


 

Паралельнае сьвята

 

8—11 верасьня ў менскім клюбе PALL MALL прайшоў другі міжнародны фэстываль пэрфомансу «Навінкі-2000». Сярод больш чым 30 удзельнікаў былі пэрфомэры зь Беларусі, Польшчы, Літвы, Чэхіі, Швэцыі, Нямеччыны, Ірляндыі, Гішпаніі, Фінляндыі і Японіі.

Фэст застаўся адной з галоўных арт-падзеяў сэзону, аднак шмат страціў у параўнаньні зь леташнім. Арганізатары «Навінак» зь незалежнай «Асацыяцыі сучаснага мастацтва» імкнуліся да абнаўленьня складу ўдзельнікаў і адкрыцьця новых імёнаў, у першую чаргу сярод беларусаў, аднак гэта ня лепшым чынам адбілася на якасьці фэстывалю. Напрыклад, Алесь Пушкін вымушаны быў паказваць свой пэрфоманс ня ў рамках фэстывалю, а на сьвяце на Крапівенскім полі, што прайшло ў ноч з 9 на 10 верасьня, у прысутнасьці чатырох дзясяткаў байцоў «Краю» і пары соцень гасьцёў.

Фэстываль наведала нашмат менш гледачоў, чым летась, а многія беларускія пэрфомэры выглядалі досыць слаба ў параўнаньні са сваімі замежнымі калегамі. Былі яны збольшага бляклыя, ціхія, сумныя, прынцыпова новых ідэяў выказалі мала (у тым ліку і Аляксей Іваноў у «Паралельным сьвяце», і Арцём Рыбчынскі ў «Interaction» — ягоны пэрфоманс уяўляў сабой хутчэй інсталяцыю ў складзе ягонага цела і накрытых чорным палатном лямпаў), тэхнічная непадрыхтаванасьць (Дзяніс Раманоўскі). Вядома таксама, што пэрфоманс — мастацтва касмапалітычнае, чаму ж тады амаль усе беларусы праводзілі свае пэрфомансы па-расейску?

Адзін зь лепшых беларускіх пэрфомансаў — па настроі, па якасьці выкананьня, па ідэі, — як гэта ні парадаксальна, паказалі дзеці, Яўгенія Трухан і Каця Шагойка (адной прыкладна 5, другой — 10 гадоў), прынамсі шчыры. Таксама варта адзначыць выступы Віктара Пятрова, які перанасыціў свой перформанс сэнсамі і вобразамі, і Аляксея Лунёва «Sie liebte Arbeit», бадай адзіны беларускі пэрфоманс з пазытыўным настроем. Лявон Вольскі ня змог выступіць на фэсьце — «з-за сваёй занятасьці», афіцыйная фармулёўка.

З замежнікаў можна адзначыць выступ швэдак Элізабэт Карлсан i Ганны-Карын Ларсэн «Klattertanterna» (што можна аддалена перакласьці з швэдзкай мовы як «кабета»), якія прэзэнтавалі пародыю на сучасную жанчыну, што ў разуменьні швэдак уяўляе камічны сымбіёз чалавека і птушкі. Таксама цікава глядзеўся інтэрактыўны пэрфоманс «Жывыя-мёртвыя» літоўцаў Гедымінаса Актынаса i Дзугаса Катынаса. Яны спрабавалі пераўтварыць каля 30 звычайных («мёртвых») батонаў у «жывыя» шляхам напаўненьня іх «Кока-колай» праз кропельніцы. Дзея павінна была цягнуцца некалькі гадзінаў, аднак нецярплівыя гледачы дапамаглі «ажыўленьню», разабраўшы колу і батоны. Як сказаў пэрфомэр Ноэль Малой з Ірляндыі, у параўнаньні зь леташнім сёлетняму фэстывалю не стае дынамічнасьці і інтэнсыўнасьці, унутрана ўласьцівых гэтаму жанру. Таму застаецца спадзявацца, што ў наступным годзе ўнутраныя праблемы Асацыяцыі сучаснага мастацтва вырашацца, і «Навінкі-2001» зноў стануць усебеларускім сьвятам беларускага пэрфомансу.

Андрусь Белавокі


Каментары

Цяпер чытаюць

«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?2

«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

Апытанні перад выбарамі ў Каардынацыйную раду паказваюць, што Латушка захаваў найвышэйшы давер грамадства87

Цячэ вада ў ярок. На бяду, у Лагойску тая вада — каналізацыя

«Прагрэсіўная Балгарыя» ўчыстую перамагла на выбарах. Генерал Радзеў супакойвае: Працягнем еўрапейскі шлях, але крытычна8

Разведка Швецыі: Эканоміка Расіі на мяжы найглыбейшага крызісу. Няясна, ці Пуціну пра гэта кажуць23

Аднаго чалавека на ўездзе ў Беларусь аштрафавалі за адзенне, другога — за абутак

Беларусы Варшавы запісалі праваслаўную літургію на роднай мове

Форвард хакейнага «Дынама-Мінск» хоча, каб заробак яму паднялі да мільёна даляраў за год. Два іншыя ўжо атрымліваюць амаль столькі5

Статкевіч заклікаў беларусаў не маліцца на мове РПЦ і пісаць на помніках па-беларуску45

«Рэактыўны шахед урэзаўся ў мой дом». Расіяне спрабавалі кропкавым ударам забіць дарадцу міністра абароны Украіны, спецыяліста па радыётэхналогіях3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?2

«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць