Развіццё роварнай інфраструктуры ў Мінску адбываецца паэтапна ў рамках Канцэпцыі развіцця веласіпеднага руху да 2030 года. Згодна з ёй, да 2030 года ў горадзе плануецца стварыць да 380 кіламетраў асноўных веламаршрутаў.
Адным з найбуйнейшых праектаў стане стварэнне сучаснай веласіпеднай інфраструктуры ў шматфункцыянальным комплексе «Паўночны бераг», піша Onliner.by.
Праект створыць новы маршрут у паўночнай частцы Мінска і злучыць дзве галоўныя веласіпедныя магістралі:
- веламаршрут уздоўж ракі Свіслач — ад Чыжоўскага вадасховішча да Мінскага мора, а таксама веламаршруты вакол Цнянскага вадасховішча;
- перспектыўную магістральную веладарожку ўздоўж Сляпянскай воднай сістэмы.

Комплекс «Паўночны бераг» размешчаны паміж дзвюма найбуйнейшымі прыроднымі зонамі Мінска — Драздамі і Цнянкай.
У выніку з'явіцца бесперапынны веласіпедны маршрут, які злучыць:
Мінскае мора — Дразды — «Паўночны бераг» — парк Дружбы народаў — Нацыянальную бібліятэку — Сляпянскую водную сістэму — Чыжоўскае вадасховішча.

Праект прадугледжвае стварэнне паўнавартаснай гарадской роварнай сеткі: веламаршрутаў у існуючай і праектаванай частках «ЛэйкСайд Парка», выдзеленых веладарожак уздоўж гарадскіх вуліц комплексу «Паўночны бераг», унутрыквартальных велабульвараў, велапарковак і велабоксаў.

Пасля завяршэння будаўніцтва тут з'явіцца каля 20 тысяч веламесцаў у сучасных велабоксах і больш за 24 кіламетры унутрыквартальных веламаршрутаў.
Канцэпцыя развіцця тэрыторыі прадугледжвае захаванне існуючых прыродных ландшафтаў, стварэнне зялёных калідораў, лінейных паркаў і бульвараў, а таксама працяг ужо існуючых рэкрэацыйных веламаршрутаў праз новую гарадскую прастору.
Праект будзе рэалізаваны ў два этапы.
Каментары